Слава рукам руплівым!

490Набліжэнне свята адчувалася ў Слабадзе задоўга да таго, як святочная калона пачала шэсце. Адчуванне ПАДЗЕІ стала праяўляцца ў другой палове лета, калі ў вёску зачасцілі кіраўнікі і работнікі гарадскіх прадпрыемстваў, кіраўніцтва райвыканкама. Свята пачынаецца з падрыхтоўкі да яго.
Як у кожнай сядзібе, рыхтуючыся да вяселля ці юбі­лею, наводзяць парадак у двары, перад домам, так і ў Слабадзе пры падрыхтоўцы да раённага фэсту было зроблена шмат: абпілена ссохлае галлё дрэў, адрамантаваны будынкі, добра­ўпарадкаваны парк і стадыён, пафарбаваны агаро­джы, а самае галоўнае — на 400 метраў вуліцы пракладзена новае асфальтавае пакрыццё. Вёска нібыта цалкам абнавілася, як гаспадыня, гатовая прыняць дарагіх і чаканых гасцей.
Тавар на любы густ
У дзень фэсту госці пачалі з’язджацца а восьмай га­дзіне раніцы. СВП “Пражэктар”, на базе якога сёлета праводзіліся раённыя Дажынкі, і Лепельскі хлебазавод з’яўляюцца філіяламі ААТ “Віцебскхлеб­прам”, што і абумоўлівае іх цеснае супрацоўніцтва. Палатка хлебазавода раніцай ледзьве магла змясціць у сабе ўвесь асартымент прадукцыі. Там можна было набыць усё — ад булачак і пернікаў да самых свежых тартоў. Асабліва ж уразіў кошык, выпечаны з цеста, напоўнены булачкамі і пернікамі.
Вераніка Аўдзеенка ў будні прадае батоны, булачкі, пячэнне і іншую хлебазаводскую прадукцыю ў краме “Гарачы хлеб”, што на Барысаўскім тракце. На час свята на яе плечы лёг і выязны гандаль. Забягаючы наперад, заўважу, што і яна, і ўсе астатнія прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў Лепеля гандлявалі амаль да самага завяршэння фэсту. Госці ж свята аказаліся шчодрымі пакупнікамі, амаль увесь прывезены тавар быў раскуплены.
Побач размясцілася машына з прадукцыяй ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Гэта акцыянернае таварыства спецыялізуецца на выпуску прадукцыі жывёлагадоўлі, прычым самага шырокага спектру — ад мяса да мясапрадуктаў. У Слабадзе ж Таццяна Сітчанка, работніца камбікормавага завода, які з’яўляецца філіялам “Віцебскаграпрадукта”, прапаноўвала некалькі відаў мясных кансерваў, а таксама камбікармоў для рознай жывёлы.
— Людзі прыйшлі не на базар, а на свята, ці ахвотна сёння купляюць ваш тавар? — спытаў у Таццяны Іванаўны ўжо ў разгар дзеі.
— Вельмі ахвотна купляюць, прычым увесь тавар: і кансервы, і камбікармы.
Па суседстве з уваходам на канцэртную пляцоўку размясцілася гандлёвая кропка ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”. Малако некалькіх сартоў, смятана, масла, тварог, марожанае — самы поўны асартымент малакаперапрацоўчага прадпрыемства быў прадстаўлены там. Акрамя гэтага, прадаўцы Ала Шавенька і Алена Бобрык прапаноў­валі шырокі спектр харчовых тавараў.
Каля палаткі “Лепелькі” і кропкі хлебазавода пастаянна то збіралася, то разыходзілася невялікая чарга, прадаўцы хуценька падавалі тавар, адлічвалі рэшту. І нават нягледзячы на тое, што дзень быў не дужа цёплы, марожанае было распрададзена амаль цалкам.
А побач з палаткай паставілі некалькі пластыкавых столікаў, крэслаў, раскрылі вялікія парасоны — атрымалася кафэ на вольным паветры.
Мядовы край
На другім баку ад уваходу размясцілася мядовая палатка, у якой было прадстаўлена некалькі відаў салодкай прадукцыі. Васіль Аляксандравіч Бадзяй, што працуе старшынёй Горскага сельвыканкама, яшчэ і заўзяты пчаляр. Яго пчальнік налічвае некалькі дзясяткаў вуллёў. Стараецца весці справу на навуковай аснове, рэгулярна перавозіць вуллі бліжэй да кветканосаў.
— Васіль Аляксандравіч, а што за дакументы ляжаць у вас на стале побач са слоікамі мёду?
— Гэта, — бярэ ў рукі аркуш, — копія ветэрынарнага пашпарта на пчальнік, без гэтага дакумента нельга рэалізоўваць мёд і іншую прадукцыю. А гэта — членскі білет грамадскага аб’яднання “Беларускія пчаляры”.
Адчувалася, што суразмоўца, як і многія пчаляры, сеў на любімага канька, зараз раскажа цікава пра пчол, але ж — справы, свята — на першым месцы былі ў той дзень. Рушыў далей, дамовіўшыся, што пра пчол абавязкова пагаворым іншым, больш зручным разам.
Далей стаяла не чарговая гандлёвая палатка, на выдзеленым пляцы паставілі музычную апаратуру, выставілі мікрафоны — атрымаўся караоке-атракцыён. Любы жадаючы мог пад музыку праспяваць любімую песню, аднак рэй усё ж там вяло падрастаючае пакаленне — вучні школ. Асабліва запомнілася і спадабалася песня “Чистые пруды” з рэпертуара Ігара Талькова ў выкананні вучаніцы Горскай школы Аляксандры Семянько.
Ні адно свята не можа абыходзіцца без кропак грамадскага харчавання. Самы вялікі быў гандлёвы аб’ект раённага спажывецкага таварыства. Кааператары прадставілі шырокі асартымент прысмакаў. Тут можна было набыць традыцыйны шашлык і разнастайныя пернікі-цукеркі. А побач таксама адкрылі кафэ на вольным паветры, каб частавацца шашлыком і іншымі прысмакамі.
Адгукнуліся і прыватныя прадпрымальнікі, сваю кропку гарачага грамадскага харчавання арганізавалі работнікі кафэ “Сем вятроў”.
А ў самым пачатку гандлёвага рада размясцілася крама прадпрымаль­нікаў з Віцебска. Асабліва зацікавілі сувеніры, зробленыя са скур. Сабачкі, мядзведзікі, львы выглядалі і натуральна, і разам з тым забаўна. Рамесніца Святлана Рыбакова вырабляе такія цацкі, а потым рэалізуе іх на самых розных святах і фэстах: і на Дажынках, і на Славянскім базары. Акрамя гэтага, было прадстаўлена шмат іншай сувенірнай прадукцыі, рэчаў, карысных у гаспадарцы.
Разам з тым, хачу заўважыць, што прамысловыя прадпрыемствы Лепельшчыны ўпусцілі магчымасць паказаць сябе на такім важным свяце. А між тым і ААТ “Лепельпрамшвеймэбля”, і РДУП “Лепельскі электрамеханічны завод”, і прыватныя прадпрыемствы выпускаюць прадукцыю шырокага спажывання, якую не сорамна прадставіць.
* * *
Вось з боку ўезду ў Слабаду пачуліся гукі музыкі, паказалася святочнае шэсце. За міліцэйскай машынай, як за ганаровым эскортам, крочылі сцяганосцы з флагамі Беларусі, Віцебскай вобласці і Лепеля. Прыгожыя жанчыны ў нацыянальных строях неслі каравай і снапы збажыны — сімвалы багатага ўра­джаю і дабрабыту.
Ваенны духавы аркестр Заслонаўскага гарнізона граў марш за маршам, задаючы бадзёры рытм удзельнікам шэсця — работнікам сельскіх гаспадарак. 488
А далей па вуліцы ішла плынь народу — жыхароў Слабады і бліжэйшых вёсак, гасцей з Лепеля.
На адкрытай
пляцоўцы
Канцэрт на адкрытай пляцоўцы пачаўся крыху пазней, калі ўсе госці расселіся на лавачках. Перадавікоў віталі заслужаны калектыў “Су­нічкі”, вакальныя групы сельскіх клубаў і дамоў культуры. Вельмі спадабалася гледачам выступленне ансамбля гарманістаў Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Хлопчыкі адыгралі вальс, а потым — урэзалі польку! Ногі самі хацелі пусціцца ў скокі.
Паміж выступленнямі артыстаў адбываліся адны з самых цікавых і запамінальных момантаў — узнагароджанне перадавікоў. Старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў уручаў механізатарам, вадзіцелям заслужаныя дыпломы і прэміі. Усіх пералічваць не буду, бо перадавікоў багата, тым больш, што пра іх неаднаразова на працягу года больш падрабязна пісалася на старонках раёнкі. Заўважу толькі, што прыемна было паглядзець на мужчын-працаўнікоў, якіх называюць соллю зямлі.
Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый уручылі падарункі сваім ветэранам. І няхай сам падарунак часам быў і не вельмі каштоўны, затое нашмат болей значылі выказаная ўвага, пашана.
Канцэрт між тым працягваўся, шмат лірычных песень выканалі спевакі Іван Дабрыднеў, Людміла Шыпуля, Наталля Мацюш, Аляксандр Міхно, Мікалай Мадатаў. А песня “Гаспадар” у выкананні Аляксандра Балотніка магла б стаць гімнам вясковых працаўнікоў. На выкананне фінальнай песні на сцэну выйшлі ўсе спевакі. Канцэртную праграму працягвалі прафесійныя артысты з тэатра песні Ірыны Дарафеевай, якія таксама выканалі шэраг вясёлых і лірычных песень.
* * *
Аўтар вырашыў прайсці па падворках, арганізаваных ад кожнай сельгасарганізацыі. Іх проста немагчыма было абмінуць, бо ад кожнага ў паветры луналі водары свежай юшкі, духмянага шашлыку. Аднак куды ж без знакамітых беларускіх клёцак?! Мяркую, тут на месцы можна было б арганізаваць спаборніцтва клёцкавараў. Клёцкі вараць у кожнай лепельскай вёсцы, у кожнай сям’і, многія перадаюць з пакалення ў пакаленне сакрэтныя рэцэпты. Не ведаю, за кім была б канчатковая перамога, але інтрыгі ў свята дзея вельмі дадала б, як і прыбавіла б добрага настрою ўсім гасцям.
На кожным падворку між тым запрашалася ўсё больш наведвальнікаў. Гаспадары пастараліся стварыць індывідуальны, адметны антураж, многія запрасілі на дапамогу працаўнікоў са школ, сельскіх клубаў. Такі творча-вытворчы сімбіёз даў вельмі станоўчыя вынікі. Адзначыць кагосьці асабліва не змог — усе падворкі былі па-свойму адметныя, гас­цінныя, прыязныя, кожны меў сваю залаціначку.
А самымі далёкімі гасцямі на свяце сталі прадстаўнікі таварыства з абмежаванай адказнасцю “Балхім-Гарант” з Полацка — афіцыйны дылер легкавых аўтамабіляў “Geely” у нашым рэгіёне. Разгаварыўся са спецыялістам па продажах Аляксеем Хоніным.
— Якім чынам вы апынуліся тут?
— Нам выгадна, каб пра нас, нашу прадукцыю ведалі як мага больш лю­дзей, нашых патэнцыйных пакупнікоў. Вядома, не факт, што сёння набудуць машыну, але пабачаць нашу прадукцыю, возьмуць рэкламныя буклеты. Магчыма, хтосьці, збіраючыся памяняць аўто, зверне ўвагу на “Geely”.
— А ўвогуле, як ідуць продажы?
— Наш аўтацэнтр працуе год, за гэты час прададзена больш за 200 аўтамашын. З іх каля 20 працэнтаў набылі юрыдычныя асобы, арганізацыі, а каля 80 працэнтаў — фізічныя асобы. Устойлівы стэрэатып недаверу да беларускай прамысловай прадукцыі пакрысе змяняецца, наш пакупнік галасуе рублём за наш тавар, на баку якога такія вартасці, як цана, сэрвіс і якасць.
Больш як паўдня на свяце адбыў аўтамабіль “Geely”, яго паглядзелі сотні людзей.
Да самага завяршэння фэсту адбыць не змог, стаміўся, перапоўніўся ўражаннямі. Вяскоўцы сваёй напружанай, цяжкай працай заслужылі такое свята.
Васіль МАТЫРКА. 
На здымках: Барыс Яфрэмаў уручае граматы і прэміі; краса і гонар Лепельскай зямлі; работнікі ААТ “Ладасна” на сваім падворку; юныя артысты ў распісным вазку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.