Стварэнне прыгажосці — агульная справа

Вопыт работы Баброўскага сельвыканкама па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі быў разгледжаны і адобраны на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Аб рабоце, якая праводзіцца ў гэтым накірунку, расказала ў сваім выступленні старшыня сельвыканкама Тамара Ярыга.
На тэрыторыі сельсавета размешчана 34 населеныя пункты. Колькасць насельніцтва на першага студзеня бягучага года склала адну тысячу 144 чалавекі, у тым ліку 140 дзяцей. 637 — працаздольных і 367 пенсіянераў. У 24 вёсках пражывае менш за дваццаць чалавек, у тым ліку ў пяці вёсках — па адным.
Плошча Баброўскага сельсавета складае 17 тысяч 500 гектараў, працягласць межаў — 109,2 кіламетра. Усяго земляў у сельсавеце налічваецца адна тысяча 192 гектары, у тым ліку пад сенакосамі і пашамі — 192 гектары. Земляў агульнага карыстання налічваецца 326 гектараў, земляў запасу — 139, для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў грамадзян — 140 гектараў, для агародніцтва — чатыры, а для сенакашэння — 21 гектар.
Безумоўна, навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню сельскіх населеных пунктаў у Баброўскім сельвыканкаме ўдзяляецца асаблівая ўвага.
У сакавіку бягучага года былі зацверджаны мерапрыемствы па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў сельсавета, дзе былі акрэслены ўсе віды работ, што неабходна выканаць на тэрыторыі сельсавета сельвыканкамам, КУВП “Бароўка”, дарожнымі арганізацыямі, Лепельскім раёнам электрасетак, установамі і прадпрыемствамі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2016 год аб’яўлены Годам культуры. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў бягучым годзе Года культуры. Работнікі Баброўскага сельвыканкама робяць многае па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета самастойна і імкнуцца далучыць да гэтай работы мясцовае насельніцтва. Вядома, што пакуль чалавек сам не прыме ўдзел у рабоце па навядзенні парадку, берагчы і падтрымліваць тое, што зробяць іншыя, ён не будзе.
Для аказання дапамогі ў добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў сумеснай пастановай Лепельскага раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама за ўсімі населенымі пунктамі Баброўскага сельсавета замацаваны ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”, ЛКУПМС “Лепельскае ПМС”, раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі, а таксама КУП ДРАЦ “Жамчужына”. Гэтай жа пастановай замацаваны прадпрыемствы і за воінскімі пахаваннямі і помнікамі. Так, работнікі Лепельскіх раённых вузлоў паштовай і электрычнай сувязі даглядаюць мемарыяльны комплекс Кісцялёва, работнікі прадпрыемства Белдзяржстраху па Лепельскім раёне, Лепельскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліва” — брацкую магілу ў вёсцы Фатынь, працаўнікі ЛКУПМС “Лепельскае ПМС” — брацкую магілу ў аграгарадку Баброва. Работнікі ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” працуюць на добраўпарадкаванні брацкай магілы ў вёсцы Залессе-2, установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” — помніка загінулым землякам у вёсцы Заслаўкі. За Баброўскім сельвыканкамам замацаваны магілы партызан у вёсках Замошша, Заазёрная, а таксама магіла Героя Савецкага Саюза П.В. Ялугіна.
Шэфскія арганізацыі аказалі дапамогу Баброўскаму сельвыканкаму перад святкаваннем Дня Перамогі. ЛКУПМС “Лепельскае ПМС” выдзелілі белую і чорную фарбы. Лепельскі філіял АУП “Віцебскаблпаліва”, прадпрыемства Белдзяржстраху па Лепельскім раёне, установа аховы здароўя “Лепельская ЦРБ”, раённы вузел паштовай сувязі і КУП ДРАЦ “Жамчужына” паклапаціліся пра вянкі і фарбу.
Асаблівых слоў удзячнасці заслугоўвае кіраўніцтва ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. За прадпрыемствам замацавана захаванне расстраляных сялян, удзельнікаў барацьбы за станаўленне савецкай улады ў вёсцы Залессе. На пяці магілах устаноўлены надмагільныя помнікі, выраблены і ўстаноўлены металічны абеліск. Ужо выраблена металічная агароджа, засталося толькі яе прывезці і ўстанавіць.
Работнікі сельвыканкама таксама імкнуцца наводзіць і падтрымліваць парадак на ўсіх святых месцах. Своечасова скошваюць хмызняк, убіраюць сухое лісце і траву, высаджваюць кветкі, пры неабходнасці фарбуюць агароджу і г.д.
За арганізацыямі, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета, замацаваны воінскія пахаванні. Брацкую магілу ў вёсцы Фатынь даглядаюць работнікі Баброўскай бібліятэкі і Баброўскага СДК, брацкую магілу ў аграгарадку Баброва замацавалі за Баброўскай СШ, мемарыяльны комплекс Кісцялёва — за Матырынскай СШ і бібліятэкай. Работнікі сельвыканкама даглядаюць брацкую магілу ў вёсцы Суша, помнік землякам у вёсцы Заслаўкі, а таксама магілы партызан і Героя Савецкага Саюза П.В. Ялугіна.
Усе помнікі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, добраўпарадкаваны, маюць прыгожы і дагледжаны выгляд.
Асаблівая ўвага з боку Баброўскага сельвыканкама ўдзяляецца і добраўпарадкаванню могілак. На тэрыторыі сельсавета размешчана 28 грамадзянскіх могілак, з якіх на двух ужо не вядуцца пахаванні. На вялікі жаль, родныя пахаваных грамадзян пры ўборцы магіл смецце выкідваюць за межы могілак па ўсім перыметры, а могуць пакідаць і ля суседніх магіл. У час сустрэч з насельніцтвам работнікі сельвыканкама тлумачаць, дзе складваць смецце, просяць не пакідаць разам вянкі, траву і лісце. Іх жа можна акуратна спаліць, выкінуць у балота.
Рашэннем райвыканкама за шэфамі было замацавана па адных могілках для ўборкі смецця да святкавання Радуніцы. Работнікі КУП ДРАЦ “Жамчужына” займаліся ўборкай могілак вёсак Замошша і Загорцы. На вывазе смецця працавалі трактар і чатыры чалавекі. Актыўна падключыліся да гэтага мерапрыемства і жыхары вёскі Замошша. Гэта работа вялася дзякуючы старэйшыне вёскі В.В. Серабро. Работнікі ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” працавалі на ўборцы могілак вёскі Ладзеена, работнікі ЛКУПМС “Лепельскае ПМС” шчыравалі на навядзенні парадку на могілках аграгарадка Баброва. Спецыялісты раённага вузла электрычнай сувязі папрацавалі на могілках вёскі Матырына, а раённага вузла паштовай сувязі разам з жыхарамі вёскі Навасёлкі ўбіралі могілкі вёскі Навасёлкі. Да і пасля Радуніцы, Троіцы работнікі Баброўскага сельвыканкама прыцягвалі да ўборкі на могілках адпаведныя арганізацыі. Былі ўбраны могілкі вёсак Залессе-2, Ладзеена, Пагарэлае, Слабодка, Гарані, Баброва, Матырына, Навасёлкі, Гаравыя, Замошша, Загорцы, Суша і іншыя.
Значная дапамога Баброўскаму сельвыканкаму аказваецца і з боку КУВСГП “Баброва”. Для вывазу смецця з могілак “Чараносава” з боку сельскагаспадарчага прадпрыемства быў выдзелены трактар, на месца захавання дома па вуліцы Маладзёжная аграгарадка Баброва была завезена ўрадлівая глеба. Восенню тут плануецца пасадзіць дрэвы.
Арганізацыі, замацаваныя за Баброўскім сельвыканкамам, аказваюць таксама дапамогу ў скошванні пустазелля. Тры дні работнікі “Жамчужыны” працавалі з касілкамі ў вёсцы Суша. У вёсцы Матырына пашчыравалі работнікі раённага вузла электрычнай сувязі, ЛКУПМС “Лепельскае ПМС” добра папрацавалі на скошванні пустазелля ў аграгарадку Баброва.
Ля ўсіх устаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, размешчаны прыгожыя клумбы. Пышныя кветкі радуюць вочы сваёй прыгажосцю з ранняй вясны да позняй восені.
Усё больш двароў мясцовых жыхароў набывае прыгожы выгляд. Тут таксама ствараюцца пышныя клумбы, устанаўліваюцца розныя архітэктурныя формы. Прыклад у гэтай справе паказваюць дэпутаты сельскіх саветаў, старэйшыны вёсак і актыўныя жыхары.
Пасля абмеркавання шэрага іншых важных пытанняў удзельнікі пасяджэння прэзідыума наведалі шэраг аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі Баброўскага сельсавета. Пабывалі ля брацкай магілы ахвяр фашызму (жыхароў спаленай вёскі Кісцялёва), наведалі шэраг аб’ектаў у вёсцы Матырына: дзіцячы сад-сярэднюю школу, Матырынскую сельскую бібліятэку, ФАП і аддзяленне паштовай сувязі. Члены прэзідыума, старшыні сельвыканкамаў агледзелі таксама помнікі, могілкі ў вёсках Гарані, Слабодка і Пагарэлае, пабывалі ля будынкаў Баброўскага сельсавета і клуба. Усюды створаны належныя парадак і чысціня.
Клопат аб добраўпарадкаванні — гэта агульная справа, якая стварае наш агульны дабрабыт.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.