Сплели корзину счастья Николай и Екатерина Грибовские из д. Велевщина

kolya-i-katyaЯк усё ж такі добра вяскоўцу мець залатыя рукі! Як неабходна іх мець! Яно і гараджаніну, вядома, здольнасці не пашкодзяць. Аднак там прасцей: пацёк кран — выклікаў сантэхніка, сапсавалася машына — тры крокі да аўтамайстэрні. І бульбачку не трэба акучваць — пайшоў, купіў гатовую.

У вёсцы ўсё не так. Крамы, вядома, зараз і тут працуюць, ды вяскоўцы, прынамсі, лепшыя з іх, па-ранейшаму не прывыклі здабываць хлеб свой надзённы на прылаўку.
Прыклад — маладая сям’я Грыбоўскіх з Велеўшчыны. Гаспадару дваццаць восем гадоў, гаспадыні ж яшчэ меней. Зусім нядаўна пажаніліся і гадуюць сына, якому яшчэ няма і года. Здавалася б, самы час тужэй падперазацца і на ўсім эканоміць: яна — у адпачынку па доглядзе за дзіцяці, увесь бюджэтны мех — на ім. Ды колькі там зарабляе сезонны рабочы — качагар у СДК, якім працуе ў зімовы сезон Мікалай. Аднак не эканомяць гаспадары і не збіраюцца гэтага рабіць. Вунь і свой пакойчык у хаце маладая сям’я як мае быць абставіла, і гараж пабудавалі, і ў гаражы не пуста — аўтамабіль “Опель-Астра F”. Хай сабе і патрыманае, але дастаткова прэстыжнае аўто.
Вы скажаце, ім лягчэй, бо жывуць пакуль разам з бацькамі. Так, гэта немалаважна для маладых — падтрымка бацькоў. Аднак у дачыненні да Мікалая з Кацярынаю цалкам падыходзіць вядомая прымаўка з крыху перайначаным зместам: “На бацькоў спадзявайся, а сам старайся”.
Грыбоўскія родам з Гомельшчыны. Іх вёска на Кармяншчыне зараз уваходзіць у чарнобыльскую зону. А мясціны там прыгожыя — рэчка, возера… Прызнацца, не хацелася пакідаць наседжанае гняздо, ды што зробіш — дзеля дзяцей, дзеля ўнукаў будучых падаўся Уладзімір Грыбоўскі на Віцебшчыну. Балазе тут паабяцалі працу ў лясніцтве і тут жыве яго сябар па Полацкім лясным тэхнікуме. Так і апынуўся Грыбоўскі-старэйшы ў Велеўшчыне.
Хату далі ад ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, а пасля яе і прыватызавалі. За амаль што два дзясяткі гадоў — а пераехалі ў двухтысячным — пасадзілі і вырасцілі добры сад. Вунь як радуюць вока сартавыя вішні, абчапляныя па селётнім вішнёвым годзе, ягадамі, як навагодняя ёлка — цацкамі. Завялі гаспадарку — карову, кожны год — цяля, свіней, кур. Раней і трусоў гадавалі, ды вось чамусьці пазводзіліся. Гаспадарка ніколі не была лішняй, а зараз, калі ў хаце пасялілася яшчэ і маладая сям’я, мець штосьці на агародзе ды на падворку — проста неабходнасць. Агарод вялікі — каля гектара. За мужчынамі — і плуг, і навоз, і касавіца. За жанчынамі — градкі, сезонныя нарыхтоўкі, якіх заўсёды робяць дастаткова, каб пракарміцца дзвюм сем’ям. І гэта прытым, што маці працуе даяркаю. А ў даяркі, як ведаем, праца — позна легчы, рана ўстаць. Тым не менш, спраўляюцца. Толькі малака штодня літраў па пятнаццаць здаюць, карова ўдойная, малочная.
Сам Уладзімір ужо не ў лясніцтве, а ў калгасе працуе начным вартаўніком. Так ён удзень стаў болей свабодны. Можна і ў ягады схадзіць, і ў грыбы. Хто ж у лясной Велеўшчыне не зарабляе ўлетку на ягадах, хіба лянівы?
“Лянівага жыцця” паспытаў крыху Мікалай. Вучыўся ў Віцебску ў каледжы на спецыяліста па тэхнічным абслугоўванні аўтамабіля. А пасля тры гады працаваў у АТП №5. Праўда, наконт “лянівага жыцця” — хутчэй вобразна, бо хлопец і там знаходзіў занятак і рукам, і нагам. Дарэчы, займаўся спортам і ў галіновых абласных лыжных гонках, адной секунды не дацягнуў да першага месца. А пасля ўсё ж у горадзе вясковаму чалавеку стала сумна. І вярнуўся ён да бацькоў у Велеўшчыну, ды не адзін, а прывёз дзяўчыну з-пад Барысава. Кацярына па спецыяльнасці прадавец і паймела ўжо гандлёвай практыкі. А калі нарадзіўся маленькі Лёша, занялася выхаваннем сына.
Мікалай у вольны ад працы час завіхаецца ля тэхнікі — яго любімая справа, можна сказаць, хоббі. Нярэдка і сябрам ці знаёмым дапамагае наладзіць аўтамабіль. У гаражы яго бачаць часта. А вось ці ўсе ў Велеўшчыне ведаюць пра яшчэ адно яго цікавае захапленне?
Для душы, для радасці хлопец пляце вырабы з лазы. Яшчэ ў дзяцінстве навучыўся. І выходзяць з-пад спрытных рук майстра акуратныя лазовыя кошыкі, так неабходныя ў гаспадарцы. Сваю лазу зганіў, а ездзіць за матэрыялам для творчай справы аж на радзіму жонкі, на Барысаўшчыну. Калісьці ў дзяцінстве займаўся Коля і макрамэ. Вось колькі цікавых заняткаў у гэтага працавітага і неардынарнага маладога чалавека.
Мікалай перакананы: жыць без працы сумна і нецікава. А быць сапраўдным мужчынам — значыць, быць гаспадаром. У планах яшчэ — дом пабудаваць, дзе-небудзь тут, побач з бацькоўскім. Хто ж не марыць пра свой асобны куток! Зрэшты, кожны, як умее, пляце свой кошык шчасця. Мікалаю ж дапамагаюць яго залатыя рукі і цягавіты сялянскі менталітэт.
Уладзімір МІХНО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.