Своевременный ремонт техники — залог успешной уборочной кампании

Як паказвае вопыт мінулых гадоў, галоўнай ударнай сілай уборачных кампаній вялікіх гаспадарак, якія штогод засяваюць тысячы гектараў, зяўляецца высокапрадукцыйная збожжаўборачная тэхніка, як правіла, імпартнай вытворчасці. Аднак не трэба забываць і пра айчынную тэхніку, якая выконвае вялікую, а ў большасці гаспадарак — і асноўную долю працы на ўборцы збожжавых палеткаў. Так, апошні візіт карэспандэнта адбыўся на поле за вёскай Зацякляссе, дзе працавалі 3 камбайны КЗС-1218 сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Напярэдадні камбайнеры зжалі збажыну ў наваколлі гэтай вёскі. У асноўным гэта была сумесь яравых збожжавых культур: пшаніцы, ячменю, вікі — неблагое спалучэнне для фуражу.

На ноч камбайны нікуды не пераганялі, пакінулі на адказнае захоўванне мясцовым жыхарам.

— Нармальная практыка, — аргументуе камбайнер Аляксандр Чыін. — Навошта пераганяць камбайны на мехдвор ці іншую пляцоўку за 10-15 кіламетраў? Мы страцім каштоўнае дызельнае паліва і не менш каштоўны час. Пакідаючы камбайны на захоўванне, нічым не рызыкуем. Робім так не першы год, і ніколі не адбывалася інцыдэнтаў.

Раніца ў дзень прыезду карэспандэнта распачалася не выездам у поле і жнівом, а бягучым рамонтам. У камбайне Паўла Калесніковіча аказалася прабітым правае задняе кола.

— Прабіў я яго некалькі дзён таму, — успамінае Павел. — Спачатку паветра выходзіла не вельмі інтэнсіўна. Напампуеш з раніцы кола — і можна дзень працаваць, а цяпер таго зараду не хапае. Вось вечарам, перад тым, як пакінуць камбайн на ноч, зноў кола напампавалі, а цяпер яно цалкам спушчанае.

— Што зараз будзеце рабіць?

— З намі прыехаў слесар Ілья Седзін, прывёз дамкрат, латкі — будзем разбарціраваць кола, даставаць камеру і заклейваць дзірку. Іншага выйсця няма, не маем мы запасной камеры, а тым больш — запаснога кола.

— А свайго дамкрата на камбайнах няма?

— Не маем. Вось гэты выдзелілі ў майстэрні, пасля рамонту яго трэба будзе адвезці назад.

— Вы будзеце працаваць у складзе свайго экіпажу разам са слесарам?

— Не, будзем рабіць усе разам. Хутчэй зробім — хутчэй выедзем.

З дапамогай дамкрата механізатары прыўзнялі кола і, не адкручваючы яго ад ступіцы, разбарціравалі і вынялі камеру. Як аказалася, у пакрышку патрапіў самарэз, прайшоў праз яе і зрабіў дзірку ў камеры. Хлопцы заклеілі камеру і акуратна паставілі яе назад. З працай, на якую, здавалася, магло быць затрачана не менш, як паўдня, а то і больш, вопытныя механізатары справіліся за гадзіну-паўтары.

— Наколькі часта здараюцца паломкі? — пытаюся ў камбайнера Аляксандра Жарнасека.

— Даволі часта і пры гэтым яны бываюць значныя. Сёлета мы пачыналі жніво ў 5 камбайнаў, а ў цяперашні час на полі — 3. Апошнім паехаў камбайн Сяргея Касцюковіча, дзе разваліліся рэшаты. У майстэрні пачалі рамантаваць. Аказалася, што і ўнутры машыне патрэбны сурёзныя зварачныя работы. Ад высокіх нагрузак не вытрымлівае метал.

— Які сёлета ўраджай у параўнанні з мінулымі гадамі?

— Значна слабейшы. Азімыя культуры, жыта, пшаніца яшчэ радавалі намалотамі, а як пераехалі на яравыя, убачылі адваротную карціну. З-за сухмені пасевы далі невысокі ўраджай.

Пасля завяршэння рамонту камбайнеры збіраліся ехаць у вёску Мядзвёдаўка, дзе трэба было малаціць таксама палеткі са збожжасумессю. На гэту работу звяну спатрэбіцца затраціць 1-2 дні.

Звярнуў увагу на палосці збажыны, якія належаць прыватным гаспадарам:

— Калі збіраецеся абмалочваць агароды вяскоўцаў?

— Пасля заканчэння працы на палях свайго прадпрыемства, — кажа Аляксандр Жарнасек. — Напрыклад, сажнём палі вакол Мядзвёдаўкі — і перад адездам абмалоцім іх агароды. Будзем праязджаць праз вёску Зацякляссе — абавязкова заедзем і да вяскоўцаў. Нічый агарод не застанецца неабмалочаным.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.