Старты на возеры Белым

Некалькі дзён юныя спартсмены Віцебскай вобласці вялі барацьбу на водных прасторах (возера Белае) у рамках першынства па веславанні на байдарках і каноэ ў праграме Алімпійскіх дзён моладзі. Яны змагаліся не столькі за месцы і ўзнагароды, колькі за магчымасць прадстаўляць Прыдзвінскі край на спаборніцтвах у Брэсце — спартакіядзе ДЮСШ Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і дзяўчат 1999 — 2001 гадоў нара­джэння і рэспубліканскіх Алімпійскіх днях моладзі сярод юніёраў і юніёрак 1997 — 1998 гадоў нара­джэння.
— У Лепель прыехала каля 90 аматараў здаровага ладу жыцця з на­дзеяй на напрацаваныя на трэніроўках практычныя навыкі, тактыка-тэхнічныя дзеянні і ўсмешку фартуны, звычайную спартыўную ўдачу, — паведаміла трэнер-метадыст абласной ДЮСШ прафсаюзаў “Альбатрос” па веславанні на байдарках і каноэ Іна Харкевіч. — Акрамя нашых мясцовых спартсменаў, змагаліся за перамогу лепшыя байдарачнікі і канаісты з Віцебска, Полацка, Оршы і Новалукомля.
Барацьба на ўсіх дыстанцыях (200, 500 і 1000 метраў) была складаная і напружаная. Найбольш моцнымі сапернікамі аказаліся каманды Полацка, Оршы і Лепеля, якія заваявалі самую вялікую колькасць узнагарод.
— Хто вызначыўся сярод лепельскіх спартсменаў?
— Прыемна адзначыць, што былі сярод нашых весляроў тыя, якія змаглі ўзяць усё золата ў сваёй узроставай групе. Напрыклад, Ілья Палонскі (старэйшая ўзроставая група 1997 — 1998 гадоў нараджэння) і Ілья Дзёмка (малодшая ўзроставая група 2000 — 2001 гадоў нараджэння) не пакінулі саперні­кам ніводнага шанцу на перамогу, фінішавалі першымі на ўсіх дыстанцыях.
Другое месца на ўсіх дыстанцыях заваяваў Ілья Харкевіч (малодшая ўзроставая група), а Дан Харкевіч (старэйшая ўзроставая група) на дыстанцыі 1000 метраў быў другі, 500 метраў — трэці.
Сярод юніёрак 1997 — 1998 гадоў нараджэння ў класе суднаў К-1 (байдарка-адзіночка) на дыстанцыях 1000, 500 і 200 метраў лепяльчанка Лізавета Аношка заняла другія месцы, прапусціўшы наперад толькі Анастасію Лаўрэнаву з Оршы.
Дзяўчаты-канаісткі 2000 — 2001 гадоў нара­джэння спаборнічалі толькі на дыстанцыі 200 метраў. Нечакана для ўсіх наша зямлячка Адэліна Будзяну прыйшла на фініш другой, саступіўшы саперніцы з Полацка. А трэці радок у турнірнай табліцы заваявала яшчэ адна наша зямлячка Таццяна Лясота.
Спартыўны сезон працягваецца, таму хочацца пажадаць усім спартсменам, якія займаюцца гэтым відам спорту, поспехаў і ўдачы ў новых стартах.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.