Свята Цмока

IMG_8721 У межах фестывалю міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” наш горад наведаў… гурт сярэднявечнай беларускай музыкі “Стары Ольса”. Пасля канцэрта, калі мужчынская частка калектыву вырашыла асвяжыцца ў цёплай вадзе возера Лепельскае, яго  “прыгожая палова” ў асобе флейтысткі Марыі Шарый знайшла хвілінку, каб распавесці пра музыкаў.

Марыя, раскажыце чытачам пра гісторыю стварэння “Старога Ольсы”.

— Наш гурт існуе з 1999 года. Яго ідэйны заснавальнік і кіраўнік – Зміцер Сасноўскі. Назва пайшла ад ручая ў Заходняй Магілёўшчыне. Граем беларускія народныя балады і ваярскія песні, кампазіцыі з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі, беларускія канты XVI – пачатку XVII ст. і г. д. Супрацоўнічаем з рыцарскімі клубамі, музеямі, майстрамі старажытных інструментаў.

— “Стары Ольса” выконвае кампазіцыі на забытых старадаўніх інструментах. Што за інструменты і на чым граеце менавіта вы? 

 — Мы імкнёмся аднавіць музычныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага з дапамогай дуды (валынкі), ліры, варгана, акарыны, сурмы. Я граю на флейце (сапілцы) і шалмеях (сярэдневекавыя жалейкі). Флейтавыя інструменты вядомыя ў Беларусі з другога тысячагоддзя. Выкарыстоўваем розныя па сваёй цесітуры вырыянты сапілак: сапраніна, сапрана, альт, ценар. Шалмей (бамбарда), шалмей (помер), шалмей (жалейка) – таксама мае інструменты. Напрыклад, шалмея (бамбарда) A – язычковы інструмент у выглядзе конуснай трубкі з ігравымі адтулінамі.

Прадстаўце, калі ласка, астатніх удзельнікаў.

 — Зміцер Сасноўскі, наш лідар, грае на дудах, тромбамарыне, гуслях, колавай ліры, Алесь Чумакоў – гуслях, рэбеку, цыстры, шалмеях. Сяргей Тапчэўскі – ударных, перкусіі, тромбамарыне, Аляксей Войцех –  на перкусіях, ударных, Ілья Кубліцкі – на лютні, цыстры. Дарэчы, найстарэйшая з беларускіх захаваных дудаў, якая датуецца 1872 г., знаходзіцца ў мясцовым раённым краязнаўчым музеі.

Як патрапілі да нас, на Лепельшчыну?

 — Не першы год супрацоўнічаем з суполкай “Будзьма беларусамі”. Яны прапанавалі наведаць Лепель у рамках вашага фэсту. Нягледзячы на тое, што праз некалькі гадзін нас чакае яшчэ канцэрт пад Мінскам, мы выступаем тут.

Багатая гісторыя і, напэўна, шмат музычнага матэрыялу?

— Так, мы запісалі адзінаццаць альбомаў і адзін музычны праект. Узімку выпусцім новы альбом.

— Дзе яшчэ лепельскія “фаны” вас здолеюць пачуць?

— На сольным канцэрце ў мінскім клубе “Re-паблік” 15 лістапада, дзе выступім з праграмай “Гераічны эпас Вялікага княства Літоўскага”.

На жаль, гурту быў час ад’язджаць на наступны канцэрт, аднак… Спадзяёмся, музыкі завітаюць да нас яшчэ не аднойчы. Чакаем, “Стары Ольса”.

IMG_8732 IMG_8687 IMG_8740

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.