Создают для нас комфорт и уют


Штораніцы мы ідзем на працу, вучобу ці па сваіх справах, не заўважаючы, што дарожкі да пад’ездаў падмецены, а ў двары прыбрана смецце. За ўсім гэтым стаіць штодзённая і напружаная праца дворнікаў, якая не спыняецца ні пры якіх умовах надвор’я.
Звычайна ў камунальную службу паступаюць звароты і скаргі: чаму ў хаце цячэ дах, у двары не рамантуюць лаўкі і яшчэ шмат чаго не робяць. Аднак часта лепяльчане гавораць і дзякуй супрацоўнікам КУВП «Бароўка». І гэта вельмі важна, бо няма іншай галіны, якая была б так цесна звязана з забеспячэннем камфортных умоў пражывання людзей. Дабрабыт кожнага дома, кожнай сям’і шмат у чым залежыць ад працы гэтай сферы, ад прафесіяналізму людзей, якія шчыруюць у ёй. Часам камунальнікам даводзіцца працаваць у няпростых умовах.
Так, нядаўна ад жыхароў дома Калініна, 84а паступіла падзяка ў адрас дворніка Валянціны Папко. Спяшаюся пазнаёміцца з Валянцінай Леанідаўнай, тым больш напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Менавіта людзі гэтай прафесіі робяць нашы гарады і двары чыстымі і ўтульнымі. Складана ўявіць, у што б ператварылася наша планета, калі хаця б на дзень адпусціць усіх дворнікаў свету ў водпуск.
Здалёку заўважаю на ўчастку жанчыну, якая клапатліва вымятае смецце з самых патаемных месцаў, каб вакол была чысціня і парадак, каб людзям, якія пражываюць у гэтых дамах, было прыемна прайсціся па двары.
— Праца мне падабаецца, бо патрэбная і кожны дзень знаходзішся на свежым паветры. Часам цяжка зімой бывае, але ўжо прывыкла. На кожнай рабоце складана і ўсюды ёсць праблемы, — кажа жанчына.
— А вы ведаеце, што жыхары гэтых дамоў вельмі ўдзячныя за вашу працу?
— Прыемна чуць, — усміхаецца мая суразмоўца. — Прыбірацца імкнуся па сумленні, і людзі гэта заўважаюць. Часам праходзяць жыхары і проста дзякуюць.
Раніцай, калі ідзе Валянціна Леанідаўна на працу, ужо прыкідвае кожны ўчастак, вызначае, у які бок вецер дзьме, з якога боку лепш пачынаць прыбіраць, на якой лаўцы адпачывала моладзь уначы.
— Якая пара году самая складаная для вас?
— Напэўна, зіма, бо вакол сцюдзёна і цёмна. Асабліва калі метровыя гурбы намецены. Спачатку прачышчаем тратуары, каб людзі маглі спакойна прайсці і не спазняліся на працу з-за пагодных умоў, а потым астатняя праца.
Менавіта на гэтым участку жанчына працуе каля 5 гадоў, а ўвогуле стаж у прафесіі складае 15 гадоў. Працавала таксама ў раёне МКК і па вуліцы Валадарскага.
— Не магу нават сказаць, дзе лепей працавалася. З усімі людзьмі ладжу добра. Вось, напрыклад, у раёне МКК жыхары часта арганізоўвалі суботнікі: і мне дапамагалі, і не смецілі, бо самі прыбіралі.
— Якая самая вялікая праблема ў вашай працы?
— Самая вялікая бяда — недакуркі. Многія паляць на сваіх балконах і проста кідаюць цыгарэты ўніз. Не разумею, чаму нельга загасіць бычок і кінуць яго, напрыклад, у банку з накрыўкай. Асабліва калі снег сходзіць, проста жах, што робіцца. Пад вокнамі не дзясяткі, а тысячы недакуркаў збіраецца, — кажа жанчына.
Родам Валянціна Леанідаўна з вёскі Жарсцвянікі. Пасля 9 класаў СШ №2 паступіла ў Лепельскае ПТВ-175 на швачку-матарыстку. Хоць прафесія і патрэбная, аднак ні дня не давялося па ёй працаваць. Сказаць, што ўвогуле спецыяльнасць гэтая не згадзілася ў жыцці, нельга, бо ў жанчыны 3 дачкі: заўсёды трэба штосьці падлатаць, перашыць, зашыць…
Пасля заканчэння вучылішча некалькі гадоў знаходзілася на біржы працы і ўрэшце ў 2009 годзе была аформлена па кантракце ў ЛКУП ЖКГ “Лепель”.
Раней працоўны дзень пачынаўся а 6-й гадзіне раніцы і да 15 гадзін дня. З часам змяніўся на звычайны для ўсіх нас.
Не можа мая суразмоўца сядзець без справы, дома таксама заўсёды знаходзіць рукам справу: прыбіраецца, займаецца прыгатаваннем ежы, мыццём бялізны, пасадкай гародніны.
У Валянціны Леанідаўны ўжо дзве дачкі Алеся і Яўгенія пайшлі ў самастойнае жыццё і падарылі дзвюх прыгожых унучак Васілісу і Кацюшку. Трэцяя, малодшанькая, дачушка Улада праз год пойдзе ў першы клас. Усе дзяўчаты ў сям’і Папко працавітыя, напэўна, гэта рыса перайшла ад маці. Асабліва калі рыхтуюцца да святаў, кожнай гаспадыні ёсць работа па душы.
— Магчыма, маладзейшае пакаленне не ведае, як наша Валянціна працуе, а мы бачым і цэнім гэта. Увечары вось, напрыклад, людзі гуляюць, часам піва п’юць, паляць цыгарэты, пасля іх застаецца смецце. А раніцай як і не было ўсяго гэтага, вакол парадачак і чысціня, — кажуць жанчыны з двара.
— Валянціна Леанідаўна — вельмі працавітая і адказная. У нас заўсёды чыста, прыемна пасядзець на лаўцы, ні якое смецце не псуе настрой. Мы таксама як палім цыгарэты, недакуркі выкідваем у сметніцу, — кажа жыхар дома Андрэй Крылоў.
Іх двор сапраўды вельмі чысты. Хацелася б звярнуцца да кіраўніцтва КУВП «Бароўка» з просьбай, каб Валянціну Леанідаўну заахвоцілі за яе працу. Яе дзейнасць складана не заўважыць. Вельмі прыемна, калі ў рэдакцыю звяртаюцца не толькі з праблемамі і скаргамі, але і з падзякамі за добрую працу.
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.