Смяротны прысуд лёсу жыхару Лепельшчыны Васілю Буяльскаму

буяльски василь. 1917 гн. стаиць. заг. вав Марыя Ставер свайго бацьку амаль не памятае. Адзіны эпізод, які захаваўся — гэта была першая і бадай апошняя сустрэча маленькай дзяўчынкі з родным чалавекам. У сямейным альбоме засталося некалькі чорна-белых фотаздымкаў, якія бацька даслаў перад вайной  падчас службы ў Чырвонай арміі. Былі калісьці і лісты-“трохкутнічкі”, але яны да цяперашняга не захаваліся.

Па тым часе Васіль Буяльскі быў  даволі адукаваным чалавекам і працаваў у калгасе бухгалтарам. Марыя нарадзілася ў саракавым годзе, незадоўга да прызыву бацькі ў войска. А неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна, і сувязь з сям’ёй абарвалася. Доўгія чатыры гады не было ніякіх звестак ад Васіля. Толькі ўвосень 1944 года ён на некалькі дзён завітаў дадому. Вось тады і сталі вядомы ўсе акалічнасці яго ваеннай біяграфіі, якія нагадваюць  вострасюжэтны фільм, прысвечаны падзеям мінулай вайны.

У  самым пачатку  Васіль трапіў у нямецкі палон, дзе прабыў некалькі год. Умовы ўтрымання ў лагеры былі, як кажуць, па-за ўяўленнем аб чалавечнасці. Здараліся нават выпадкі канібалізму. Большасць вязняў  былі маральна спустошаныя,  абыякавыя да ўсяго. Прычынай таму была поўная ізаляцыя. Крыху лягчэй стала пасля таго, як ваеннапалонных пачалі выкарыстоўваць у якасці працоўная сілы. Цяпер  яны маглі мець зносіны з  насельніцтвам. Стала вядома, што немцы пацярпелі паражэнне пад Масквой, а ў тыле пашыраецца партызанская барацьба. З’явілася надзея на выратаванне.

Разам з шасцю  таварышамі Васіль  вырашыў  уцячы з лагера. На працягу двух месяцаў капалі  падземны тунэль, па якім і выбраліся на волю. Наколькі хапала сіл, рухаліся ў  бок Мінска, недалёка ад якога жылі бацькі аднаго з уцекачоў. Стараліся ісці ноччу. З кожным днём сіл станавілася ўсё меней. Адзін за адным сталі паміраць таварышы. Васіль трымаўся толькі дзякуючы сваёй вясковай цягавітасці і, як ён сам сведчыў, невысокаму росту і хударляваму целаскладу.  У хуткім часе яны засталіся ўдвух —  Васіль і  хлопец, да вёскі якога было зусім недалёка, дзе, здавалася, чакала выратаванне. Адзінай  вялікай перашкодай заставалася шашэйка, якая была пад пільнай аховай немцаў. Пры пераходзе бальшака Васілёў паплечнік загінуў. Здарылася гэта ўсяго за некалькі кіламетраў ад родных мясцін.

Наступнай ноччу Васіль адшукаў патрэбную яму вёску і  бацькоў загінулага таварыша. Разам вярнуліся на месца трагедыі і пахавалі нябожчыка-сына.

Некалькі дзён Васіль заставаўся госцем у незнаёмых яму людзей, якія, рызыкуючы сабой, далі прытулак, а потым паказалі дарогу да партызанаў, што размяшчаліся ў бліжэйшым лесе.

Партызанскі вартавы папярэдзіў Васіля, што тых, хто прыйшоў прасіцца ў партызаны з палону, расстрэльваюць. Аднак хлопец ужо настолькі быў маральна спустошаны, што паслухмяна чакаў вырашэння свайго лёсу. Колькі давялося чакаць, пакуль за ім прыйдзе партызанскае кіраўніцтва, ён не памятаў. Калі ў цемры раздаўся тупат конскіх капытоў і сталі чуваць галасы, не адразу зразумеў, што гэта па яго душу. Але да сценкі яго не паставілі. Адзін з партызанскіх камандзіраў прызнаў у схуднелым, з зарослым тварам уцекачы свайго былога падначаленага ардынарца. Яшчэ месяц выходжваў, а потым залічыў да сябе ў атрад.

Дзе партызаніў бацька, Марыя Васільеўна не ведае. Толькі пасля вызвалення Васіль Буяльскі з’явіўся на парозе роднай хаты ў Домжарыцах. Маленькая Марыйка падумала, што гэта немец. Ёй падалося, што яго шапка нагадвае нямецкую, кінулася хавацца ў стог саломы. Яе адтуль, заплаканую, ледзьве выцягнулі. Доўга дзяўчынка не магла звыкнуцца з думкай, што гэты незнаёмы дзядзька, які выглядаў крыху старэй свайго ўзросту, і ёсць яе родны бацька, пра якога шмат чула ад мамы.

Пасля партызанаў Васіль адразу быў прызваны ў войска, аднак камандаванне дало адтэрміноўку, каб завітаў пабачыцца з роднымі. Хутка праляцелі дні звальнення. Цяжкім было расстанне з сям’ёй – жонкай, маленькай дачушкай. Усе жылі надзеяй, што цяпер ужо з бацькам нічога страшнага здарыцца не можа, зберажэ яго лёс. Аднак не збярог…

Рэгулярна з фронту ішлі пісьмы. Васіль займаў пасаду старшыны сапёрнай роты ў стралковым палку. Настаў пераможны сорак пяты, заставаліся лічаныя дні да Перамогі. Цяжкія баі ішлі на подступах да Берліна. Старшына Буяльскі вызначыўся пры фарсіраванні Одэра ў канцы красавіка 1945 года, за што быў прадстаўлены да медаля “За адвагу”. А праз некалькі дзён яго цяжка параніла. Пра тое дадому ў адным з пасланняў паведаміла медсястра са шпіталя. Было яшчэ некалькі лістоў, напісаных не- знаёмай рукой. З надзеяй чакалі чарговага ліста з добрымі весткамі ад Васіля. Верылі толькі ў лепшае, бо наступіў ужо доўгачаканы Дзень Перамогі. Таму калі ў чарговы раз да Буяльскіх завітаў паштальён,  не здзівіліся.  Але на гэты раз замест запаветнага “трохкутнічка” ён паклаў на стол казённую паперу, у якой значылася, што Васіль Буяльскі памёр ад ран  15 мая 1945 года.

 Валерый Тухта.

 На здымку: Васіль Буяльскі.

 Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.