Семья Мательских — победители в конкурсе «Властелин села» на областном уровне

З 2007 года ў нашай краіне праводзіцца конкурс «Уладар сяла». Гэта рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект, які накіраваны не толькі на павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванне сямейных каштоўнасцяў, традыцый беларускай вёскі, а і таксама каб нашы маладыя сем’і замацоўваліся на сяле.

Вельмі прыемна, што Лепельшчына не застаецца ў баку ад такога конкурсу, а ў апошнія гады яшчэ і займае прызавыя месцы. У гэтым годзе сям’я Матэльскіх заняла 2-е месца ў вобласці сярод 14 моцных супернікаў.

— Раённы этап конкурсу БРСМ «Уладар сяла» стартаваў у маі. У нас была адказная задача — знайсці актыўную сям’ю, у якой ёсць дзеці. Абавязковая ўмова — яны павінны жыць у сельскай мясцовасці і мець падсобную гаспадарку. Гэта адказна і ў той жа час вельмі цікава, бо мы адначасова знаёмімся з маладымі сем’ямі Лепельскага краю, — кажа Вікторыя Пшонка, першы сакратар РК ГА “БРСМ”.

Таццяна і Аляксандр Матэльскія з аграгарадка Слабада пасля сур’ёзнага адбору былі выбраны прадстаўляць наш раён на абласным узроўні.

Падрыхтоўка

У першую чаргу трэба было зняць відэаролік пра сям’ю, які, трэба сказаць, атрымаўся на славу і заняў першае месца ў абласным конкурсе.

У візітоўцы, свайго роду кароткаметражным фільме, паказалі жыццё сям’і, расказалі пра дзетак, працу і захапленні. У Матэльскіх няма вялікага сакрэту моцнай і дружнай сям’і, у іх проста ёсць любоў і павага адзін да аднаго. Магчыма, гэтым і “падкупілі” журы.

Лепшымі сталі лепяльчане і ў касьбе звычайнай касой, дзе таксама не было роўных Аляксандру.

— На нейкі момант здалося, што некаторыя ўдзельнікі ўвогуле такую касу ў руках не трымалі. Мне ж было проста ёю працаваць, — кажа мужчына.

Таксама былі прыгатаванне нацыянальнай стравы «Дранікі на калодзе”, цікавая жартоўная сельская эстафета «Працуем у камандзе», у якой сямейная пара дэманстравала майстэрства спавівання дзіцяці і хуткаснага ваджэння тачкі, у якой сядзела жонка.

З захапленнем сям’я расказала мне і пра беларускі “гольф”, дзе трэба было бульбу загнаць у лунку, і як дровы пілавалі ручной пілой. Для нашых гаспадароў і гэтая справа не была новай. Яны і зараз хоць зрэдку, але “размінаюцца” такім інструментам.

Выказвае Аляксандр удзячнасць сваёй цешчы, якая на працягу мерапрыемства знаходзілася побач і дапамагала даглядаць маленькую дачушку.

— Удзел у конкурсе прымалі годныя супернікі, і кожны паказаў цікавую праграму. Таму нават не спадзяваліся на перамогу — кажа Таццяна. — Аднак мы больш задаволены іншым — падрыхтоўка да мерапрыемства яшчэ больш нас з’яднала. Хочацца адзначыць, што кожны член сям’і унёс свой уклад, мы ўсе раскрыліся з новага боку.

Сапраўдныя ўладары сяла

Таня нарадзілася і вырасла ў Слабадзе, там жа і атрымала базавую адукацыю. Аляксандр родам з Велеўшчыны, дзе таксама скончыў 9 класаў мясцовай школы. Потым хлопец паступіў у Лепельскі прафтэхліцэй на муляра, а Таццяна адправілася на цягніку ў Аршанскі дзяржаўны тэхнічны каледж атрымліваць спецыяльнасць майстра кісламалочнай прадукцыі.

Хоць і далёка адзін ад аднаго знаходзіліся падчас набыцця адукацыі, моцныя пачуцці заўсёды іх звязвалі. А як па-іншаму? З 15 гадоў сустракаліся маладыя, пазнаёміўшыся на танцах, і спяшаліся адзін да аднаго пры любой магчымасці. Летам Аляксандр да сваёй каханай ездзіў на веласіпедзе, а зімой, здаралася, і на рэйсавым аўтобусе. Вось так, аказваецца, для сапраўдных пачуццяў адлегласць – не перашкода. Тут хочацца дадаць, што гэта было першае каханне і, як бачым, на ўсё жыццё.

Пасля вучобы Аляксандр уладкаваўся ў ПМК-75 па сваёй спецыяльнасці, у гэты ж перыяд нашы героі і пажаніліся. 8 гадоў мужчына ездзіў кожны дзень раніцай у Лепель, а вечарам – у Слабаду.

— Стаміўся за гэты час курсіраваць у райцэнтр і назад, таму вырашыў шукаць працу на месцы. Уладкаваўся ў СПФ “Пражэктар” аператарам машыннага даення. Гэтая прафесія для мяне не новая. Маці ўсё жыццё даяркай працавала, часам даводзілася ёй дапамагаць. Ды і ва ўласнай гаспадарцы бацькоў было 3 каровы, шмат свіней, куры, ладны надзел зямлі, які ўсе разам апрацоўвалі.

Падобная гісторыя дзяцінства і ў Таццяны, таму да працы мае суразмоўцы прывучаная, не баяцца і не бягуць ад яе. Гэта бачна і па прысядзібным участку: на агародзе чысцютка, ні травінкі.

Не думайце, што там некалькі градак і кветкі. У працалюбівай сям’і пасаджана 30 сотак бульбы і 40 сотак зерня.

Ужо да працы прывучаецца і старэйшы сын Іван, які восенню пойдзе ў 4 клас. Ды і маленькая Васіліса, якой толькі 2 гады, бяжыць з задавальненнем у хлеў, каб паназіраць за жывёламі.

— І калі вы толькі паспяваеце столькі працы дома зрабіць? — звяртаюся да Таццяны і Аляксандра.

— Таня пакуль у водпуску па доглядзе дзіцяці, таму самае неабходнае паспявае зрабіць. Ды і ў мяне дазваляе графік займацца гаспадаркай. У 5 гадзін раніцы нас забірае аўтобус прадпрыемства і вязе на ферму, у 8 гадзін — назад. Потым у 12 гадзін зноў едзем на работу. Гэта вельмі зручна.

У групе Аляксандра каля 70 кароў, якіх ён не толькі доіць, а і даглядае. А ўвогуле на ферме больш за 200 рагуляў.

Жывуць Матэльскія ў канцы вёскі, недалёка ад лесу. Ну як тут без лясных гатункаў абысціся. Сабе назбіраюць грыбоў ды ягад і падзарабляюць часам на гэтай нялёгкай працы.

Лес Аляксандр ведае добра. Ну а як не ведаць, калі бацька доўгі час працаваў лесніком, браў з сабою сына, паказваў яму сцяжынкі, многаму навучыў у лясной справе.

Калі спытала пра вольны час, мае суразмоўцы засмяяліся. Бо яго няма! Ды яны і не жадаюць ляжаць на канапе, лічаць такі адпачынак сумным.

— Лепш рыдлёўкай ці пілой папрацаваць, альбо ў градках пазавіхацца, — кажуць Матэльскія.

Іншым сваё жыццё сям’я і не ўяўляе!

Наталля Храпавіцкая.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.