Стала близкой работа на земле

img_5139Механізатара Алега Шапо ведаю яшчэ з часоў свайго юнацтва. Здаецца, з таго часу ён ніколькі не змяніўся. Скончыў
Старалядненскую сярэднюю школу, атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыністаў СПТВ-175 і прыйшоў працаваць
у калгас імя Чапаева. Так у адной гаспадарцы механізатар і працуе.

Запытаўся ў яго:
— Алег, колькі ў цябе працоўнага стажу?
— Я прыйшоў у калгас у 1987 годзе — 32 гады бесперапыннага стажу. Прымаў мяне на работу старшыня Уладзімір Ермалаеў, затым працавалі старшынямі Васіль Пшонка, Ігар Ясюк, Станіслаў Кажан, Аляксандр Хейлік і Іван Бабовіч. Спачатку калгас імя Чапаева быў рэарганізаваны ў СВК “Лядненскі”, затым — у адкрытае акцыянернае таварыства “Лядна”. Зараз гаспадаркай кіруе дырэктар Уладзімір Кудзін.
На працягу дзесяцігоддзяў Алег працаваў з рознымі прычапнымі і навяснымі агрэгатамі, але трактар быў толькі адной маркі — МТЗ-82. Суразмоўца папраўляе:
— У савецкі час у калгас прыбылі два гусенічныя трактары Т-150. На адным працаваў Аляксандр Акуліч, на другім — Ілья Малееў. Вось з ім я і працаваў на гусенічніку, некалькі разоў даваў водпуск. Яшчэ папрацаваў і памочнікам камбайнера: спачатку з Іллёй Малеевым на “Ніве”, потым — з Уладзімірам Радчанкам на “Доне”. Пяць гадоў рабіў на касілцы вытворчасці ГДР. Пачынаў касіць траву ў маі, затым пераходзіў на ўборку ячменю. Яго потым малацілі камбайны з падборшчыкамі, працаваў на другім укосе траў, а завяршаў год касьбой канюшыны на насенне глыбокай восенню. Калі казаць дакладна, я не працаваў са стагакідам — агрэгатам, з дапамогай якога складаліся стагі і сцірты.
Праязджаючы па палях, неаднаразова бачыў трактар Алега. Механізатар мае багаты вопыт работы на ворыве, культывацыі і апырскванні. Ён жа выконваў аперацыі па ўсім цыкле вырошчвання кармавых буракоў, бульбы і льну. Разам са сваімі сябрамі Алег Шапо вырасціў высокія ўраджаі.
— Алег, з усіх работ і аперацый, што прыйшлося выконваць, якія былі больш даспадобы?
— Кожная праца падабаецца, калі яна ідзе лёгка, калі тэхніка не псуецца і не падводзіць. Добра, калі зладжана працуюць сеялка, апырсквальнік, прычэп… Дарэчы, самай лепшай для сяўбы збожжавых лічу сеялку СЗУ-3,6, якая не адзін дзясятак год выкарыстоўвалася ў працы. Яна была лёгкая, праходзіла па любых пераўвільготненых участках, не псавалася ад камянёў і гразі. Працаваў з ільнянымі агрэгатамі: сеялкамі і льнокамбайнамі. Прызнаюся: нялёгка працаваць у час даення. Трэба ўстаць а чацвёртай гадзіне раніцы і потым амаль увесь дзень знаходзіцца побач са статкам: перацягваць з месца на месца, прыводзіць у дзеянне даільны агрэгат, падвозіць ваду, адвозіць надоенае малако… Аднак мой сусед Сяргей Баранаў амаль увесь час працуе ў жывёлагадоўлі: то на ферме, то на даенні, а на полі з плугамі ці сеялкай я яго бачыў толькі некалькі разоў.
— Раскажы пра вопытных механізатараў, якія дзяліліся сваімі напрацоўкамі, жыццёвай мудрасцю.
— Акрамя Ільі Малеева, настаўнікамі ў прафесіі для мяне сталі Пётр Пляшко, Яўген Пшонка і Уладзімір Яршоў. Ён, дарэчы, быў вельмі вясёлы, гаваркі. І ведалі яго больш не па імені, а па мянушцы “Капітоныч”. Як жа яна з’явілася, не ведаю. Працавалі мы разам на малых трактарах МТЗ-82, а Яўген Пшонка — на МТЗ-52, усе аперацыі выконвалі. Гусенічных трактароў у калгасе было шмат, каля дзесяці адзінак, але выкарыстоўвалі іх толькі на ворыве і на культывацыі глебы. Колавыя трактары Т-150 і К-700 былі задзейнічаны яшчэ на транспартных работах, асабліва зімой, на падвозе торфу.
Кожная праца мае сваю спецыфіку, пэўныя асаблівасці. Адметнасцю працы сельскага трактарыста з’яўляецца тое, што водпуск у яго ў 99 працэнтах выпадкаў прыпадае строга на зіму. Як толькі з поля сыходзіць снег, пачынаюцца ворыва, падрыхтоўка глебы, унясенне ўгнаенняў, сяўба, падкормка пасеваў, нарыхтоўка кармоў… Бясконцы кругазварот земляробчай працы. Аднак зараз магчымасці для адпачынку нашмат большыя, чым у савецкі час. Захацелася зімой сонца і цёплага мора — можна паляцець у Турцыю або Егіпет. Аднак не кожны сельскі працаўнік зможа дазволіць сабе такі адпачынак. Сярэднямесячны заробак у сельгасарганізацыях раёна вагаецца ў межах 500-600 рублёў, а зараз, з надыходам зімы, ён апускаецца ледзь не ўдвая. Механізатарам жа трэба забяспечваць сем’і. Надзейнай спадарожніцай жыцця Алега стала жонка Вольга. Невыказнай радасцю для бацькоў з’яўляюцца дачушкі Кацярына і Аня. Малодшая вучыцца ў адзінаццатым класе. На патрэбы сям’і трэба нямала грошай. Таму многія трактарысты не ведаюць, што такое водпуск улетку, а зімой праводзяць час з зімовымі вудамі на лёдзе.
Палявыя работы завершаны, глебаапрацоўчая, пасяўная, уборачная тэхніка пастаўлена на сезоннае зімовае захоўванне. Механізатары занятыя або на рамонце, абслугоўванні агрэгатаў, або ў жывёлагадоўчай галіне. Алег Шапо зараз раздае кармы на фермах у Слабодцы і Казіншчыне, на працу выязджае а шостай гадзіне раніцы. Вось і зараз сустрэў работніка на слабадской ферме, калі той рассыпаў па хлявах сянаж.
— Алег, ці былі да цябе прапановы, варыянты працы ў іншай, не сельскагаспадарчай галіне?
— Вядома, былі. Яшчэ як толькі скончыў Старалядненскую базавую школу, з сябрам збіраліся паступаць у Полацкі лясны тэхнікум. І зараз мае сябры, якія працуюць у дарожных арганізацыях Лепеля, клічуць да сябе. Аднак давядзецца працяглы час праводзіць у камандзіроўках, і я разумею, што работа ў сельскай гаспадарцы для мяне больш падыходзіць. Так што, пакуль буду працаваць тут, на сваёй зямлі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.