Создаю три картины проекта “Дети войны”, которые будут иметь примерные названия

img_3463

Летась маладым лепельскім мастаком Аляксеем Ляшчовым быў ажыццёўлены маштабны творчы праект “Жыць, каб памятаць”, намаляваны дванаццаць партрэтаў знакамітых людзей, у тым ліку Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Лепельшчыны або іх дзейнасць непасрэдна звязана з нашым родным краем. Вырашыў пацікавіцца, над чым зараз працуе таленавіты творца.
— Ствараю тры карціны праекта “Дзеці вайны”, якія будуць мець прыкладныя назвы “Сын палка”, “Дзеці на вайне” і “Дзеці ў канцлагеры”, — паведаміў Аляксей Ляшчоў. — Шлях да канчатковага ўвасаблення творчай задумы на мастацкім палатне доўгі і цярністы. Зразумела, што ўсё гэта можна здзейсніць толькі ў тым выпадку, калі жадаеш зрабіць па-сапраўднаму глыбокія, эпічныя па змесце творы.
Пакуль што збіраю факталагічны матэрыял, фотаздымкі таго часу, успаміны непасрэдных удзельнікаў тых падзей, знаёмлюся з узорамі стралковай зброі таго часу. Напрыклад, у той жа карціне “Сын палка” вобраз гэтага юнага змагара супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў не ўяўляю без наяўнасці ў яго руках нейкай канкрэтнай зброі. Дзеці нароўні з дарослымі актыўна ўдзельнічалі ў змаганні супраць ворага. Прынамсі, нават нямецкі галоўнакамандуючы ў Беларусі ў 1943-1944 гадах генерал фон Готберг прызнаваў: “Жанчыны і дзеці пастаянна мініравалі дарогі ў тыле нашых войскаў”.
— На якім этапе зараз знаходзіцца работа над карцінамі?
— На этапе стварэння эскізаў, прыкладных замалёвак і накідаў алоўкам на паперы, што потым павінна паступова выкрышталізавацца з усімі важнымі дэталямі. На сённяшні дзень намаляваў ужо восем эскізаў.
— Калі мяркуеш закончыць тры карціны праекта “Дзеці вайны”?
— Да Дня Перамогі.
Сустрэўся з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Азаронкам, каб даведацца, дзе цяпер знаходзяцца карціны праекта “Жыць, каб памятаць”, якія летась намаляваў Аляксей Ляшчоў, а затым падарыў роднаму гораду.
— Пакуль што яны для ўсеагульнага агляду і азнаямлення размешчаны ў фае гімназіі імя Ерашова, — паведаміў Віктар Уладзіміравіч. — Гэтыя творы выяўленчага мастацтва будуць там знаходзіцца да таго часу, калі закончыцца карэнная рэканструкцыя старажытнага будынка былога вінаачышчальнага склада па вуліцы Савецкая пад краязнаўчы музей. У гэтай дзяржаўнай установе культуры знойдзецца месца для размяшчэння карцін Аляксея Ляшчова ў якасці асобнай экспазіцыі. Выдатным дадаткам да яе стануць і ствараемыя зараз мастаком карціны праекта “Дзеці вайны”.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: адзін з эскізаў Аляксея Ляшчова да ствараемай ім карціны “Сын палка”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.