Сёлета органы аховы правапарадку адзначаюць чарговую, дзевяноста дзявятую, гадаві­ну з дня заснавання

82 Сёлета органы аховы правапарадку адзначаюць чарговую, дзевяноста дзявятую, гадаві­ну з дня заснавання. З гэтай нагоды мы пагутарылі з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандрам Дуранавым.

— Аляксандр Сцяпанавіч, якія гістарычныя вехі раённага аддзела міліцыі вы назвалі б асноўнымі?

 — Прайшло без года стагоддзе з таго часу, калі ўпершыню 12 сакавіка 1917 года ў дакументах упамінаецца Лепельскі гараддзел НКУС Віцебскай вобласці. Гэта дата лічыцца днём заснавання. На жаль, звесткі пра супрацоўнікаў, якія працавалі ў той перыяд, не захаваліся. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 6 снежня 1956 года аддзелы міліцыі ў гарадах і раёнах пераўтвораны ў ад­дзелы міліцыі выканаўчых камітэтаў гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў працоўных. У сувязі з гэтым загадам МУС БССР аб’яўлены і новыя штаты органаў унутраных спраў. У архіве захаваліся звесткі пра тое, што ў старым будынку (вул. Лабанка, 30) міліцыя працавала з сакавіка сорак шостага па люты восемдзесят дзявятага года. Пасля гэтага аддзел пераехаў у новы будынак (вул. Войкава, 95), дзе працуе і зараз. Дата 4 сакавіка, як Дзень беларускай міліцыі, адзначаецца з 1992 года. У сувязі з арганізацыйна-структурным падзелам з мая 2005 года Лепепельскі гарадскі аддзел унутраных спраў стаў раённым.

Раскажыце пра сённяшні дзень райаддзела, яго структуру, штодзённыя справы.

 — У штаце райаддзела дзевяноста адзін супрацоўнік. У міліцыі пятнаццаць накірункаў дзейнасці. Хацелася б адзначыць структурныя падраздзяленні, якія працуюць найбольш паспяхова і вынікова. Работа аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі прызнана лепшай. За мінулы год участковымі інспектарамі было выяўлена пяць тысяч трыста літраў незаконна вырабленага спіртнога. Пяцьдзясят два чалавекі накіраваны для лячэння ў ЛПП, ужо дванаццаць — сёлета. Аддзелам аховы правапарадку і прафілактыкі раскрыта каля трыццаці працэнтаў усіх злачынстваў так званай карыслівай накіраванасці — крадзяжоў. Стабільныя паказчыкі раскрыцця злачынстваў і ў аддзеле крымінальнага вышуку. За мінулы год выяўлена шэсць выпадкаў незаконнага абароту наркотыкаў, сёлета — два. Заведзена крымі­нальная справа па факце захоўвання наркатычных сумесяў, так званых спайсаў. Добра папрацавала і дарожна-патрульная служба. На гэты час яе супрацоўнікамі выяўлена дзевяцьсот парушэнняў правілаў дарожнага руху. Летась затрымалі п’янымі за рулём  дзвесце трыццаць сем і сёлета — пятнаццаць вадзіцеляў. Сто пяцьдзясят дзевяць парушэнняў на дарогах зрабілі пешаходы. У чатырох вадзіцеляў, злавіўшы п’янымі за рулём паўторна, канфіскавалі транспартныя сродкі. На жаль, тры дарожна-транспартныя здарэнні адбыліся ўжо сёлета, двое загінула, дзесяць чалавек паранены.

Стабільна працуе міжраённае рэгістрацыйна-экзаменацыйнае аддзяленне (МРЭА). За год супрацоўнікамі выдадзена дзве тысячы шэсцьсот вадзіцельскіх пасведчанняў, каля трох тысяч тэхнічных пашпартоў, выяўлена сем фактаў падробленых нумароў на аўта­транспарце. Усяго ў ад­дзяленне звярнулася шэсць тысяч чалавек.

Якія тэндэнцыі назіраюцца ў апошні час у крымінальнай абстаноўцы ў раёне?

 — Хоць апошнімі гадамі і назіралася ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння, мінулы год паказаў, што расслабляцца яшчэ рана, і даў невялікі прырост злачыннасці. У асноўным гэта крадзяжы. Крадуць усё, што «кепска ляжыць»: адзенне, ежу, веласіпеды. Каля сарака веласіпедаў за год укралі. Нязначна, але павысілася і колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. Шэсць злачынстваў учынілі ваеннаслужачыя на глебе нестатутных узаемаадносін. У раёне зарэгістравана таксама два забойствы і два выпадкі нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Усе яны раскрытыя.

Што робіцца для прафілактыкі злачыннасці?

 — На прафілактычны ўлік пастаўлены дзвесце восемдзесят чатыры чалавекі, раней судзімыя. Трое з іх накіраваны ў ЛПП, за адным устаноўлены прэвентыўны нагляд. За парушэнне яго патрабаванняў прыцягнуты да адказнасці адзінаццаць чалавек.

Працу каго з супрацоўнікаў міліцыі вы паставілі б у прыклад?

 — Старшы аператыўны дзяжурны маёр міліцыі Юрый Сінюшкін па выніках мінулага года быў прызнаны лепшым па прафесіі ў вобласці і ўзнагароджаны пераходным прызам «Зорка Віцебскай вобласці». Заслугоў­ваюць адзнакі кіраўнікі аддзелаў: аховы правапарадку і прафі­лактыкі Ігар Міхно, крымінальнага вышуку — Аляксандр Дудко, МРЭА — Віктар Стош і іншыя.

Асобна хацелася б адзначыць нашых спартсменаў, якія абараняюць гонар раённага аддзела міліцыі на рознага роду спаборніцтвах. Дзякуючы нашым супрацоўнікам Дзмітрыю Жарнасеку, Аляксандру Калінічэнку, Аляксею Цялятку і іншым аддзел заняў другое месца ў вобласці па комплексе спаборніцтваў «Дынама», першае — па шахматах і стральбе са снайперскай вінтоўкі, трэцяе — па рукапашным баі.

Нядаўна ў Лепелі адбыліся занальныя гульні па міні-футболе, у якіх удзельнічалі чатыры раёны. Мы занялі першае месца і будзем прадстаўлены на спаборніцтвах у вобласці.

Вы параўнаўча нядаўна ўзначалілі ад­дзел. Раскажыце крыху пра сябе.

— Нарадзіўся ў вёсцы Луг Бешанковцкага раёна. Маю дзве вышэйшыя адукацыі — юрыдычную і эканамічную. Закончыў Акадэмію МУС і БНТУ па спецыяльнасці менеджар-эканаміст. У міліцыі з мая дзевяноста пятага. З 2009-га ўзначальваў аддзяленне міліцыі ў Новалукомлі, начальні­кам РАУС у Лепелі прызначаны ў ліпені мінулага года. Жанаты. Дачка вучыцца ў БНТУ, жонка працуе бібліятэкарам. У вольны час люблю «ціхае паляванне» — за грыбамі хаджу.

 Гутарыў

 Уладзімір МІХНО.

На здымку: начальнік РАУС Аляксандр Дуранаў.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.