Што выбіраюць маладыя спецыялісты на Лепельшчыне?

5 кастрычніка 006 Хто будзе спрачацца, што эфект выпадковасці заўсёды прысутнічае ў жыцці. Вось і Мікіта Бабкін апынуўся ў Лепелі дастаткова выпадкова. Ён, гараджанін, жыхар Полацка, раней і не думаў нават, што давядзецца ехаць за семдзесят кіламетраў ад роднага горада, здымаць кватэру, жыць аднаму, працаваць на прадпрыемстве, пра якое дагэтуль і не чуў…

 

Сустрэліся мы на рамонтна-механічным заводзе, дзе малады спецыяліст вось ужо трэці месяц працуе фрэзероўшчыкам у інструментальным цэху.

— Як тут апынуўся?

— Прыслалі па размеркаванні. Я скончыў Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання – тэхнік».

— Не было магчымасці ўладкавацца ў родным горадзе?

— Спрабаваў – не атрымалася.

Фрэзероўшчыкам – вельмі гучна сказана. Мы размаўлялі з майстрам участка Мікалаем Галінскім, які курыруе маладога спецыяліста. Мікіту ён пахваліў: «Хлопец добрасумленны, ад працы не ўхіляецца, дапамагае на розных участках работы.

— Аднак самастойна даверыць яму фрэзу і складаны заказ пакуль не спяшаемся. Тэорыя, якой вучылі ў каледжы, – адно, а патрэбна практыка. Вучыць яго яшчэ і вучыць, а тут, напэўна, хутка ўжо і расстанемся. У армію хлопец ідзе вось-вось.

— Іду ў паветрана-дэсантныя войскі, — паведаміў мне і сам Мікіта, калі я запытаўся пра яго далейшыя планы. Паслужу, а там відаць будзе. Верагодна, што і застануся ў арміі.

— Ну так усе кажуць, пакуль не служылі, а паслужыўшы, часта мяняюць свае планы. Маеш запасны, так бы мовіць, цывільны варыянт? Чаму пайшоў вучыцца на тэхніка машынабудавання, калі хочаш быць вайскоўцам?

— Трэба ж быцо нейкую прафесію асвоіць. Ёсць перспектывы застацца працаваць у родным городзе, пайсці, скажам, на «Вымяральнік», «Тэхналіт», на завочнае паступіць і атрымаць вышэйшую адукацыю. Менавіта такія планы і маю ў якасці запаснога варыянту.

— Лепель спадабаўся?

— Прывыкаю. Невялікі гарадок, аднак усё тут ёсць. І адпачыць ёсць дзе. Вось толькі прадукты дарагаватыя  таму даводзіцца прывозіць з Полацка.

— Сам гатуеш?

— А як жа. Вечарам прыходжу з працы, адпачну крыху, зраблю прабежку і станаўлюся да пліты, бо трэба на наступны дзень есці прыгатаваць.

— Не надакучвае?

— Нармальна. Неаднойчы даводзілася гэта рабіць і раней, дома, калі ў каледжы вучыўся. Бацькі на працы, маці швачкаю працуе, бацька — цесляром.

— Адзін у сям’і?

— Так.

— Напэўна, аднаму сумна?

— Нічога, затое і любімы.

— А ў Лепелі дзе жывеш?

— Кватэру здымаю па Калініна, дакладней, пакой у кватэры. Аплачвае цалкам завод.

— Хапае заробленага на жыццё?

— Ды што вы! Гэтым разам два мільёны сямсот атрымаў – гэта з пад’ёмнымі, без іх – мільён трыста. Калі б не дапамагалі бацькі…

Дарэчы сказаць, на рамонтна-механічны сёлета два маладыя спецыялісты прыйшлі, акрамя Мікіты, у тэхаддзел — дзяўчына. А вось двое хлопцаў, адбыўшы абавязковыя два гады, сышлі на іншую, больш заробкавую працу. Не надта шмат моладзі на заводзе, і яе можна зразумець, трэба жыццё пачынаць самастойнае, сем’і заводзіць, вось і шукаюць, дзе лепей.

— Любіш пасядзець за камп’ютарам?

— Толькі ў крайнім выпадку, калі надвор’е кепскае. Сюды, у Лепель, увогуле ноўтбук не браў. А так лепей тэлевізар паглядзець ды – на вуліцу, спортам пазаймацца. Яшчэ са школы займаюся лёгкай атлетыкай, на спаборніцтвах быў — і на раённых, і на абласных.

На здымку: фрэзероўшчык Мікіта Бабкін.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.