Субботник

dsc_0028Наш горад – гэта наш родны дом. Гэта месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі. Клопат пра месца, дзе жывеш, – гэта ў першую чаргу клопат пра сябе самога, сваіх родных і блізкіх.

Хутка мы будзем адзначаць юбілей роднага горада Лепеля. 580 гадоў з дня заснавання — вялікая дата. Хочацца, каб у гэты дзень, ды і ўвогуле заўсёды дарагія нам мясціны выглядалі асабліва чыстымі і прыгожымі. Тым больш 2019 год аб’яўлены Годам малой радзімы.
dsc_0015Канечне, клопат пра чысціню і добраўпарадкаванне можна было б пакінуць работнікам камунальнай службы, але ўсе мы забываем пра залатое правіла: чыста не там, дзе ўбіраюць, а там, дзе не смецяць. Асабісты ўклад у навядзенне парадку на зямлі дае гарантыю, што горад будзе прыгожым.
У мінулую суботу, узброіўшыся граблямі, рыдлёўкамі, бензатрымерамі і іншымі інструментамі, прадстаўнікі мясцовай улады, устаноў і прадпрыемстваў, актывісты грамадскіх аб’яднанняў шчыравалі на навядзенні парадку ў раёне. Ужо ідучы з самай раніцы ў накірунку цэнтра, заўважыла, што праца кіпела паўсюдна. Для больш плённай арганізацыі горад быў падзелены на ўчасткі, каб агульнымі намаганнямі максімальна выканаць пастаўленыя мэты.
Тое, што чысціня і камфорт залежаць ад нас, на ўласным прыкладзе паказалі прадстаўнікі мясцовай улады, раённага Савета дэпутатаў, а таксама прадстаўнікі аддзелаў райвыканкама.
Дружна ўзяліся яны за справу на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Кісялевічам, наводзілі чысціню і парадак у цэнтры горада і парку. Выразалі траву на тратуарах, паднаўлялі фарбай агароджу, вымяталі пясок і лісце. Асаблівы выгляд з кожнай гадзінай набываў парк, дзе мужчыны скошвалі траву, а жанчыны яе зграбалі і выносілі. Паўсюдна быў чуваць гул бензапіл — гэта выразаліся кусты і падразалася сучча.
Асабліва прыемна было бачыць на тварах працаўнікоў усмешкі і добрыя прывітанні. Не заўважыла за работай ні аднаго сумнага чалавека. Падбадзёрваючы адзін аднаго, хуценька выконвалі запланаваную работу. А яе было нямала — навесці парадак на роднай зямлі.

[metaslider id=25849]
Хутка з’явілася і тэхніка КУВП “Бароўка”. У парку пачалі фарбаваць “ружу вятроў” і элементы танцавальнай пляцоўкі.
Канечне, асаблівая ўвага была ўдзелена месцам адпачынку лепяльчан і гасцей горада, дзе можна пазабаўляцца дзецям і правесці добра час з сябрамі і знаёмымі.
З пазітыўным настроем на суботнік выйшлі і работнікі КУВП “Бароўка”. Усміхаючыся, яны кажуць, што да навядзення парадку прывыклі. У гэты дзень трэба зрабіць шмат працы. Аднак камунальнікаў гэта не палохае, асабліва ў такі цёплы дзень.
Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Аксяновіч, работнікі камунальнай службы ў поўным складзе выйшлі на суботнік, каб наш горад выглядаў чыстым. Асноўныя работы вядуцца па вуліцах Ульянка, Калініна і Міра. Акрамя гэтага, рупяцца на разметцы дарогі, афарбоўцы бардзюраў і слупоў ліній электраперадач, а таксама ямкавым рамонце па ўсім горадзе. У гэтай справе ім дапамагаюць работнікі філіяла “Лепельскае ДРБУ-202,” КУП Віцебскаблдарбуд” якія выконваюць гэту працу на дваровых тэрыторыях, а філіял “ДЭУ-37” РУП “Віцебскаўтадар” ліквідуе ямкі ў вёсцы Бароўка.
Шпарка ідзе праца па вуліцы Войкава, на ўчастку дарогі каля раённай стаматалагічнай паліклінікі. Там рамонтныя работы дарогі выконваюць работнікі філіяла “Лепельскае ДРБУ-202” КУП “Віцебскаблдарбуд”.
Як паведаміла Ірына Каваленка, якая выконвае абавязкі дырэктара прадпрыемства, праведзены дэмантаж старых бардзюраў, на іх месца ўкладваюцца новыя. Падрэзана аснова дарожнага палатна, хутка будзе пакладзены пласт, які выраўноўвае. Да першага верасня плануецца выканаць усе запланаваныя работы.
Не сядзяць склаўшы рукі і нашы педагогі, якія дружна выйшлі навесці парадак у горадзе. Зграбаюць лісце, фарбуюць бардзюры, вывозяць на тачках смецце — спраў хапае, тым больш хутка дзеці прыйдуць на заняткі у абноўленыя класы.
Зазірнула і ў двор па вуліцы Валадарскага. Там вялася вялікая праца па ліквідаванні старых гаспадарчых пабудоў. Так, на самой справе бачна, што яны аварыйныя. Рупяцца там работнікі дарожна-будаўнічага ўпраўлення №34 і Лепельскага ўчастка электрасувязі Глыбоцкага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”.
Хлопцы прафесійна разбіралі пабудовы і загружалі ў вялікую машыну. У другой палове дня на тым месцы былі чысціня і прастор.
На працягу ўсяго дня не спынялася праца па добраўпарадкаванні на Лепельшчыне. Работнікі прадпрыемстваў і арганізацый парупіліся на славу. На іх замацаваных тэрыторыях, а таксама ў месцах масавага адпачынку — парадак. Праца ў гэты дзень стала пацвярджэннем, што ў нашым раёне жывуць нераўнадушныя да свайго краю людзі, якія імкнуцца зрабіць родны горад яшчэ прыгажэйшым.
Мы не павінны заставацца ў баку ад праблемы забруджвання роднага горада. Калі кожны задумаецца над сваімі паводзінамі, сваім стаўленнем да месца, дзе ён жыве, наш горад заўсёды будзе чысты.
Упэўнена, што кожны, хто пабываў на суботніку, адчуў сваё дачыненне да сапраўды карыснай і патрэбнай справы, атрымаў толькі станоўчыя эмоцыі. Чалавек, які любіць малую радзіму, павінен сам прыбіраць каля свайго дома. Гэтым ён унясе ўклад у агульную важную працу, каб населены пункт заставаўся чыстым. Трэба разумець, што тое, як выглядае наш горад, залежыць толькі ад нас.
Чым больш людзей будзе ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах, тым вышэй верагоднасць, што наш горад і вёскі стануць чысцей і ўтульней, а грамадзяне будуць усведамляць каштоўнасць сваёй працы і менш смеціць.
Паказваючы моладзі на прыкладзе ўласных спраў, мы прывучым яе клапаціцца пра свой родны горад і ўдзельнічаць у навядзенні парадку на зямлі.
Увогуле, суботнік прайшоў вельмі натхнёна і актыўна, бо гэта не толькі ўборка тэрыторыі, а і чалавечыя зносіны, добры настрой і пазітыўныя эмоцыі.
Н. ВЕСЯЛОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.