СВФ “Заазер’е” – стаўка толькі на лепяльчан

IMG_9798СВФ “Заазер’е” да завяршэння года падыйшоў з наступнымі вынікамі. Самае галоўнае, што прадпрыемства працуе са стабільным прыбыткам, даходамі ад пастаяннай дзейнасці забяспечваецца фінансаванне ўсіх расходаў, а таксама паступовая аплата капіталаўкладанняў па інвестыцыйных праграмах і праектах. Паколькі галоўнай крыніцай даходаў з’яўляецца рэалізацыя малака, то вытворчасці гэтай прадукцыі ў “Заазер’і” падпарадкаваны ўсе тэхналагічныя працэсы. На сёння ў гаспадарцы ўтрымліваюцца 5085 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх – 1814 дойных кароў. Акрамя комплексаў у Юркоўшчыне і ў Старым Лепелі малако дояць яшчэ на малочна-таварных фермах у Звяздзе, Юркоўшчыне і ў Ворані, сукупны валавы надой “Заазер’я” – 26 тон. Па гаспадарцы рэнтабельнасць вытворчасці малака складае 21 працэнт. Аснова прадукцыйнасці малочнага статку – наяўнасць у дастатковай колькасці якасных кармоў. Таму сёлета ў СВФ “Заазер’е” добра падрыхтаваліся да зімы, назапасілі па 29,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. Сёлета працаўнікі “Заазер’я” асабліва могуць ганарыцца сваім новым збожжасховішчам на дзесяць тысяч тон. Дырэктар СВФ “Заазер’е” Аляксандр Быкаў: — Асноўны рэсурс для выканання ўсіх планаў і задум гэта людзі, працоўны калектыў. Цякучка кадраў – мінімальная. На прадпрыемстве забяспечана высокая матэрыяльная зацікаўленасць. На сёння мінімальныя заробкі ў два мільёны рублёў маюць хіба што вартаўнікі ды механізатары, задзейнічаныя на рамонце тэхнікі. Калі ж яны працуюць пры фермах, то заробак узрастае ўдвая. Даяркі, дакладней – аператары, на фермах і комплексах атрымліваюць у залежнасці ад надояў ад трох да шасці мільёнаў рублёў. А калі пачынаюцца вясенне-палявыя работы, заробкі ўзрастаюць яшчэ больш. Вядома, працаваць даводзіцца ад рання да змяркання, затое ў эквіваленце тысячы, нават паўтары долараў у нас можна зарабіць. Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.