«Семья без насилия», «Дом без насилия»

Дзеці — наша будучыня. Лозунг савецкіх часін не стаў менш актуальным у наш час. Сённяшнія школьнікі — заўтрашнія будаўнікі сваёй краіны, вобразна кажучы, кавалі ўласнага шчасця. І мы, дарослыя, у вялікай адказнасці перад імі. У сям’і, першаснай ячэйцы грамадства, закладваюцца асновы будучай асобы, грамадзяніна, патрыёта, прадаўжальніка слаўных традыцый беларускага народа. А далей ланцужок гарманізацыі асобы фарміруецца ў дашкольных і школьных установах, самім грамадстве. І наколькі трывалы і мэтаскіраваны гэты ланцужок? Пра гэта гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Азаронкам.
— Сістэма работы па абароне правоў дзяцей звязвае разам усе суб’екты прафілактыкі сямейнага недабрабыту і патрабуе выканання кожным сваіх функцыянальных абавязкаў, вызначаных прававымі актамі. Упаўнаважанымі органамі і ўстановамі арганізавана і праводзіцца значная работа па рэалізацыі мер дзяржаўнай абароны дзяцей у няўдалых сем’ях. Міжведамаснае ўзаемадзеянне і кантроль за выкананнем Дэкрэта забяспечвае каардынацыйны савет, на якім разглядаюцца пытанні, якія патрабуюць аператыўнага рашэння. За бягучы перыяд праведзена 3 пасяджэнні, разгледжана шэсць пытанняў. Мэта — выпрацоўка і ажыццяўленне ўзгодненых мерапрыемстваў, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у няўдалых сем’ях.
— Мне як члену райвыканкама, добра вядома, што пытанні рэалізацыі Дэкрэта на Лепельшчыне вырашаюцца аператыўна. Перад службамі ставяцца канкрэтныя задачы. На маю думку, Віктар Уладзіміравіч, ключавая задача па змяншэнні сацыяльнага сіроцтва менавіта ў прафілактычным патэнцыяле, арыентацыі на ранняе выяўленне сямейнага недабрабыту…
— Правільная пазіцыя. Вядучую ролю ў выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, выконваюць ўстановы адукацыі. На першага лістапада ў раённым банку даных налічваецца 5815 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, у тым ліку 3161 дзіця з’яўляецца навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 1258 — выхаванцы дашкольных устаноў і дашкольных груп, 816 — з’яўляюцца неарганізаванымі дашкольнікамі і выхоўваюцца дома, 580 дзяцей навучаюцца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі альбо працаўладкаваны.
Для ранняга выяўлення сямейнага недабрабыту класнымі кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі двойчы ў год абследуюцца ўмовы пражывання і выхавання навучэнцаў. За дзесяць месяцаў прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы 153 дзіцяці з 87 сем’яў. Знятыя з уліку адпаведна 152 з 89.
Своечасоваму выяўленню спрыяюць таксама акцыі «Сям’я без насілля», «Дом без насілля», рэйды «Сям’я», «Падлетак» і інш. Штотыдзень праводзіцца абследаванне ўмоў пражывання дзяцей у шматдзетных, малазабяспечаных і няўдалых сем’ях.
— І тут, Віктар Уладзіміравіч, заканамерна паўстае пытанне эфектыўнасці высілкаў суб’ектаў прафілактыкі. Інакш без бачнага руху да акрэсленай мэты любая справа губляе сваю вастрыню і актуальнасць…
— Вынік відавочны — адсутнасць фактаў экстраннага адабрання дзяцей з сем’яў.
— Гэта, несумненна, радуе. Наколькі мне вядома, вы рабілі дэталёвы аналіз праблемы. Тады адкажыце, якія асноўныя складнікі ўзнікнення сацыяльнага сіроцтва?
— Амерыкі, вядома не адкрыю. Прычыны вядомыя: п’янства бацькоў, іх нежаданне працаваць, сямейныя скандалы, цяжкае матэрыяльнае становішча.
— На Лепельшчыне праводзіцца шматаспектная міжведамасная праца па ліквідацыі прычын сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх у рамках выканання індывідуальных планаў абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Наколькі яна выніковая?
— Наладжана лячэнне бацькоў ад алкагольнай залежнасці, працаўладкаванне, дапамога ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку рамонце жылога памяшкання, пячнога ацяплення, электраправодкі, устанаўленне АПА і інш. Толькі сёлета аказана дапамога ў працаўладкаванні 17 бацькам, у паляпшэнні жыллёвых умоў — 5 сем’ям, у рамонце жылога памяшкання — 6, электраправодкі — 3, пячнога ацяплення — 2, устаноўцы АПА — 3 сем’ям. Прайшлі стацыянарнае лячэнне ад алкагалізму 5 бацькоў, закадаваліся 24.
— Віктар Уладзіміравіч, кіраўнік нашай дзяржавы патрабуе вывесці падлеткаў і моладзь з вуліц і загрузіць іх карыснымі справамі, каб не было вольнай хвіліны думаць пра наркотыкі, алкаголь і здзяйсненне злачынных дзеянняў. Вольны час павінен таксама быць пад пільным кантролем. Інакш да бяды адзін крок…
112— У нас створана выхаваўча-адукацыйная інфраструктура для дзяцей. Мы пераарыентавалі працу спартыўных аб’ектаў на максімальную загрузку ў вячэрні, пазаўрочны час, у канікулярны перыяд. Абсталяваны адкрытыя спартыўныя пляцоўкі ў месцах пражывання грамадзян. З сёлетняга верасня на базе ўстаноў адукацыі функцыянуе 108 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх занята 1505 навучэнцаў. У ДУДА «Лепельскі цэнтр дзяцей і моладзі» функцыянуе 155 груп аб’яднанняў па інтарэсах з ахопам 1642 чалавек (52% ад агульнай колькасці дзяцей раёна). У шосты школьны дзень адкрыта 66 груп, якія наведвае 822 дзіцяці, у вячэрні час працуе 15 груп з ахопам 166 вучняў.
— Сапраўды, статыстыка ўражвае. Ды нездарма кажуць, што ў здаровым целе- здаровы дух. Мудрае выказванне. Неаспрэчнае. Маю на ўвазе перш за ўсё аздараўленне падрастаючага пакалення…
— Разумею. У аздараўленчых лагерах за летні перыяд 2016 года было аздароўлена 1127 навучэнцаў. Планавыя заданні па летнім аздараўленні дзяцей у раёне выкананы на 104 працэнты.
Не менш уважліва ставімся да арганізацыі аздараўлення і працоўнай занятасці дзяцей, якія маюць патрэбу ў павышанай увазе. Згодна з рашэннем Лепельскага райвыканкама №430 «Аб арганізацыі аздараўлення, выхаваўчага працэсу і занятасці дзяцей у аздараўленчых лагерах у летні перыяд 2016 года» з мясцовага бюджэту было выдзелена 20496 рублёў на даплату да поўнага кошту пуцёўкі дзецям-сіротам і дзецям, пакінутым без апекі бацькоў, дзецям-інвалідам, дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. У летні перыяд прайшлі аздараўленне 63 дзіцяці-сіраты і дзіцяці, якія знаходзяцца пад апекай, пры тым некаторыя з іх адпачывалі ў лагеры дзве змены, 9 дзяцей-інвалідаў, 184 дзіцяці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.
Рознымі формамі працоўнай дзейнасці былі ахоплены 37 дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і 6 грамадзян, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аказвалася садзейнічанне ў працаўладкаванні непаўналетніх у вольны ад вучобы час. З гэтай мэтай была арганізавана часовая працоўная занятасць 100 навучэнцаў усіх тыпаў устаноў адукацыі, на гэтыя мэты выдаткавана 46823,06 рубля.
— У нашым рэгіёне прыхільна сустрэта валанцёрская ініцыятыва. Распавядзіце хаця б пункцірна і пра названы аспект паўсядзённай дзейнасці…
— Сакрэта тут аніякага няма. Пры Лепельскім РК ГА «БРСМ» было створана 8 валанцёрскіх атрадаў агульнай колькасцю 142 чалавекі, з іх непаўналетніх — 132. З мая па верасень падлеткі добраўпарадкоўвалі тэрыторыі Камсамольскага парку, берага возера Бобрыца, прыдарожныя палосы, воінскія пахаванні, збіралі другасную сыравіну.
— У пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі да беларускага народа падкрэсліваецца, што сістэма адукацыі павінна «…выхоўваць маральную асобу, прывіваць пачуццё грамадзянскай адказнасці чалавеку з маладых гадоў, каб кожны змог бачыць розніцу паміж дабром і злом і выбіраць менавіта станоўчы бок любой з’явы. Гаворка ідзе перш за ўсё пра сістэму патрыятычнага, маральна-этычнага, духоўна-маральнага і эстэтычнага выхавання, якая патрабуе ўсялякай падтрымкі развіцця ў сучасных умовах»…
— Патрыятычныя памкненні падрастаючага пакалення ўсяляк падтрымліваем і пашыраем. Вялікі грамадскі рэзананс атрымалі грамадзянска-патрыятычныя акцыі «Тры дубочкі», «Яблыневы сад», «Чысты двор і чыстая школа», экскурсіі па месцах баявой славы, памятных месцах, паходы выхаднога дня, спартыўныя мерапрыемствы — гэта толькі мінімальны пералік мерапрыемстваў, у якіх максімальна задзейнічаны падлеткі, якія патрабуюць павышанай увагі.
— Аб усім, Віктар Уладзіміравіч, у адным інтэрв’ю не скажаш. Таму давайце падвядзём умоўную рысу пад нашай змястоўнай і доказнай гутаркай…
— Улічваючы асаблівую актуальнасць выканання патрабаванняў Дэкрэта, асноўныя намаганні ўсіх службаў павінны быць сканцэнтраваны на няўхільным выкананні заканадаўства, накіраванага на абарону правоў дзяцей, прафілактыку сямейнага недабрабыту, захаванне сям’і для кожнага дзіцяці. Толькі комплексна, пры добрасумленным стаўленні да сваіх абавязкаў, узаемаразуменні і падтрымцы, можна вырашыць пастаўленыя задачы.
Інтэрв’ю правёў
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.