Символический газовый факел запылал в Слободе

На Віцебшчыне ў рамках рэалізацыі важнейшых дзяржаўных сацыяльных праграм актыўна будуюцца газаправоды. Прыродны газ зараз выкарыстоўваецца ва ўсіх раённых цэнтрах. Усяго ўжо газіфікавана 346 населеных пунктаў, з іх 111 аграгарадкоў. Агульная працягласць газаправодаў дасягнула 6165 кіламетраў.

34

У максімальна сціслыя тэрміны быў узведзены аб’ект “Размеркавальныя сеткі газаправода ў аграгарадку Слабада”, калі фактычна быў пабудаваны газаправод да аграгарадка Слабада агульнай даўжынёй 14 кіламетраў і коштам 830 тысяч рублёў.
З прыходам прыроднага газу ў Слабаду ў кожнага з жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак (370 сем’яў) з’явілася магчымасць павысіць камфортнасць свайго жыцця. Пры гэтым непасрэдную пракладку газаправодаў да жылых дамоў можна будзе рабіць як за лік уласных грошай, так і з прыцягненнем бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №368.

33
На святкаванне важнай падзеі ў Слабаду завітаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Дарагога госця сустрэлі хлебам-соллю і запрасілі раздзяліць радасць знакавай падзеі.
Урачыстае адкрыццё газаправода пачалося з сімвалічнага запальвання газавага факела перад будынкам мясцовага сельскага Дома культуры. Гэта ганаровае права атрымалі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў і старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. У святочных урачыстасцях з гэтай нагоды прынялі таксама ўдзел генеральны дырэктар РВУП “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань і генеральны дырэктар ААТ “Віцебскхлебпрам” Міхаіл Рог.
У зале Слабадскога сельскага Дома культуры адбылося ўшанаванне будаўнікоў, лепшыя з лепшых з іх былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама, РВУП “Віцебскаблгаз” і Лепельскага райвыканкама з выплатай грашовых прэмій. Прынамсі, Барыс Яфрэмаў ушанаваў Ганаровымі граматамі мантажніка вонкавых трубаправодаў РВУП “Віцебскаблгаз” ААТ “Белгазбуд” Андрэя Азаранку і газазваршчыка гэтай арганізацыі Віктара Маркевіча.

35
Мікалай Шастнёў адзначыў, што прыход прыроднага газу ў Слабаду будзе садзейнічаць росквіту аграгарадка, станоўча адаб’ецца на вытворчай дзейнасці, функцыянаванні дзіцячага сада, школы, іншых сацыяльных аб’ектаў, забяспечыць перспектыўны рух наперад, стабільнасць ва ўсіх сферах мясцовага жыцця. Мікалай Мікалаевіч пажадаў вяскоўцам здароўя, сямейнага дабрабыту, усяго самага найлепшага!
Генеральны дырэктар РВУП “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань напомніў прысутным, што сваю службовую кар’еру пачынаў у 70-я гады дваццатага стагоддзя на пасадзе старшыні калгаса “Пражэктар”, цэнтрам якога тады была Слабада. Многія вытворчыя дасягненні, у тым ліку пачатак адкорму бычкоў вагой звыш 400 кілаграмаў, упершыню ў раёне былі дасягнуты ў той час менавіта ў гэтай гаспадарцы. Пётр Пятровіч выказаў задавальненне, што Слабада стала аграгарадком, а былы калгас ператварыўся ў філіял СВП “Пражэктар” ААТ “Віцебскхлебпрам”, далейшаму развіццю якога будзе садзейнічаць пабудаваны газаправод.
Барыс Яфрэмаў падкрэсліў, што пракладка газаправода станоўча адаб’ецца не толькі на Слабадзе, але і іншых населеных пунктах, праз якія прайшла нітка з “блакітным палівам”, створыць больш бытавых зручнасцей для сельскіх жыхароў і дачнікаў.
Словы шчырай удзячнасці РВУП “Віцебскаблгаз” выказала мясцовая жыхарка Маргарыта Анікей.
Затым у сельскім Доме культуры выступілі лепшыя эстрадныя выканаўцы і творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці РВУП “Віцебскаблгаз”. Пасля завяршэння канцэртнай праграмы, якая шмат разоў перапынялася воклічамі адабрэння і працяглымі апладысментамі, на сцэну СДК падняўся старшыня Слабадскога сельвыканкама Валерый Садоўскі, які сардэчна падзякаваў самадзейным артыстам за цікавае выступленне і падораны святочны настрой.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: хлебам-соллю сустракалі гасцей на прыступках Слабадскога сельскага Дома культуры ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці; ганаровае права запаліць сімвалічны газавы факел было прадастаўлена старшыні Лепельскага райвыканкама Барысу Яфрэмаву і старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву; самадзейныя артысты выступаюць на сцэне Слабадскога СДК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.