Соревнование в водительском мастерстве среди женщин «Автоледи» и мужчин «Автобос»

img_8797 Апошнім часам у выпусках навін, у інтэрнэце сустракаюцца сюжэты аб мерапрыемствах “Аўталедзі”. Што гэта такое, задаўся пытаннем. А на днях падобнае мерапрыемства было праведзена і ў Лепелі на базе аўташколы ДТСААФ. Гэта было спаборніцтва ў вадзіцельскім майстэрстве сярод жанчын “Аўталедзі” і мужчын “Аўтабос”.  Апошнім часам у выпусках навін, у інтэрнэце сустракаюцца сюжэты аб мерапрыемствах “Аўталедзі”. Што гэта такое, задаўся пытаннем. А на днях падобнае мерапрыемства было праведзена і ў Лепелі на базе аўташколы ДТСААФ. Гэта было спаборніцтва ў вадзіцельскім майстэрстве сярод жанчын “Аўталедзі” і мужчын “Аўтабос”.

img_8772Варта зазначыць, што хоць і мерапрыемства абяцала быць цікавым, і аўтааматараў сярод лепяльчан і лепяльчанак мноства, аднак жадаючых паўдзельнічаць было мала — прыехалі па тры чалавекі ў кожнай намінацыі. У жаночай між сабой спаборнічалі Наталля Хрол на Fiat Stilo, Кацярына Малінко на Fiat Tempra і Вікторыя Барадзёнак на Toyota Jaris. З мужчын на спаборніцтвы прыбылі Аляксандр Гатоўка на Renault Laguna, Ігар Крукаў на такой жа машыне і Яўген Шыдлоўскі на Peugeot 307.
— Чаму сабралася так мала ўдзельнікаў? — задаю пытанне аднаму з арганізатараў мерапрыемства першаму сакратару райкама БРСМ Ульяне Бых.
— Сама не магу растлумачыць, — адказвае. — За некалькі дзён мы далі анонсы ў інтэрнэт, склікалі сакратароў пярвічных арганізацый БРСМ з прадпрыемстваў, паведамілі ім, далі заданні знайсці і прывесці жадаючых.
Паводле палажэння, спаборнічаць мелі права члены БРСМ або члены прафсаюзаў ва ўзросце ад 18 гадоў, якія маюць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”, на асабістым спраўным аўтамабілі любой маркі з любым тыпам кузава. Асобна дадавалася, што машына павінна мець механічную каробку пераключэння перадач, прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўны тэхнічны агляд. Удзельнік на працягу апошняга года не павінен быць прыцягнуты да адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху.
Спачатку ўдзельнікі спаборніцтваў пайшлі ў клас тэарэтычнай падрыхтоўкі, дзе адказвалі на экзаменацыйныя білеты на камп’ютарах. У жаночым заліку першай стала медсястра цэнтральнай раённай бальніцы Кацярына Малінко, якая толькі год таму атрымала вадзіцельскае пасведчанне. Дзяўчына казала:
— Я такім жа самым чынам зусім нядаўна здавала на правы, таму ніякіх цяжкасцяў не адчувала.
А вось для вядучага спецыяліста па кадрах КУВП “Бароўка” Наталлі Хрол, якая мае амаль 20-гадовы вадзіцельскі стаж, тэарэтычны тэст стаў сапраўдным выпрабаваннем.
Сярод мужчын лідарам стаў майстар КУВП “Бароўка” Яўген Шыдлоўскі.
Пасля гэтага перамясціліся на пляцоўку для практычных спаборніцтваў, дзе трэба было прадэманстраваць майстэрства ў кіраванні машынай. Перад заліковымі заездамі ўсім удзельнікам далі магчымасць праехаць па ўсіх этапах.
Несумненным плюсам быў той факт, што спаборнічалі ўдзельнікі на сваіх машынах. Ездзілі асабліва асцярожна. За кожнае парушэнне налічваліся штрафныя балы. Па суме абодвух этапаў пераможцамі сталі Яўген Шыдлоўскі і старшы інспектар АДАІ РАУС Вікторыя Барадзёнак.
На пытанне, як яны даведаліся пра спаборніцтвы, адказалі аднолькава:
— Напярэдадні начальнік выклікаў, сказаў: “Заўтра ўдзельнічаеш”. “Добра,” — быў мой адказ.
— Што было самым цяжкім у спаборніцтвах? — пытаюся ў Яўгена.
— Праехаць усе этапы на час. З аднаго боку, хацелася праляцець усю дыстанцыю хутка, з іншага — трэба было ехаць акуратна, каб не нахапаць штрафных балаў.
— Ці багаты ў вас вадзіцельскі стаж?
— Вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “А” атрымаў, як толькі споўнілася 16 гадоў. Зараз мне 28, за гэты час адкрыў яшчэ катэгорыі “В” і “С”. Першую аформіў яшчэ ў 18 гадоў, а другую пазней, як вучыўся ва ўніверсітэце. На канікулах вывучыўся і здаў экзамены. Да тэхнікі цягнула з юнацтва.
— Вікторыя Сцяпанаўна, вы на сваёй Toyota Jaris абышлі нават мужчынскага пераможцу Яўгена. А як здарылася, што вы не сталі першай у тэарэтычным этапе?
— Адставанне было мінімальным, некалькі балаў. У сваё апраўданне заўважу, што сама здавала экзамены дзевяць гадоў таму, а ў практычным спаборніцтве я сапраўды была самай хуткай, пры гэтым дапусціла толькі адну памылачку, не даехала некалькі сантыметраў да фінальнай стоп-лініі.
Правядзенне спаборніцтваў паміж людзьмі “з вуліцы”, без усялякай папярэдняй падрыхтоўкі — выдатная ідэя. Здымаецца залішняе напружанне, ствараецца нефармальная абстаноўка, якая спрыяе духу здаровага першынства, жадання выпрабаваць сябе і свае машыны.
На пытанне, ці пагодзяцца зноў паўдзельнічаць у падобных спаборніцтвах, усе ўдзельнікі адказалі сцвярджальна.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: “аўтабос” Яўген Шыдлоўскі і “аўталедзі” Вікторыя Барадзёнак ля сваіх машын.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.