Шедевры искусства Анатолия Симоновича

img_4792 У майстроў керамікі ёсць такі прафесійны тэрмін — шлікер. Гэта густая, падобная да цеста, маса з сумесі тонка размолатых, замешаных на вадзе сілікатных матэрыялаў, з якіх вырабляюць тонкую кераміку. А яшчэ шлікер — падфарбаваная, змешаная з вадою гліна. На ганчарным крузе з яе вырастаюць глечыкі, вазы — ды ці мала якія яшчэ шэдэўры прыгажосці. Вобразна кажучы, шлікер дае пачатак новаму жыццю — глінянаму.

Пакуль Анатоль размінае кавалачак гліны, каб падаць мне “майстар-клас”, гляджу на яго спрытныя дужыя пальцы і любуюся. Як не любавацца! Пальцы не проста размінаюць сырэц, яны — танцуюць па гліне. Хвілінай пазней, калі закруціцца ганчарны круг, пальцы майстра затанчаць і па ім — прыгожа, размерана, грацыёзна. Калі б я быў кампазітарам, абавязкова напісаў бы музыку для гэтага танца. У ім — ніводнага лішняга руху, усё прадумана, усё гладка, як сам ганчарны круг, як глечык, што імкліва расце пад рукамі творцы. Звычайная гліна, нібы жывая — падымаецца, выпростваецца, набывае акрэсленую форму, без варыянтаў правільную, акруглую.
img_20140530_112633 img_20160915_093010Думаю, усё ж варыянты могуць быць, і просты дылетант, кшталту мяне, упершыню паклаўшы рукі на ганчарны круг, стварыў бы якую касабочыну, чаму б і не! Ды ўсе пазнаецца на практыцы, гэта па-першае. па-другое, нездарма кажуць, што рукою майстра водзіць Бог.
Цікаўлюся, а ці небяспечны сам круг? Імкліва ж круціцца, як бы там ні было, ці не можна на ім пашкодзіць пальцы? Анатоль Уладзіміравіч усміхаецца і ласкава, як мілае дзіця, пагладжвае свой круг. Вось вам і адказ. Ды ён жа гладзенькі, адпаліраваны, ён — добры, бо дапамагае творцу рабіць гліняныя цуды.
Тым часам глечык наш вырас. Зараз ён будзе стаяць і сушыцца, даволі доўга, а пасля пойдзе ў печ — зусім як калабок. Вось толькі казачнаму персанажу, каб падрумяніцца, дастаткова патэльні на гарачых вугальках, а глечыку патрэбна тэмпература ледзьве не тысячу градусаў. Затое з печы ён выйдзе загартаваным — і нічога ўжо яму не страшна.
У творчай майстэрні Лепельскага раённага Цэнтра рамёстваў, дзе Анатоль Сімановіч працуе майстрам-метадыстам па ганчарстве, сабрана цэлая калекцыя гліняных вырабаў. Побач з чыгункамі ды глечыкамі, знесенымі сюды аматарамі даўніны, тут розныя гліняныя фігуркі — лялькі, статуэткі… Каб зрабіць такую, мала ганчарнага круга, трэба яшчэ і багатая фантазія мастака-скульптара. Лепельскія майстры керамікі збіраюць экспанаты для выставы, якую мараць неўзабаве арганізаваць у Цэнтры рамёстваў.
Для самога ж Анатоля гліняныя вырабы — усяго толькі частка яго творчага жыцця…
Цікава, што вучыўся Анатоль у свой час у… СПТВ-175 на майстра сельскагаспадарчай вытворчасці. Чым болей знаёмлюся з навучэнцамі і выпускнікамі нашага каледжа і былога ліцэя, тым больш пераконваюся, што гэтыя навучальныя ўстановы ўніверсальныя. Якіх толькі прафесій не асвоілі іх выпускнікі, якімі толькі справамі не займаюцца! Вось і Анатоль Сімановіч асвоіў сельскагаспадарчую тэхніку і зараз — ганчар і разьбяр па дрэве.
Праўда, да дрэва цягнула яго яшчэ са школьных гадоў. Любіць расказваць, што ў дзядулі было некалькі надзвычай вострых лёзаў, яны так і называліся — небяспечнымі. Аднымі ён галіўся, а іншыя проста падтрымліваў у парадку. Вось гэтыя якраз і сталі для ўнука першымі разцамі, за што атрымліваў ад дзеда кпінаў. А першымі настаўнікамі сталі Іван Будзіч і Ігар Будрэвіч, выкладчыкі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Юнакі наведвалі з майстрамі Дома рамёстваў розныя мерапрыемствы.
А далей была армія. І вось там Анатоль прыгадаў сваю прафесію: служыў вадзіцелем. Аднак зразумеў, што гэта — не яго. Паспрабаваў пасля войска паступіць у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, ды першая спроба аказалася няўдалая, не здаў адзін з экзаменаў. Папрацаваў мастаком-афарміцелем у пазаведамаснай ахове, пасля — вартаўніком у ЦДТ, пакуль не запрасілі, нарэшце, у Дом рамёстваў. Гэта было яшчэ ў двухтысячным годзе, калі ўстановай кіравала Вольга Жукава.
Кераміку асвойваў, можна сказаць, “самапёкам”. Мастак Марына Саўчанка расказала, што такое шлікер. Першыя ўрокі ганчарства браў у майстра Аляксандра Вішнеўскага. Той паказаў, як карыстацца ганчарным кругам. А затым ездзілі на тры дні ў Докшыцкі Дом рамёстваў пераймаць вопыт.
Двойчы пакідаў Анатоль любімую працу. Малады, патрэбны былі грошы. У Расіі ў розных фірмах працаваў, у дзіцячым санаторыі гурток вёў для дзяцей, у “Жамчужыне” вучыў дзяцей кераміцы. І двойчы ж вяртаўся да круга ганчарнага ў Цэнтр рамёстваў. Зараз яшчэ і ў Заслонаўскай дзіцячай школе мастацтваў выкладае — займаецца з дзецьмі малюнкам, жывапісам і асновамі разьбы па дрэве. Закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава.
Сёлета вярнуўся з Дыпломам другой ступені з Міжнароднага конкурсу “Салавейка”, які праходзіў у Дуброўне. Летась на конкурсе “Дрэва жыцця” ў Віцебску стаў лепшым у намінацыі “За творчы поспех”.
Аднак падаецца, што ні дыпломы, ні слава пераможцаў утрымліваюць такіх людзей, як Анатоль, ля ганчарнага круга, за цяслярным станком і г.д. Проста з гадамі яны настолькі ўжываюцца ў сваю справу, прафесію, што становяцца іх часцінкаю. А любімы занятак для іх — справа жыцця.
Вось і ў Сімановіча няма занятку іншага, як яго рамяство. Няма іншага хобі, як разьба па дрэве, якой займаецца далёка не толькі на працы, але нават большасцю дома.
Ці прыносіць гэта даход? Ну, напэўна ж, так. Анатоль зарэгістраваны як рамеснік, плаціць падатак, усё як належыць, часам нешта робіць і пад заказ. І яго вырабы, паверце, вартыя добрага кошту. Зірніце, які ён вырабіў сабе дома гадзіннік, якія палічкі з падстаўкамі на кухню.
Грошы патрэбны ўсім, што казаць, аднак для людзей творчых недастаткова матэрыяльнай узнагароды. Ім трэба ўсцешыць і накарміць душу, якая дадзена ім, каб дарыць іншым прыгажосць і гармонію.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Анатоль Сімановіч за працаю; вырабы майстра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.