Солдат войны не выбирает

lixachyov-aleksandrВайна ў Афганістане назаўсёды пакінула глыбокі адбітак у сэрцах юнакоў, якія здолелі вярнуцца адтуль жывымі. Горыч невыноснай страты дасталася родным тых, хто навечна застаўся маладым, склаўшы галаву на чужыне. Нямала вады сплыло з таго часу. Пакрысе зажылі раны, пастарэлі салдаты і афіцэры. Аднак памяць пра тую далёкую вайну жывая. Сцерці падзеі таго часу не змогуць ні гады, ні адлегласць.

podosinovik-sergej-mixajlovichЯк бы ні мянялася стаўленне грамадскасці да падзей 1979 — 1989 гадоў у Афганістане, людзі, якія вынеслі на сабе цяжар вайны, прайшлі праз яе агонь, застаюцца вартымі павагі.
Мы часта кажам: “Салдат вайны не выбірае”. Так. Яны не выбіралі тую вайну. Час выбраў іх, і яны, верныя воінскай прысязе, з гонарам выканалі свой абавязак.
Многія нашы землякі праяўлялі ўзоры гераізму і мужнасці пры выкананні баявых заданняў у Афганістане, за што былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. На вялікі жаль, многія з іх да цяперашняга часу саромеюцца сваіх заслужаных узнагарод. Сярод тых, чые парадныя кіцелі і выцвілыя пад пякельным паўднёвым сонцам “афганкі” ўпрыгожылі ордэны і медалі, не толькі афіцэры і прапаршчыкі, а і радавыя салдаты.
Колькі ўсяго і якія ўзнагароды атрымалі за афганскую вайну лепяльчане, дакладна невядома. Магу толькі назваць прыкладную лічбу на падставе інфармацыі, сабранай з розных даступных крыніц, ці атрыманай ад саміх ветэранаў той вайны.
Па-першае, усе без выключэння савецкія вайскоўцы, якія праходзілі службу ў шэрагах абмежаванага кантынгента савецкіх войскаў у Афганістане, узнагароджаны нагрудным знакам “Воіну-інтэрнацыяналісту” і Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. Медаль з’яўляецца ўзнагародай Рэспублікі Афганістан. Указ аб яго заснаванні быў падпісаны 15 мая 1988 года, у дзень, калі пачаўся вывад першых савецкіх вайсковых частак з Джэлалабада. На вайсковым слэнзе гэты медаль часта называлі “Дзякуй, што сышлі!”.
Медалём “За баявыя заслугі” адзначаны 52 жыхары Лепельшчыны. Самай пачэснай узнагародай сярод салдатаў і афіцэраў лічыўся медаль “За адвагу”, якім узнагароджаны 30 чалавек. Напрыклад, Уладзімір Дальчанін з Юркоўшчыны стаў двойчы кавалерам гэтага медаля. У спісе адзначаных медалём “За адвагу” нямала мінёраў, якія амаль штодня рызыкавалі сваімі жыццямі, калі абясшкоджвалі дарогі ад “душманскіх” мінаў і фугасаў.
Сярод ордэнаў самай масавай узнагародай, якую ўручалі ў Афганістане, быў ордэн Чырвонай Зоркі. Двойчы ім падчас праходжання тэрміновай службы ў Афганістане ўзнагароджаны старшына Сяргей Крыцкі з вёскі Рудня. Усяго вядома трыццаць чалавек, адзначаных ордэнам Чырвонай Зоркі. Многія, як Сяргей Падасінавік з Чэрцаў, атрымалі яго за цяжкае раненне. Сямёра лепельскіх хлопцаў удастоены ўзнагароды пасмяротна.
Афіцэрскім ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” III ступені адзначаны пятнаццаць чалавек. Адной з вышэйшых узнагарод, ордэна Чырвонага Сцяга, удастоены Васіль Азаронак з Верабак, начальнік штаба пагранічнай заставы. Васіль Яўгенавіч ганарыцца тым, што дзякуючы ўмелым дзеянням яго і іншых афіцэраў за 11 месяцаў застава не страціла ніводнага байца. За гэта і атрымаў узнагароду адважны афіцэр.
Па абодва бакі савецка-афганскай мяжы штодня неслі службу “зялёныя фуражкі”. На грудзях васьмі лепяльчан-пагранічнікаў сярод іншых зіхаціць медаль “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы СССР”.
Нароўні з савецкімі ўзнагародамі лепяльчане атрымлівалі і ўзнагароды Рэспублікі Афганістан. Ордэнам Чырвонага Сцяга ДРА ўзнагароджаны двойчы кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Алег Хватынец з лядненскай Слабодкі, які займаў у Афганістане пасаду намесніка начальніка разведаддзела 40-й арміі. Мотастралок Леанід Бартко, адзіны з лепяльчан, узнагароджаны афганскім медалём “За адвагу”. Афганскім ордэнам “Зорка” ІІІ ступені адзначаны афіцэры спецпадраздзяленняў Аляксандр Ліхачоў, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” III ступені, і Уладзімір Бяляеў, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі.
Валерый ТУХТА.
На здымках: Сяргей Падасінавік; Аляксандр Ліхачоў (уверсе).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.