Сто пяцьдзясят год — многа ці мала? У межах чалавечага жыцця — многа, у межах жыцця лепельскай Бароўкі — толькі пачатак сталення

2016-08-29_11-34-58Сто пяцьдзясят год — многа ці мала? У межах чалавечага жыцця — многа, у межах жыцця населенага пункта — толькі пачатак сталення. Можна лічыць, што гэта самы росквіт Бароўкі, мясціны, якая раскінулася па дарозе на Віцебск. Юбілейнае свята адбылося пры дапамозе раённага аддзялення Беларускага Фонда Міру.
А нарадзілася вёска ў 1886 годзе. У сасновым бары каля маляўнічага возера Шчыбат на землях памешчыкаў Лепельскага павета рымска-каталіцкага веравызнання Пржэсецкіх пасяліліся першыя людзі. Спачатку два пабудаваныя двары мелі назву засценак, потым назва неаднойчы змянялася: карчма, пасёлак, фальварак, вёска, ваенны гарадок… У 1868 годзе мясцовыя жыхары ўзвялі капліцу і царкву Успення Божай Маці, увесну 1935 года маленькае паселішча ператварылася ва ўтульны ваенны гарадок. У 1937 адчыняецца школа, у 1940-1941 дзейнічала Лепельскае пяхотнае вучылішча. Дзявятага чэрвеня 1941 года ў Бароўку перавялі Лепельскае мінамётнае вучылішча ў казармы танкавай дывізіі.
У Бароўцы ў розныя часы дыслакаваліся больш за пяцьдзясят ваенных часцей, служылі маршалы Савецкага Саюза Якубоўскі і Кулікоў, звыш пяцідзесяці генералаў, каля дваццаці Герояў Савецкага Саюза. Наведвалі Бароўку маршалы Варашылаў, Будзённы, Ракасоўскі, Грэчка, кіраўнік БССР Машэраў, касманаўт Лявонаў, расійскія палітыкі Сабчак і Жырыноўскі.
— Я прадстаўляю фотавыставу “Бароўка, якая была”, — распавёў гісторык Андрэй Бараноўскі. — Гэта сорак эксклюзіўных фотаздымкаў, якія прысвечаны гісторыі і жыхарам Бароўкі. Усе яны зроблены непрафесійнымі фатографамі за стагадовы перыяд 1870 — 1970 гг. Выбіраў самыя цікавыя фота, выкарыстоўваў асабістыя і сямейныя архівы Праскуры, Мазаніка, Папкова, Лаленкі і інш. Спадзяюся, што фотавыстава стане першым крокам да стварэння музея. Пасля фэсту экспазіцыя будзе дэманстравацца ў фае Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу, а пасля ў выглядзе фотаальбома — у Бароўскай сельскай бібліятэцы. Ідэю фотавыставы выношваў амаль год, і, дзякуючы падтрымцы дырэктара Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу Таццяны Карчэўскай, ідэю ўдалося рэалізаваць.
2016-08-29_11-30-46— Версія паходжання назвы нашай вёскі відавочная. Мы жывём у месцы, дзе пад ветрыкам калышацца велічныя сосны ў бары. Гэта нашае агульнае свята, як маладога пакалення, так і ветеранаў, — сказаў старшыня Бароўскага сельвыканкама Валерый Кляшторны. Сельскі выканаўчы камітэт робіць усё магчымае, каб палепшыць жыццё бараўчан. Зманціравалі станцыю абезжалезвання вады, рэканструявалі старую электрастанцыю ў праваслаўны храм і афіцэрскую сталовую пад класы Бароўскай школы мастацтваў, адрамантавалі глядзельную залу Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу, пабудавалі два новыя саракакватэрнікі. Сённяшні юбілей — гэта не толькі магчымасць падвесці прамежкавыя вынікі, але і зазірнуць у будучыню. І наша будучыня залежыць толькі ад нас.
— Дазвольце павіншаваць вас, шаноўныя бараўчане, з гэтым святам. Сто пяцьдзясят год — не ўзрост, гэта маладосць. Жадаю вам шчасця, здароўя і сямейнага дабрабыту. Няхай Бароўка развіваецца і квітнее, — адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ігар Урбан.
Не толькі мінулым могуць ганарыцца жыхары вёскі. Дазваляе гэта рабіць і сучаснае жыццё. КУП ДРАЦ “Жамчужына” — адна з самых маладых устаноў. Дыхтоўнае лячэбна-дыягнастычнае абсталяванне дазваляе атрымаць самае якаснае лячэнне захворванняў касцёва-мышачнай сістэмы, сістэмы кровазвароту і інш. Дырэктар “Жамчужыны” Вера Закрэўская ўручыла грашовыя прэміі работнікам.
На свяце ўганаравалі старэйшага жыхара. У верасні мінулага года 93 гады споўнілася Івану Пракоп’еву. Іван Аляксандравіч да вайны закончыў Маскоўскае Чырванасцяжнае авіяцыйнае вучылішча сувязі, прайшоў усю вайну, ўдзельнічаў у Парадзе Перамогі на Краснай Плошчы. Пасля вайны закончыў Ленінградскую інжынерную акадэмію ім. Мажайскага. Трое дзяцей, дзесяць унукаў, дзесяць праўнукаў і адзін прапраўнук — галоўнае багацце Івана Аляксандравіча.
2016-08-29_11-34-01А ў сям’і Бондараў у ліпені з’явіўся сынок Алёша. У Алёшы ёсць старэйшая сястрычка Паліна, і яна таксама з нецярпеннем чакала браціка. Маладую сям’ю павіншавалі з такой цудоўнай падзеяй.
Гісторыю кожнага населенага пункта пішуць людзі. Гісторыя кахання сям’і Гардзіеўскіх звязана з родным мястэчкам. Іван Станіслававіч і Дзіяна Юліянаўна святкуюць “брыльянтавае” вяселле. Малады Іван аднойчы заехаў у госці да сваёй сястры, убачыў там Дзіяну і прапанаваў прыгажуні руку і сэрца. Праз усё жыццё яны пранеслі сямейную цеплыню і пяшчоту. Закаханым сказалі шмат добрых слоў і ўручылі каштоўны падарунак.
Гаворачы пра юбіляраў, нельга не адзначыць маладых, якія зусім нядаўна заключылі шлюб. Анастасія і Яўген Дробышы аб’ядналі свае лёсы васямнаццатага чэрвеня. Маладым пажадалі сямейнага шчасця і дабрабыту.
Пад час святочнага фэсту адбывалася выстава-продаж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Горад майстроў”, граў узорны духавы аркестр Бароўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Спявалі артысты Наталля Занько, Дзіяна Ерыцян, Алена Смірнова і інш. Акрамя дзіцячай гульнёвай праграмы “Спартыўны гарадок” і спартыўных мерапрыемстваў падлеткі паспрабавалі свае сілы ў шашачным турніры на прызы дэпутата Лепельскага раённага савета Шырына Мурадава. Трэцяе месца ў ім заняў Аляксандр Каўрыга, другім стаў Валянцін Шчэрбіч. Усіх хлопцаў перамагла дзяўчынка — Ірына Сарамбаева.
Не абышоўся фэст і без традыцыйнай дыскатэкі і святочнага салюта. Салют на сто пяцьдзясят выбухаў прафінансавала КУВП ЖКГ “Бароўка”.
Яўген МУДРЫ.
На здымках: хлеб-соль на свяце; выступае ўзорны духавы аркестр; госці ля фотавыставы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.