Крепка связь поколений на Лепельщине

img_0136-dlya-stati-1Вось ужо не першы год міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне” сумесна з германскім фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” ажыццяўляецца праграма “Месца сустрэчы — дыялог”. Асноўная мэта гэтай праграмы — падтрымка праектаў, якія садзейнічаюць паляпшэнню сацыяльнага і псіхалагічнага стану пажылых людзей, у асаблівасці ахвяр нацысцкіх праследаванняў і сталінскіх рэпрэсій.
Праект “Не спыніцца пакаленняў сувязь” атрымаў падтрымку з боку гэтых арганізацый. Гэта ўжо трэці праект, які рэалізуецца ў культурна-адукацыйным цэнтры міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “ЭкаБудаўнік”.
Мы, дзеці вайны, разам з сучаснымі дзецьмі і моладдзю з задавальненнем займаемся ў разнастайных гуртках: “Школа здароўя”, “Музычныя вечары” і іншых. Шмат прыемных уражанняў ва ўсіх пакідаюць розныя мерапрыемствы. Для нас, пажылых удзельнікаў, вельмі важнымі з’яўляюцца шчырыя зносіны. Мы можам падзяліцца цікавымі навінамі або пагаварыць па душы за кубачкам кавы са сваімі знаёмымі. Шчырая размова дапамагае нам па-іншаму ўбачыць жыццё і адчуць сваю значнасць. У культурна-адукацыйным цэнтры знаходзіцца заўсёды вельмі прыемна. Разам з маладымі валанцёрамі мы, пажылыя людзі, наведваем тых прадстаўнікоў мэтавай групы праекта, якія па стане здароўя не могуць наведваць заняткі ў цэнтры. Сапраўдным падарункам для нас становяцца цікавыя экскурсіі па памятных мясцінах Беларусі.
Так, у сакавіку бягучага года мы пабывалі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту “Святліца” дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” ў аграгарадку Камень. Разам з цікавай праграмай “Ад сэрца да сэрца” мы выступілі перад аўдыторыяй пажылых людзей. Вельмі цёпла сустрэлі і нас. У завяршэнні мерапрыемства была праведзена танцавальная праграма, якая ўсім узняла настрой.
Трэба адзначыць, што пажылыя людзі ў аддзяленні маюць добрыя ўмовы пражывання, набліжаныя да хатніх. За бабулямі і дзядулямі арганізаваны выдатны догляд. У цяперашні час у аддзяленні знаходзіцца 47 чалавек, якіх абслугоўвае 19 работнікаў.
Вельмі прыемна, што культурна-адукацыйны цэнтр стаў мосцікам паміж некалькімі пакаленнямі. Аказваецца, нярэдка людзей пажылога ўзросту з моладдзю многае аб’ядноўвае. Наведванне культурна-адукацыйнага цэнтра дорыць нам сапраўднае свята. Гэта наш другі дом, без якога нават цяжка ўявіць сабе далейшае жыццё. Мы вельмі ўдзячныя арганізацыі міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “ЭкаБудаўнік” і яго нямецкаму партнёру “Дамы замест Чарнобыля” за тое, што маем магчымасць жыць цікавымі і насычанымі буднямі, што адчуваем сваю значнасць і можам перадаць шмат свайго патэнцыялу наступным пакаленням. Мы шчыра дзелімся сваім вопытам з моладдзю, расказваем пра гады Вялікай Айчыннай вайны, пра ўсе цяжкасці, якія нам давялося перажыць.
Нам немагчыма забыць пра сваё дзяцінства, апаленае вайной. Мы не жадаем, каб тыя страшныя гады паўтарыліся. Няхай жа наступныя пакаленні жывуць шчасліва, у міры і згодзе!
Ганна МАСЛАВАТАЯ,
прадстаўнік
мэтавай групы
праекта “Не спыніцца пакаленняў сувязь”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.