Службы посетили проблемные дома и квартиры: картина впечатляет

У рамках чарговай прафілактычнай акцыі аўтар гэтых радкоў увайшоў у склад адной з аглядавых груп, якая наведала шэраг кватэр і дамоў, дзе пражываюць так званыя катэгараваныя грамадзяне. Як правіла, яны схільныя да злоўжывання спіртнога, афіцыйна нідзе не працуюць, жывуць за выпадковыя заробкі і раней прыцягваліся да адміністрацыйнай, крымінальнай адказнасці за правапарушэнні. Аглядавую групу ўзначаліў намеснік пракурора Лепельскага раёна малодшы саветнік юстыцыі Сяргей Сініцкі. У рабоце групы таксама прыняў удзел участковы інспектар міліцыі маёр Сяргей Голубеў.

Наведванне многіх праблемных дамоў і кватэр, на вялікі жаль, пакідае вельмі непрыемныя ўражанні. Некалькі дзён мяне не пакідала думка: “Як можна апусціцца да такой ступені?!”.

Праблемны дом, кватэру можна спазнаць здалёк: абшарпаныя сцены, пабітыя шыбы, зарослы быльнягом двор і смурод. Падобная кватэра знаходзіцца ў доме №61 па вуліцы Валадарскага. Падымаючыся па лесвіцы, падумаў, што суседзям тут жыць вельмі цяжка.

У кватэры — 1 пакой. Бачна, што калісьці яе жыхары былі прыстойнымі людзьмі, у зале нават устаноўлены пластыкавы шклопакет, патынкаваны адкосы. А вось на кухні — старая рама з выбітай аконнай шыбай. Міжпакаёвых дзвярэй няма, мэбля амаль уся разламана, на падлозе — сантыметровы слой смецця з недакуркаў. Бачна, што ўборка тут не праводзілася год. Жыхары нават забылі пра такое паняцце. У прыбіральні разбіты ўнітаз. Дзе жыхары і госці спраўляюць свае натуральныя патрэбы, невядома.

2-павярховыя шматкватэрныя дамы па вуліцы Валадарскага на адрэзку паміж вуліцамі Лабанка і Ленінскай ад самай пабудовы не мелі цэнтралізаванага ацяплення, у кватэрах стаяць печы. Некалькі гадоў таму падчас газіфікацыі ў многія кватэры гаспадары падвялі газ, але ўладальнікі праблемных кватэр пра гэта нават і не думаюць. Печы ў іх жылых памяшканнях, як правіла, разбітыя, карыстацца імі немагчыма. Як гэтыя людзі збіраюцца жыць зімой, адказаць цяжка. Магчыма, мяркуюць сагравацца спіртным…

Газ у балонах для прыгатавання ежы ў кватэру таксама не дастаўляецца. Прычыны таму дзве. Першая — гаспадары не лічаць патрэбным набываць газ. Па-другое, работнікі газавай службы не прывозяць і не ўстанаўліваюць газавыя балоны ў такія кватэры, бо іх жыхары і шматлікія наведвальнікі не выконваюць меры бяспекі пры карыстанні газам у побыце.

Больш таго, кватэра ўжо даўно адключана ад электраэнергіі. Абрэзаная праводка тырчыць са шчытка, ніводная лямпачка не ўключаецца, халадзільнік жа размешчаны ў жылым пакоі ў якасці элемента мэблі.

Гаспадар на момант прыходу аглядавай групы ляжаў на раскладзенай канапе, насупраць яго, на грудзе рыззя — госць. Адбылася размова.

— Вось грамадзянін К., — пазнаў чалавека на падлозе Сярей Голубеў. — Ён прапісаны ў сваім доме. Хаця домам будынак назваць нельга. Чалавек вядзе антысацыяльны лад жыцця, пе, нідзе не працуе. Па яго ўласнай віне ў доме тройчы былі загаранні, у выніку будынак згарэў.

— З такім стаўленнем да ўласнай бяспекі вы і тут можаце ўчыніць пажар. Аднак жа калі ў прыватным доме вы рызыкуеце толькі сваім жыццём і здароўем, то тут вы ставіце пад пагрозу жыццё і здароўе суседзяў, — абураецца Сяргей Сініцкі.

— Якім чынам вы ўвогуле тут зявіліся? — пытаецца ў К. Сяргей Голубеў.

— Дома няма, я фактычна жыву на памыйні, вось зайшоў у госці да сябра.

— Дык вы ж і ў гэтай кватэры ўжо памыйню зрабілі!

Кватэра ў суседнім доме №63 амаль такая ж, як і ўказаная раней: на падлозе — слой смецця, разбітая кухня, на рэштках стала, ракавіны, пліты — вялікі слой гразі. Печ з пабітымі дзверцамі, у якой паліць ужо нельга, пакарэжаная мэбля… 2-е чалавек — гаспадар і госць — сядзяць у пакоі ў верхняй вопратцы і абутку, кураць, побач валяюцца бутэлькі з-пад спіртнога. Адрозненне адно — кватэра яшчэ не адключана ад электразабеспячэння.

Аднак сустракаюцца выпадкі, калі гаспадары імкнуцца выйсці на шлях выпраўлення. Так, у прыватным сектары аглядавая група наведала жанчыну, якая працяглы час знаходзілася на прафілактычным уліку ў якасці асобы, што раней прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці і была схільная да злоўжывання спіртнога. Падчас апошняга наведвання прадстаўнікі аглядавай групы зафіксавалі станоўчыя змяненні. Жанчына ў доме знаходзілася адна, была ў цвярозым стане. Сумніўныя госці сюды заходзілі рэдка. У пакоях быў наведзены адносны парадак.

Жанчына ўладкавалася на працу. Мае хоць і невысокія, але пастаянныя заробкі.

— У бліжэйшы час мая галоўная задача — набыць дровы на зіму. Падала заяўку ў гарпалівазбыт, чакаю, — дзеліцца суразмоўца.

Усяго за некалькі дзён аглядавыя групы наведалі дзясяткі праблемных сядзіб, удакладнілі многія вострыя пытанні. Сяргей Сініцкі галоўную мэту абходу акрэсліў так:

— Для мяне, як намесніка пракурора, важна найперш пабачыць не толькі стан спраў праблемных катэгорый грамадзян, але яшчэ даведацца, якія меры былі прыняты па вырашэнні праблем органамі ўлады, прадстаўнікамі адказных службаў. Я вяду кантроль за тым, якія прымяняліся варыянты дапамогі, спосабы ўздзеяння, каб абараніць не толькі праблемных грамадзян, а і членаў іх семяў, суседзяў.

У завяршэнні матэрыялу хочацца адзначыць наступнае. Побач з намі часта жывуць людзі, якія па шэрагу абставін не могуць справіцца са сваімі праблемамі, вырашыць тыя ці іншыя пытанні. Нярэдка яны ўчыняюць адміністрацыйныя правапарушэнні. Аднак неабходна задумацца, па якой прычыне яны ідуць па шляху ў бездань. Калі ім трэба дапамагчы, варта разабрацца, якая дапамога ім патрэбна.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымку: тыповы інтэрер праблемнай кватэры; людзі ўчыняюць памыйню там, дзе жывуць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.