Шэсцьдзясят восем ружаў лепяльчанкі Лідзіі Аліноўскай

IMG_0309Лідзія Аліноўская жыве ў Лепелі ў сваім доме на Ульянцы, дзе побач з ёю, а дакладней кажучы, у адной сям’і, “жывуць”… шэсцьдзясят восем ружаў. Палічыць толькі! А трэба пра кожную паклапаціцца. Лідзія Гаспераўна не толькі клапоціцца пра кветкі, але і перажывае, засмучаецца, калі, не дай бог, каторая з іх загіне.
— Раней сваім розумам жыла, — скрушна ўздыхае жанчына, — і ружы не гінулі. Прысыплю іх крыху — так і зімуюць. А зараз пачала розныя кніжкі чытаць ды да розных парад прыслухоўвацца — кветкі вымярзаць сталі. А можа не вымерзлі. Пілавіннем іх сёлета ўцяпліла… Можа, наадварот, падапрэлі. Вунь якая сёлета зіма цёплая стаяла…
Можа, жанчына вырошчвае кветкі на продаж? Махае рукою:
— Ды не, для сябе.
Цяжка нават уявіць і паверыць, што каля сямідзесяці кустоў руж — для сябе, для прыгажосці жыцця… Зусім як у той песні пра беднага мастака…
Для сябе і яшчэ адзін яе занятак — клопат пра людзей. Справа ў тым, што Лідзія Аліноўская ўзначальвае ветэранскую арганізацыю АТП №14. Вунь ператварыла ў своеасаблівы офіс сына кватэру на Плінтоўцы: камп’ютары стаяць, усялякая іншая апаратура. Чым не офіс? Акурат тут мы і сустрэліся. Яны былі ўдвух — з дзеючым старшынёй прафкама прадпрыемства Любоўю Правіла. Так у звязцы і працуюць, балазе справа ў іх адна — клопат пра людзей. Лідзія Гаспераўна адказная па частцы ветэранаў, а Любоў Іванаўна — цяперашніх работнікаў прадпрыемства. Зрэшты, недалёкі яшчэ той час, калі Аліноўская і сама была ў працоўным страі, працавала галоўным бухгалтарам на прадпрыемстве. Сказаў так, нібыта зараз яна на ўзбочыне. Нічога падобнага! Вось ужо гадоў пяць гэтая энергічная і прадпрымальная жанчына клапоціцца пра людзей, якія ў свой час былі гонарам і годнасцю аўтабазы. Як вядома, без мінулага будучыні няма. І калі мы хочам, каб да нас саміх ставіліся з пашанай, не трэба забываць пра людзей, якія былі нашымі папярэднікамі.
* * *
Такім чынам, на папячэнні ў Лідзіі Гаспераўны сёння шэсцьдзясят восем кветак і семдзесят дзевяць чалавек. Менавіта столькі налічвае ветэранская арганізацыя аўтатранспартнага прадпрыемства. З іх сорак шэсць на Лепельшчыне жывуць і трыццаць тры — на докшыцкім участку (у Бягомлі і Докшыцах).
Кожны раз да Дня работнікаў аўтамабільнага транспарту ветэранаў віншуюць, падтрымліваюць рублём. Хай сабе дапамога не такая вялікая, аднак, як кажуць, «дорог не обед, а привет». Прадпрыемства заўсёды гатова дапамагчы былым сваім работнікам, людзям пажылым, прывезці дровы, нарыхтаваць бульбы. На дастаўку дроў чамусьці заявак сёлета не было. Можа, яшчэ не папалілі леташнія, зіма была цёплая. А вось на бульбу мінулай восенню ветэраны ехалі з ахвотаю. Адмыслова ім падалі цёплы аўтобус, дамовіліся з сельгаспрадпрыемствам, каб не на полі клубні збіраць, а выбраць з бурта, дапамаглі пагрузіць.
Не застаецца ўбаку ветэранская арганізацыя і калі камусьці патрэбен рамонт. Былому вадзіцелю рамантавалі дах, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны (на жаль, яго нядаўна не стала) падладзілі печ, паклеілі шпалеры, пафарбавалі плот. Што ж, усе мы смяротныя. Аднак і пры гэтай сумнай нагодзе ветэраны не застаюцца па-за ўвагаю. Прадпрыемства аказвае сям’і матэрыяльную дапамогу памерам пяць базавых велічынь, выдзяляе аўтобус ці машыну, купляе вянок. Ну а жывым — жывое. Захварэў, апынуўся ў бальніцы — чакай, што да цябе абавязкова прыйдуць, наведаюць работнікі аўтабазы, вядома ж, не з пустымі рукамі. Наведвалі ветэрана і ў «Святліцы». Колькі было радасці адзінокаму пажылому чалавеку! Часцей сагравае і цешыць не столькі рубель, колькі ўвага.
Зразумела, заўсёды дапамогуць з транспартам і ў тым выпадку, калі пажылому чалавеку спатрэбіцца з’ездзіць у дыягнастычны цэнтр у Віцебск ці нават у сваю бальніцу. Не толькі падвязе машына, але і пачакае, пакуль чалавек справіцца, назад прывязе. Гэта вельмі важна, бо часцей у шаноўным узросце чалавеку праблема нават прайсці па горадзе, тым больш дабрацца да абласнога цэнтра. Ногі падводзяць. Ну і калі лякарствы патрэбныя — таксама прывязуць адкуль здалёку.
Па магчымасці аўтатранспартнае прадпрыемства стараецца не абысці ўвагаю сваіх былых работнікаў і ў Дзень пажылых людзей. Набывае для іх прадуктовыя наборы: крупы, цукар, макароны, алей.
— Не думайце, што нашы ветэраны адно хварэюць ды паміраюць, — кажа Лідзія Гаспераўна, — яны яшчэ малайцы. І на экскурсіі ездзім, і… на спаборніцтвы! Напрыклад, вось мужчыны нашы выказалі ідэю наладзіць сёлета спаборніцтвы па рыбнай лоўлі на лёдзе. Так што будзем чакаць зімы.
На экскурсіі ездзілі ў Жыровіцкі манастыр, у Мірскі замак. Праўда, экскурсіі былі арганізаваны ў асноўным для цяперашніх работнікаў прадпрыемства, аднак прапанавалі і ветэранам. Некаторыя згадзіліся. Ездзілі ў Мінск, дзе наведалі Мастацкі музей. Арганізавалі для ветэранаў паездку ў Бярэзінскі запаведнік і экскурсію па яго музеі. Зімою запрашалі на Мінск-арэну на хакей, улетку кожнага разу — у Віцебск на «Славянскі базар». Іншая справа, што не заўсёды дазваляе пажылым людзям здароўе падарожнічаць. Што ж, па магчымасцях. І ўбачыш ветэранаў АТП-14 то на святкаванні «Калядак» на плошчы ў горадзе, то за кубачкам гарбаты на Дзень маці.
Ці трэба казаць, што шмат чаго з пералічанага адбылося дзякуючы актыўнай пазіцыі кіраўніка ветэранскай арганізацыі Лідзіі Аліноўскай. Добрага сэрца на ўсіх хапае.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: Лідзія Аліноўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.