Сергей Мадилов из Лепельского РОВД награжден нагрудным знаком «За самаадданую службу»

img_3516Кожны працоўны дзень Сяргея Мадзілава літаральна распісаны па хвілінах: наведаць асоб, якія адбываюць пакаранне без накіравання ў месцы пазбаўлення волі, паднаглядных, правесці прафілактычную гутарку, аказаць садзейнічанне ў іх працаўладкаванні… Усе пытанні патрабуюць дэталёвай увагі, і кожнае з іх вырашаецца аператыўна. Сяргей Леанідавіч — начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Лепельскага РАУС.
Строгасць і прынцыповасць, адказнасць і рашучасць, уменне хутка ўвайсці ў курс справы і прыняць правільнае рашэнне — такія якасці, патрэбныя работніку міліцыі, Сяргей выпрацаваў у сабе ў пачатку прафесійнага шляху.
Працаваць жа ў сферы аховы правапарадку ён вырашыў ужо ў дзяцінстве. Хлопец нарадзіўся ў сям’і ваеннаслужачага і ўжо змалку ведаў, што такое начныя тэрміновыя пад’ёмы, аператыўнае выкананне службовага задання, уменне ўсюды паспяваць. У школьныя гады захапляўся дакладнымі навукамі, цікавіўся матэматыкай, фізікай, займаўся фізічнай загартоўкай. Скончыўшы Бароўскую сярэднюю школу, стаў навучэнцам эксперыментальнай групы Лепельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №175, дзе не толькі давалі грунтоўныя веды па сельскагаспадарчай спецыяльнасці, а і добрую падрыхтоўку па шэрагу дакладных дысцыплін. Навучэнцы, якія заканчвалі ўстанову з “чырвоным” дыпломам, без уступных экзаменаў залічваліся студэнтамі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і вучыліся па скарочанай праграме, на працягу чатырох год. Такім здольным выпускніком вучылішча стаў і Сяргей Мадзілаў.
Набыўшы спецыяльнасць інжынера-механіка ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце, па размеркаванні прыехаў працаваць на Лепельшчыну. Першым месцам працы Сяргея стаў калгас імя Чапаева. Тут ён і праявіў набытыя прафесійныя веды. Тэрміновую ваенную службу зноў жа праходзіў на Лепельшчыне, у Бароўцы, дзе калісьці служыў яго тата.
Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, Сяргей даведаўся, што патрэбны работнікі дзяржаўтаінспекцыі Лепельскага РАУС — і ніколькі не вагаўся. Менавіта служба ў міліцыі была блізкай для хлопца, які мае вышэйшую адукацыю і атрымаў добрую фізічную падрыхтоўку. Так, першага ліпеня 2003 года Сяргей стаў інспектарам дарожна-патрульнай службы.
— Вядома, работа інспектара ДАІ не з лёгкіх. У любое надвор’е — і ў дождж, і ў спёку — трэба несці варту на дарозе, нярэдка прыходзіцца працаваць і на месцы дарожна-транспартных здарэнняў. Ці запомніўся першы выезд на месца аварыі?
— Так. Гэта было яшчэ ў час навучання ў Магілёўскім каледжы Міністэрства ўнутраных спраў, дзе я праходзіў падрыхтоўку па спецыяльнасці.
Пад колы КАМАЗа трапіла дзяўчынка… Карціна прывяла ў жах. Бачыць такое было невыносна цяжка, але, напэўна, гэта і стала для мяне першым і даволі суровым экзаменам. У далейшым, канечне, прыходзілася бачыць шмат, але разам з гэтым прыйшла і прафесійная вытрымка. У складаных выпадках пачынаеш валодаць сабой, на месцы аварыі нельга даваць волю эмоцыям. Трэба сабрацца і строга выконваць сваю работу.
Немагчыма змірыцца з тым, што з-за ўласнай легкадумнасці, неабачлівасці вадзіцелі пазбаўляліся жыцця. Удвая цяжка бачыць, як па прычыне невыканання імі элементарных правілаў бяспекі пакутавалі пасажыры, у тым ліку дзеці.
Праз некаторы час Сяргей Мадзілаў стаў старшым інспектарам аддзела ДАІ па адміністрацыйнай практыцы. Шэраг яго працоўных абавязкаў павялічыўся. Акрамя нясення дзяжурства на дарозе, інспектар займаўся праверкай пратаколаў, унясеннем звестак у базу даных, выпіскай квітанцый на аплату штрафу і г.д.
Дробязей у такой рабоце, вядома, не бывае. Тут патрэбны асаблівая дакладнасць і прынцыповасць. Аднак свае абавязкі Сяргей Леанідавіч выконваў бездакорна. Не выпадкова праз кароткі час атрымаў прапанову ўзначаліць крымінальна-выканаўчую інспекцыю Лепельскага РАУС.
Катэгорыя людзей, з якімі працуюць работнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, патрабуе пільнага кантролю і ўвагі. Людзі, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, у большасці выпадкаў маюць іншы светапогляд. Дапамагчы перайначыць жыццёвы шлях, выйсці на правільную сцяжыну, усвядоміць зробленыя раней памылкі… Тут трэба быць не толькі ахоўнікам правапарадку, а і добрым псіхолагам: умець выслухаць, дапамагчы змяніць ранейшы лад жыцця, зацікавіць да працы.
— Галоўнае — умець пераконваць. У любым, нават самым складаным, выпадку нельга апускаць рукі. Вельмі важна ўсвядоміць свае паводзіны і пачаць жыццё “з чыстага ліста”, — гэта мы імкнёмся данесці да людзей, якія ў свой час панеслі адказнасць перад законам, — адзначае Сяргей Леанідавіч. — Дапамагаем вярнуцца да нармальнага ладу жыцця людзям, якія былі асуджаны да дваццаці гадоў пазбаўлення волі. У той жа час вельмі цяжка бачыць, як раней асуджаныя асобы не жадаюць мяняць свой лад жыцця і зноў трапляюць за рашотку.
— Работа ў міліцыі патрабуе поўнай самааддачы, выхадных практычна не бывае. Калі ж знаходзіцца вольная хвілінка, чаму яе прысвячаеце?
— Захапляюся рыбнай лоўляй. Свабодны час люблю праводзіць са сваёй сям’ёй.
Так, менавіта сям’я з’яўляецца тым надзейным тылам, які дапамагае пераадолець усе жыццёвыя перашкоды. Вось ужо чатырнаццаты год разам з Сяргеем Леанідавічам ідзе побач па жыцці жонка Наталля. Па спецыяльнасці настаўнік-дэфектолаг, яна вучыць правільна вымаўляць гукі дзетак у дашкольных установах. У шчаслівай сям’і падрастаюць дзве дачушкі. Старэйшая, Лізавета, вучыцца ў шостым класе гімназіі імя І.Ерашова. Малодшай жа, Арыне, у снежні споўніцца пяць год.
Сёлета ж у жыцці Сяргея Мадзілава — новая прыемная падзея. Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь начальніку крымінальна-выканаўчай інспекцыі Лепельскага РАУС уручаны нагрудны знак “За самаадданую службу”.
Чалавека можна назваць шчаслівым тады, калі ён з задавальненнем ідзе на работу і вяртаецца да сям’і. Выдатны спецыяліст, добрасумленны работнік, клапатлівы муж і тата, Сяргей Мадзілаў знайшоў сваё жыццёвае прызванне.
— Няхай жа ваша бездакорная праца стане прыкладам для маладых калег, а на працоўным шляху будзе яшчэ шмат значных і незабыўных падзей! — ад душы жадаю Сяргею Мадзілаву, а ён спяшаецца на працу. Наперадзе — яшчэ шмат адказных спраў…
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: Сяргей Мадзілаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.