Стихотворные струны души

img_1484Як нараджаецца паэтычны твор? Са светлых душэўных памкненняў, глыбіні шчырых пачуццяў, жадання выказаць свае ўнутраныя перажыванні на мове творчасці. Чулыя вершы льюцца пранікнёным лейтматывам, закранаюць струны душы і ўзнімаюць нас над буднямі. Яны ўзбагачаюць наш унутраны свет і дораць невыказную асалоду. Такія думкі ў мяне ўзніклі пасля знаёмства з паэтэсай Марыяй Емяльяненка.

У творчай скарбонцы Марыі Канстанцінаўны — дзясяткі цудоўных вершаў, прысвечаных прыгажосці роднай краіны, светламу і чыстаму пачуццю кахання. Вершы напоўнены болем маці, сыны якіх загінулі на вайне, у іх услаўляецца веліч святых мясцін Беларусі. Марыя Емяльяненка ўвайшла ў паўфінал Усерасійскага штогадовага літаратурнага конкурсу “Героі Вялікай Перамогі”, узнагароджана Дыпломам, памятным медалём і ганаровым знакам прызёра конкурсу.
У час знаёмства з Марыяй Канстанцінаўнай я была ўражана яе творчай энергіяй, багатым светапоглядам і ўменнем убачыць прыгажосць у звычайным. Жанчына чытае вершаваныя радкі — і я міжволі адчуваю глыбокі боль матуль, якія не дачакаліся сваіх сыноў з вайны, разам з паэтэсай захапляюся прыгажосцю вясны.
— Калі нарадзіўся ваш першы верш? — пытаюся ў Марыі Канстанцінаўны.
— У 2015 годзе. Я пайшла на заслужаны адпачынак, да таго ж трэба было даглядаць хворую маці. Аднойчы ноччу сяджу ля ложка матулі — і раптам у думках паліліся паэтычныя радкі. Так нарадзіўся мой першы верш “Вясна”. Затым сталі з’яўляцца і іншыя — аб прыгажосці восені, маёй любімай пары года — зіме. Свае творы прысвячала ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, шчырасці кахання…
— З якім вершам вы ўдзельнічалі ў конкурсе?
— Верш “Чаканне” прасякнуты болем матуль, якія не дачакаліся з вайны сваіх сыноў. Вядома, што няма больш вялікага гора, чым страціць дзіцяці. Аднак у сэрцы маці па-ранейшаму жыве надзея, што родны сыночак усё ж прыйдзе дадому і пакліча маці…
img_1477Прыйшла вясна. Крочу па вуліцы, якую з усіх бакоў акружаюць дрэвы, апранутыя ў беласнежныя сукенкі… Так нарадзіўся верш “Бэз”. Узнікае ўражанне ад убачанага, пэўнай падзеі — і зноў пішацца верш.
Дзяцінства Марыі Емяльяненка прайшло ў адным з маляўнічых куточкаў нашага раёна — вёсцы Домжарыцы. Тут жа скончыла сярэднюю школу. Паколькі ўжо ў школьныя гады педагогі заўважылі ў дзяўчыне выдатнага арганізатара, ініцыятыўную і творчую асобу, адразу пасля заканчэння школы, у 1970 годзе, ёй прапанавалі працаваць піянерважатай у Пераходскай васьмігадовай школе. Праз тры гады Марыя стала піянерважатай у роднай Домжарыцкай сярэдняй школе. Дзяўчына набыла спецыяльнасць настаўніка хіміі і біялогіі ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя Кірава і прыехала працаваць у Губінскую базавую школу, а ў 1986 годзе стала яе дырэктарам. У 2000 годзе Марыя Канстанцінаўна была прызначана дырэктарам Двор-Бабчанскай пачатковай школы-сада. Кіравала ўстановай адукацыі да 2013 года. Вучыла дзяцей у Каменскай сярэдняй школе — выкладала біялогію, хімію, калі ўзнікала неабходнасць — іншыя прадметы, была настаўніцай пачатковых класах.
-2-
Асаблівае месца ў жыцці жанчыны займае і сям’я. Даўно пасталелі, знайшлі сваю дарогу ў жыцці дзеці. Старэйшаму сыну Вячаславу споўнілася 45 год, малодшаму, Валерыю, — 41. Часта прыязджаюць да любімай бабулі ўнучкі. Старэйшай, Олі, ужо споўнілася чатырнаццаць год, а малодшай, Кацюшы, — восем.
Сёлета сын зрабіў для любімай матулі падарунак — аплаціў паездку ў Крым, у г. Чарнаморск. 14 дзён адпачынку на маляўнічым узбярэжжы Чорнага мора падарылі Марыі Канстанцінаўне шмат станоўчых эмоцый, зараз бадзёрасці і натхнення. Вельмі ўразіў жанчыну сваім хараством і г. Кіеў.
— Напэўна, акрамя паэзіі, у вас ёсць яшчэ любімы занятак?
— Так. Захапляюся кветкамі. Мой дом з усіх бакоў акружаюць пышныя клумбы вяргінь, вырошчваю і шмат хатніх кветак.
…Марыя Канстанцінаўна дастае сшытак з вершамі і пачынае чытаць… Глыбокія радкі, якія ідуць ад сэрца, заварожваюць і лашчаць слых. Творчае натхненне не пакідае жанчыну, а яе цудоўныя вершы запавольваюць час і даюць магчымасць дакрануцца да прыгажосці.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: Марыя Емяльяненка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.