Слова ж якое прыдумалі – “дзедсад”!

Слова ж якое прыдумалі – “дзедсад”! Мы прывыклі да традыцыйнага: прывыклі, што дзяцей у садзік водзяць бацькі. А калі наадварот: бацькоў – дзеці? Чаму б і не!

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У Камені, пры аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых людзей “Святліца”, ужо больш за год працуе… дзедсад. Пра тое, што гэта за ўстанова, гутарым з дырэктарам тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталляй Івановай.
— Наталля Віктараўна, чаму такая незвычайная назва?
— Таму што гэта і сапраўды садзік, толькі для пажылых людзей.
— Для якіх мэтаў ён створаны?
— Дзецям, што даглядаюць пажылых бацькоў, часам бывае патрэбная сацыяльная перадышка – кароткатэрміновыя “канікулы”. Ці мала якія сітуацыі здараюцца ў жыцці. “Дзеці” – як правіла, людзі працаздольнага ўзросту. Бывае, да вечара няма з кім пакінуць пажылога чалавека, якому небяспечна заставацца аднаму. Іншым разам патрэбна і пра сваё здароўе паклапаціцца. Адным словам, вось такі “садзік для дарослых” – рэальнае выйсце з цяжкой жыццёвай сітуацыі.
— І якія правілы знаходжання ў такой установе?
— Дзеці павінны самі завезці сюды бацькоў і самі ж потым забраць. У прынцыпе, гэта разавая паслуга, дамова заключаецца на адзін дзень, альбо на некалькі гадзін – якая ў каго патрэба.
— А можна тут знаходзіцца некалькі дзён, месяц і г.д.?
— Можна, толькі кожны раз трэба забіраць нанач. А калі ёсць патрэба пакінуць на больш працяглы тэрмін, чалавека афармляюць у аддзяленне кругласутачнага знаходжання.
— Зразумела. Гэты садзік кшталту дзённага стацыянару ў бальніцы, толькі ж тут не лечуць… І колькі каштуе знаходжанне?
— Гадзіна знаходжання каштуе сорак сем капеек. Калі чалавек тут увесь дзень, то ён і абедае. Абед – два рублі семдзясят восем капеек. Што да лячэння… Вядома, гэта не бальніца. Аднак, у комплексе паслуг ёсць і аздараўляльныя – гурток фізічнай рэабілітацыі, фітабар. Сёлета абсталявалі пакой пад назвай “малахітавая шкатулка”. Ён аформлены ў зялёна-бежавых танах. Тут можна прайсці курс ароматэрапіі, музыкатэрапіі, галатэрапіі, базальнай стымуляцыі.
— Што гэта такое?
— Самамасажы, утрыманне раўнавагі і г.д. Маецца спецыяльнае крэсла для масажу, гучыць адпаведная музыка, праходзіць медытацыя.
— А які інтэр’ер у самім дзедсадзе?
— Ложкі, мікрахвалевая печ, чайнік…
— І тэлевізар?
— Тэлевізара непасрэдна ў пакоі няма, але ён ёсць у аддзяленні. Увогуле працяглае знаходжанне ля тэлевізара прызнана непажаданым для пажылых людзей. Павышаецца ціск.
— А чым заняцца, акрамя тэлевізара? Што вы прапануеце ўзамен?
— У аддзяленні працуюць розныя гурткі. Напрыклад, аматары могуць заняцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, пескаграфіяй, паўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці і г.д.
— Ці ёсць абмежаванні па медыцынскіх паказчыках для знаходжання ў гэтай установе?
— Няздольнасць самастойна рухацца, інфекцыйныя захворванні, інваліднасць па прычыне эпілепсіі, вострай формы шызафрэніі, псіхічныя расстройствы, якія не дазваляюць знаходзіцца ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання.
— І ці карыстаецца дзедсад попытам?
— На жаль, не вельмі. Пакуль што пабывалі ўсяго два чалавекі.
— І дзеля гэтага трымаеце штатных працаўнікоў?
— Чаму ж, не. Усе тыя, хто абслугоўвае гэтую ўстанову, працуюць у “Святліцы”, без якой, вядома, арганізацыя падобнай формы абслугоўвання была б праблематычнай, ды і нерэнтабельнай.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

* * *
Сапраўды, на жаль, пакуль амаль пустуе дзедсад – садзік для пажыл ых людзей. Чаму? Магчыма, пра яго проста мала ведаюць. Сорак сем капеек (чатыры тысячы семсот на старыя грошы…). Хаця, тут даволі танны абед, а комплекс паслуг і сапраўды разнастайны. Наняць сядзелку будзе значна даражэй. Ды і хіба можна эканоміць на бацьках!
Магчыма, ёсць і іншая прычына – маральна-этычная. Некаторым здаецца непрымальным варыянт – вазіць бацькоў у дзедсад. А што ж тут непрымальнага? Гэта ж не ў дом састарэлых і не назаўсёды. Ці не лепей змясціць часова пажылога чалавека пад доглядам і кантролем, чым пакідаць дома аднаго? А жыццёвыя абставіны бываюць розныя.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: садзік для пажылых людзей у каменскай “Святліцы”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.