Сінтэпонавы цэх

518У ААТ “Лепельпрамшвеймэбля” нядаўна адкрыўся новы цэх па вытворчасці сентыпону. Гутарым з кіраўніком прадпрыемства Сяргеем Грыгор’евым.
— Сяргей Аляксандравіч, раскажыце, як рыхтавалі пляцоўку для новай вытворчасці на старых плошчах?
— Безумоўна, давялося папрацаваць, бо старыя памяшканні патрабавалі мадэрнізацыі. Наводзілі парадак, адмывалі сцены, бетанавалі падлогу. Усё трэба было перайначваць, бо яно было разлічана на іншую вытворчасць. Улетку завезлі лінію па вытворчасці сентыпону і два падшывальныя апараты. На іх працуюць рабочыя Антон Літвіненка і Крысціна Азаронак.
— Чаму два?
— Справа ў тым, што ўцяпляльнік бывае двух-трох відаў: звычайны і з двума-трыма пракладкамі, якія робяцца на асобных апаратах.
— Колькі чалавек абслугоўваюць новы цэх?
— Пакуль чацвёра, але ў будучым плануем арганізаваць другую змену. Узначаліў цэх Андрэй Мурашка.
— Дзе рыхтавалі спецыялістаў?
Усе рабочыя прайшлі стажыроўку на месцы. Для гэтага двойчы, па дзесяць дзён кожны раз, з імі працавалі спецыялісты з Расійскай Федэрацыі.
— Пазнаёмце з працэсам вытворчасці.
— Сыравінаю для вытворчасці сентыпону з’яўляюцца адходы перапрацоўкі пластыкавых бутэлек. Яна падзяляецца на першасную, другасную і бі-кампаненты — валакно лёгкаплаўкае. З гэтых трох кампанентаў строга па тэхналогіі робіцца “пірог”.
— А як выконваеце тэхналагічныя нормы?
— Так, ёсць спецыяльныя электронныя шалі… Гатовую масу запускаем у шчыпальна-замаслівачную машыну, якую завём “драконам”. Яна разрывае змесціва на пух, які па трубе падаецца ў адстойнік і там перамешваецца. Уручную гэтую масу закладваем у расчэсвальную машыну.
— Уручную?
— Пакуль што так. Хаця плануем з цягам часу і гэты працэс механізаваць. Машына расчэсвае валакно і па транспарцёры яно паступае ў печку, дзе пры тэмпературы сто восемдзесят градусаў спякаецца і зматваецца затым у рулоны. Пасля чаго падаецца на дзве падшывальныя машыны — для аднабаковага і складанага падшывання. І ўжо адтуль гатовы сентыпон ідзе ў раскройны цэх, дзе з яго шыюць спецвопратку.
— Колькі чалавек абслугоўваюць вытворчасць?
— Пакуль што дванаццаць рабочых. У перспектыве гэтая вытворчасць павінна забяспечваць работу ста швачкам, але пакуль што ў нас іх толькі трыццаць шэсць.
— Колькі сентыпону вырабляеце за змену?
— Зараз — 600 — 800 метраў, плануем жа вытворчасць да 1500 метраў за суткі.
— Прадпрыемства набірае абароты, але па-ранейшаму многія вытворчыя памяшканні маюць, прама скажам, непрэзентабельны выгляд. Чаму?
— Не ўсё адразу. Для нас важней стварыць належныя ўмовы на працы. Яшчэ не прайшло і трох гадоў, як мы пачалі вытворчасць ва ўмовах, шчыра кажучы, не самых спрыяльных, стаўшы правапераемнікам прадпрыемства, якое збанкрутавала. За гэты час перакрылі 1800 квадратных метраў цвёрдага і 2000 — мяккага даху. Запусцілі сваю невялікую кацельню, якая пакуль працуе на дрывах, але неўзабаве будзе пераведзена на газавае ацяпленне.
— Дарэчы, а як ацяпляецца сентыпонавы цэх?
— Там ёсць печка… Дык вось, важней стварыць умовы для працы, каб цёпла было і ўтульна, а аздобаю будынкаў будзем займацца ў другую чаргу. Пакуль што вялікія сродкі даводзіцца затрачваць на выплату запазычанасцяў папярэдніка, правапераемнікам якога мы з’яўляемся. Нават смецце вывезці ёсць пэўныя праблемы: даводзіцца месяц чакаць чаргі…
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Антон Літвіненка працуе на падшывальнай машыне ў сентыпонавым цэху.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.