Сорт — только «экстра»

img_5801Ала Пазняк на момант прыходу карэспандэнта якраз была ў тым загоне, выганяла кароў, якім быў ужо час даіцца. Некалькі ўладных, гаспадарскіх воклічаў — і сіўкі-лыскі паслухмяна ідуць да станкоў-робатаў, дзе іх ужо чакаюць порцыя камбікорму і даільная апаратура. Далей — справа аўтаматыкі.
Пакуль ідзе аўтаматызаваны працэс, перамяшчаемся ў пакой адпачынку. Наперадзе — прыемная і ганаровая місія – уручэнне дыплома і прэміі. Справа ў тым, што даярка Ала Пазняк стала пераможцай у чарговым этапе абласнога вытворчага спаборніцтва сярод маладых аператараў машыннага даення.
У пакоі адпачынку сабраліся амаль усе свабодныя ад працы ў дадзены момант работнікі комплексу. Уручаючы дыплом, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч сказаў:
— Вельмі радуе, што моладзь выбірае рабочыя спецыяльнасці, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Радуе, што маладыя работнікі, і вы, Ала Аляксееўна, у тым ліку, дасягаеце высокіх вынікаў. А высокія надоі — гэта і высокі заробак. Жадаю вам і надалей не збаўляць тэмпаў працы, каб мы яшчэ шмат разоў сустракаліся па такой добрай нагодзе.
Ала нарадзілася і вырасла ў шматдзетнай вясковай сям’і, таму сялянская праца для яе прывычная. І працоўны шлях пачынала ў гэтай жа гаспадарцы, працавала даглядчыцай цялят, даяркай. Праўда, умовы працы ў той час і цяпер — непараўнальныя. Успамінае:
— На ранейшай ферме даілі ў малакаправод, а тут усё аўтаматызавана. Там даільныя апараты насілі, кожнай кароўцы кланяцца даводзілася. Тут жа працаваць прасцей, лягчэй.
Потым некаторы час дзяўчына працавала на свінакомплексе ў Дражне, пару гадоў была прадаўцом у кафэ ў Стаях. Два гады таму пачула, што адкрываецца вакансія аператара на робатызаваным комплексе ў Старым Лепелі.
Задаўся пытаннем: чаму, як так здарылася, што з усяго вялікага калектыву комплексу адзначылі менавіта Алу Пазняк, па якіх крытэрыях?
— Крытэрый адзін — валавы надой і якасць малака, — адказала намеснік дырэктара СВФ “Заазер’е” па жывёлагадоўлі Вікторыя Падабед. — чым вышэйшыя надоі і якасць — тым большы заробак, вышэйшыя і шанцы стаць пераможцам у спаборніцтве. З аднаго боку, усе работнікі ў роўных умовах. Статак адзін і той жа, кармы раздаюцца аўтаматызавана, у роўнай меры ўсім каровам. Выдачу камбікорму і даенне кароў кантралюе робат. У чым жа значэнне і функцыя аператараў машыннага даення? Галоўная — кантроль за працэсам. Бо аўтаматыка аўтаматыкай, а жывога вока не заменіць нішто. Ды і жывёлы бываюць вельмі розныя. Вось адна за порцыю камбікорму гатовая праз кожную гадзіну падыходзіць да даільнага робата, а другая, як падоіцца і пад’есць, кладзецца спаць і можа адляжаць паўдня, а то і больш. Вось за такімі і патрэбны асаблівы догляд. Ала заўважае такіх і перыядычна падымае, падштурхоўвае, падводзіць да даільнага апарата, каб перыядычнасць даення не парушалася. Вось вам і вынік.
— Які ў вас графік працы? — пытаюся ў Алы Пазняк.
— У прынцыпе, зручны — па 12 гадзін. Хапае часу і каб папрацаваць, і дома справіцца, дачушкай заняцца.
— А колькі год падрастаючаму пакаленню, якія ў яе інтарэсы?
— Іра ходзіць у чацвёрты клас Стайскай школы. Вучыцца ў асноўным на шэсць-сем. Любімыя прадметы творчыя: маляванне, спевы. Яна яшчэ з дзіцячага садка ходзіць у музычную школу, танцуе, спявае, грае на цымбалах.
— Калі не сакрэт, які ў вас заробак?
— На рукі атрымліваю каля 500 — 600 рублёў у месяц у залежнасці ад надояў і якасці малака.
З якасцю прадукцыі робатызаванага комплексу ў Старым Лепелі, трэба зазначыць, ніякіх праблем няма. За апошнія гады малако адтуль прымаецца толькі гатункам “экстра”.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Ала Пазняк (злева) прымае дыплом за ўзорную працу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.