Сверху на барабан была установлена ​​и надежно закреплена маковка-купол с крестом

img_5644У цэнтры аграгарадка Слабада было шматлюдна. І гэта ў поўдзень, у самую ліпеньскую спёку. Вяскоўцам заставалася толькі цярпець часовыя нязручнасці, выпрабаўваць саміх сябе на трываласць, на ўменне пераадольваць цяжкасці. Як вучыць у гэтых адносінах мудрая народная прымаўка: “Бог цярпеў і нам наказваў тое ж рабіць!”
Прытым візуальна было добра бачна, што ў гэтым адным месцы сабраліся не толькі жыхары аграгарадка, а і навакольных вёсак. Заўважыў нават мінчаніна, дачніка з Аношак Мікалая Баравіка. Тут жа знаходзіліся Сяргей і Марыя Гарбачовы з гэтай жа вёскі, якія былі не адны, а разам са сваімі дзецьмі. Калі падышоў бліжэй, яны патлумачылі: вось-вось да будынка мясцовага праваслаўнага храма святых бяссрэбнікаў Космы і Даміяна павінны прывезці крыж і купал, а таксама металічны барабан-аснову, на якую яны будуць трывала абапірацца, надзейна прымацаваны.
Раптам у натоўпе ўзнікла ажыўленне і пачуліся радасныя воклічы: “Едуць! Едуць!” Да царквы павольна пад’ехала аўтамашына “Газэль”, у кузаве якой быў вялікі, адліваючы чырвоным золатам праваслаўны крыж і такія ж вельмі прыгожыя купал і барабан. Як аказалася, гэтыя абавязковыя атрыбуты любога праваслаўнага храма былі выраблены на спецыялізаваным прыватным прадпрыемстве ў Наваполацку.
Іерэй Сергій Ляшкевіч і настаяцель храма, іерэй Іаан Вабішчэвіч выканалі чын асвячэння. Пасля богаслужэння іерэй Сергій Ляшкевіч выступіў перад мясцовымі вернікамі:
— Слабада набыла статус сяла — буйнога паселішча, паколькі ў ёй пабудавана праваслаўная царква. Засталося толькі ў храме закончыць некаторыя знешнія і ўнутраныя аддзелачныя работы, добраўпарадкаваць тэрыторыю.
Пачаўся мантаж. Да стралы аўтакрана быў прычэплены металічны барабан, пасля чаго ён быў узняты на самую верхатуру храма і падагнаны па памерах да спецыяльных прыстасаванняў, зладкаваных на вільчыку даха. Затым такім жа чынам зверху на барабан была ўстаноўлена і надзейна замацавана макаўка-купал з крыжом.
За ходам будаўніча-мантажных работ уважліва назіралі мясцовыя вернікі, якія ціха перагаворваліся паміж сабой, абмяркоўвалі тое, што бачылі. Усе яны цярпліва чакалі, калі царква атрымае завершанае, гарманічнае аблічча, каб потым стагоддзямі ўзнёсла і ўпэўнена плыць сярод прыгожых аблокаў у высокім нябесным блакіце.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: будаўніча-мантажныя работы на ўзвядзенні храма святых бяссрэбнікаў Космы і Даміяна ў Слабадзе.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.