Свой успех адресную Лепельщине

zhen-goda_2 Імя Веры Іванаўны Закрэскай вядомае, напэўна, кожнаму жыхару нашага раёна. Выдатны арганізатар, цудоўны кіраўнік, тонкі псіхолаг, чалавек, які валодае шырынёй кругагляду і дзяржаўным думкай, наватрскім падыходам да вырашэння праблем…

У той жа час гэта мілая і абаяльная жанчына, клапатлівая жонка, маці і бабуля. І кожны раз у час сустрэчы з гэтай жанчынай я не перастаю захапляцца: колькі ж патрэбна сіл і энергіі дзеля таго, каб аб’яднаць вакол сябе вялікі калектыў дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”, займацца разглядам гаспадарчых спраў і ў той жа час знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці, які на некаторы час пакідае сваіх бацькоў і жыве ў зусім іншым горадзе, нават рэспубліцы? Не выпадкова сёлета Вера Закрэўская стала лаўрэатам конкурсу “Жанчына года Віцебшчыны-2018” у намінацыі “Лідарства і паспяховае кіраўніцтва”, які штогод праводзіцца грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз жанчын”.
— Я самая шматдзетная мама не толькі ў Лепельскім раёне, а і рэспубліцы, — з гумарам кажа Вера Іванаўна. — У рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” прыязджаюць сотні дзяцей, якіх у першую чаргу трэба атуліць бацькоўскай увагай, ласкай і пяшчотай. Аднак я з гонарам магу адзначыць, што ў “Жамчужыне” створана ўсё неабходнае для таго, каб кожнае дзіця адчувала хатнюю ўтульнасць, было забяспечана смачным, карысным харчаваннем і належным аздраўленнем. Працоўны калектыў нашай установы -– гэта адна вялікая і дружная сям’я, дзе кожны дасканала ведае сваю справу і імкнецца зрабіць яе на высокім узроўні.
З 2004 года цэнтр “Жамчужына” з’яўляецца адным з пастаянных выканаўцаў праграмы Саюзнай дзяржавы па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. За лік сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы тут прайшлі курс аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння больш за пяць тысяч дзяцей з Рэспублікі Алтай, Бранскай, Калужскай, Тульскай абласцей Расіі, а таксама Гомельскай, Магілёўскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей Беларусі.
Вядома, што поспех дзейнасці ўстановы цалкам залежыць ад дзейнасці кіраўніка. Вера Іванаўна — жанчына-лідар, якая здольная захапіць сваімі ідэямі і весці за сабой аднадумцаў.
Гады дзяцінства і юнацтва Веры Закрэўскай прайшлі ва Украіне, але блакітнавокую Лепельшчыну яна лічыць сваёй другой Радзімай, паколькі менавіта тут адбылося прафесійнае станаўленне жанчыны. У свой час яна была метадыстам, дырэктарам раённага Дома культуры. Прайшла шлях ад загадчыка аддзела культуры да намесніка старшыні райвыканкама. І зараз кіраўнікі многіх творчых калектываў Лепельшчыны з пачуццём асаблівай падзякі ўспамінаюць Веру Іванаўну, якая заўсёды ўдзяляла асаблівую ўвагу развіццю, фінансаваму забеспячэнню творчых калектываў. Фальклорны гурток “Сунічкі”, які ў свой час існаваў пры Стайскай школе мастацтваў, зараз стаў Заслужаным аматарскім фальклорным калектывам “Сунічкі”, які сваімі яркімі выступленнямі ўражвае не толькі гледачоў краіны, а і праславіў Беларусь на міжнародным узроўні.
Па ініцыятыве Веры Іванаўны аднымі з першых у Віцебскай вобласці былі адкрыты гарадскія і сельскія дзіцячыя шматпрофільныя школы мастацтваў, раённы Дом рамёстваў, Цэнтр ткацтва, была рэканструявана бібліятэка. Былі створаны шматлікія, вядомыя за межамі краіны калектывы мастацкай самадзейнасці, клубы і аб’яднанні па інтарэсах. Закладзены традыцыі правядзення шматлікіх народных святаў і гулянняў.
Аднак Вера Іванаўна на працягу многіх год вядзе не толькі актыўную прафесійную, а і грамадскую дзейнасць. Яна стала першым старшынёй раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” — узначальвала яе дзесяць гадоў і сфарміравала традыцыйныя формы яе работы.
За актыўны ўдзел і дабрачыннасць раённы Савет грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” узнагародзіў Веру Іванаўну памятным медалём. Акрамя таго жанчына неаднаразова была абрана і зараз з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
Атрымаўшы другую адукацыю ў “Акадэміі паслядомнай адукацыі”, Вера Іванаўна актыўна выкапрыстоўвае свой менеджарскі патэнцыял, веды ў галіне права, эканомікі і кіравання для правільнага вызначэння прыярытэтаў сваёй дзейнасці і эфектыўнага вырашэння пастаўленых задач.
Зараз жа, кіруючы рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Жамчужына”, Вера Іванаўна дасканала валодае тонкасцямі складанага і шматграннага працэсу аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння дзяцей. Яна сфарміравала каманду прафесіяналаў, якія здольныя крэатыўна думаць і адэкватна дзейнічаць.
— Маргарэт Тэтчар, чый прэстыж нашмат пераавышаў рэпутацыю любога іншага брытанскага лідара, сказала: “Поспех жанчыне спадарожнічае заўсёды, калі яна застаецца жанчынай”. Таму я ў сваёй рабоце прымяняю так званы “жаночы” стыль кіраўніцтва, — адзначае Вера Іванаўна. — Мы разам з усім калектывам цэнтра дасягаем поспеху шляхам творчага выкарыстання сваіх здольнасцей, рэалізацыі рыс і якасцей, якія прысутнічаюць у кожнай жанчыне: дабрыні і строгасці, жаноцкасці і дзелавітасці, спакою і патрабавальнасці, мяккасці і волі.
Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце я ўдзяляю ўстанаўленню канструктыўных адносін з цэнтральнымі і рэгіянальнымі органамі ўлады. Гэта абумоўлена імкненнем шукаць і знаходзіць падтрымку, гатоўнасцю да супрацоўніцтва.
Менавіта душэўная цеплыня, любоў да людзей і ўменне ўважліва адносіцца да іх з’яўляюцца залогам паспяховага кіраўніцтва калектывам, дзе 85 працэнтаў складаюць жанчыны.
Калектыў КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” пад кіраўніцтвам Веры Закрэўскай рухаецца наперад, адказваючы на няпростыя выклікі часу. Тут рэалізуюцца дзяржаўныя эканамічныя і сацыяльныя задачы. Эканомія і беражлівасць, інавацыйныя тэхналогіі, інтэнсіфікацыя працы дазваляюць нават ва ўмовах крызісу забяспечваць высокую якасць аздараўлення дзяцей і дарослага насельніцтва, падтрымліваць канкурэнтаздольнасць на рынку медыцынскіх паслуг, павялічваць іх экспарт, ствараць рабочыя мемсцы, павышаць заработную плату работнікам прадпрыемства.
За гады работы Верай Закрэўскай былі знойдзены магчымасці для ўвядзення ў строй новаых спальнага і медыцынскага корпусаў з басейнам, сучаснага культурна-аздараўленчага комплексу і бювета мінеральнай вады. У цяперашні час вядзецца будаўніцтва яшчэ аднаго спальнага корпуса. Знаходзячыся ў пастаянным творчым пошуку, Вера Іванаўна патрабуе ад калег удумлівага, навукова-абгрунтаванага падыходу да работы.
— Маё прафесійнае крэда -– быць у адказе за людзей, якімі кіруеш, — адзначае Вера Іванаўна. — Паспяховымі на вытворчасці, нераўнадушнымі да падзей, якія адбываюцца ў краіне і свеце, актыўнымі яны становяцца тады, калі яны спакойныя за дабрабыт сваёй сям’і, сучаснае і будучае жыццё дзяцей.
Падтрымліваючы ініцыятыву прафсаюзнага камітэта, жансавета, камітэта маладзёжнай аргаізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі Саюз моладзі”, значную частку прыбытку Вера Іванаўна накіроўвае на сацыяльную падтрымку калектыву.
У цяперашні час “Жамчужына” — гэта сучасны, шматфункцыянальны аздараўленчы цэнтр, адзін з лепшых у рэспубліцы і вядомы за яе межамі па матэрыяльнай базе, культуры добраўпарадкавання, эканамічным параметрах, спектры і якасці аказваемых медыцынскіх і рэкрэацыйных паслуг.
Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы “Жамчужына” была абрана як прыярытэтная здраўніца для рэалізацыі праграмы па аздараўленні дзяцей з абласцей Расіі і Беларусі, якія найболш пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Пазіцыя дырэктара накіравана на спалучэнне высокага ўзроўню аздараўленчых мерапрыемстваў з ідэйна-выхаваўчай работай, якая садзейнічае ўмацаванню дружбы брацкіх народаў, адзначана Пастаянным камітэтам. Штогод “Жамчужынай” праводзяцца Дні Саюзнай дзяржавы. Сёлета тут пабывалі журналісты расійскіх і беларускіх СМІ, якія асвятляюць пытанні арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі. Вера Іванаўна ўзнагароджана памятным медалём “Дзесяць год падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы” (“За супрацоўніцтва”).
Разам з актыўнай прафесійнай дзейнасцю Вера Іванаўна знаходзіць час і для любімай сям’і. Высокага прафесійнага ўзроўню дасягнуў муж Анатоль Леанідавіч, якія не адзін год працаваў у галіне прамысловасці, быў дырэктарам станцыі тэхабслугоўвання ў Лепелі, а зараз вядзе прафесійную дзейнасць па абслугоўванні газавых турбін у Расіі. Знайшлі сябе ў любімай прафесіі таксама дочкі Марыя, вопытны адвакат, і Кацярына, якая займаецца фінансава-тэхнічным наглядам у будаўніцтве. Марыя і Кацярына ўжо стварылі свае сем’і. Марыя жыве ў Мінску, а Кацярына — у Маскве. Асаблівую радасць Веры Іванаўне дораць любімыя ўнукі Марат, Таісія і Мілана.
Прыкладам жаночай мудрасці, працавітасці і інтэлігентнасці для Веры Іванаўны стала любімая маці Варвара Міхайлаўна, якой споўнілася 94 гады. За жыццёвую падтрымку, душэўную цеплыню і бацькоўскі клопат Вера Іванаўна ўдзячная сваім дарагім свёкру і свекрыві.
— Мой прафесійны поспех — гэта поспех усіх жыхароў Лепельшчыны, якая стала для мяне родным і блізкім кутком, месцам, дзе я знайшла сваё сямейнае шчасце, дзе нарадзіліся мае дзеці. Няхай жа з кожным годам наш раён усё квітнее, а поспехі яго жыхароў толькі памнажаюцца! — ад душы жадае Вера Іванаўна, і гэтыя словы дораць энергію на ажыцяўленне новых важных спраў.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: старшыня абласнога Савета дэпутатаў У. Цярэнцьеў віншуе В. Закрэўскую з заслужанай узнагародай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.