Таможенное декларирование в Лепеле

margarita-filipovich-2“Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Знешеўрасэрвіс” — лідар на рынку мытных паслуг”, — так прачытала ў інтэрнэце аб невядомай мне структуры. Што гэта за таварыства, чым яно займаецца і якое дачыненне мае да горада Лепеля?
Вырашыла разабрацца, тым больш, што хутка надыходзіць Міжнародны дзень мытніка. Ведаю, што раней у раёне Лепельскага МКК знаходзіўся пункт мытнага афармлення. Прыехаўшы на месца, заўважаю шыльду з такой назвай. Аднак ад пункта толькі назва і засталася. Вялікагрузныя машыны ўжо некалькі гадоў сюды не прыбываюць. Накіроўваюся ў будынак, бо сказалі, што там працуе спецыяліст, які займаецца мытным дэклараваннем.
У кабінеце сустракаю Маргарыту Філіповіч, спецыяліста па мытным дэклараванні аддзела ў г. Лепелі ТАА “Знешеўрасэрвіс”.
— Маргарыта Уладзіміраўна, растлумачце мне і лепяльчанам, што такое мытнае дэклараванне. Не зусім зразумела, для якіх мэтаў у Лепелі патрэбны спецыяліст такой накіраванасці.
— Важным этапам у працэсе ажыццяўлення знешнеэканамічнай дзейнасці з’яўляецца мытнае дэклараванне. Сутнасць яго заключаецца ў падачы мытным органам дэкларацыі, у якой прыводзяцца звесткі аб таварах, іх мытнай працэдуры і іншая неабходная інфармацыя. Займаюся паслугамі па мытным афармленні.
— Прадстаўнікі якіх прадпрыемстваў нашага горада звяртаюцца да вас за паслугамі?
— Часцей і самымі вялікімі аб’ёмамі адпраўляюць сваю прадукцыю за мяжу ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, ДПУ “Бярэзінскі біясферны запаведнік”, ПВУП “Белхімас”, філіял “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, ТАА “Будсэрвіс”, ТАА “РадыялТрэйд”, КУВП “Бароўка” і іншыя прадпрыемствы. У асноўным афармляем дэкларацыі толькі на экспарт, статыстычнае дэклараванне і ўтылізацыйны збор.
Спачатку здзівіла, якую прадукцыю можа адпраўляць за мяжу КУВП “Бароўка”. Аднак потым узгадала, што вялікай папулярнасцю ў наш час стала карыстацца біяпаліва — пелеты. Яно экспартуецца ў многія краіны.
— Куды адпраўляецца прадукцыя з лепельскіх прадпрыемстваў?
— У Літву, Латвію, Польшчу, Германію, Малдавію, Англію, Бельгію, Грузію, Расію, Казахстан, Арменію, Кіргізію… З далёкага замежжа — у Ліван, Нідэрланды.
— Працуеце толькі з прадстаўнікамі Лепельскага раёна?
— Не абавязкова, маем магчымасць афармляць мытныя дэкларацыі і прадстаўнікоў іншых раёнаў. Напрыклад, нашымі кліентамі з’яўляюцца папяровая фабрыка “Чырвоная зорка” ААТ “Светлагорскі ЦКК” (г. Чашнікі), а таксама прыватнае прадпрыемства “Прамкамплектцэнтр”, якое знаходзіцца ў Новалукомлі і вырабляе металаканструкцыі.
— Які від прадукцыі часцей экспартуецца?
— У апошнія часы самымі буйнымі партыямі афармляем мытныя дэкларацыі на піламатэрыялы, якія большасцю накіроўваюцца ў Латвію, Літву і Польшчу.
— Ці даводзіцца працаваць ноччу?
— Не, такога не здаралася. Кожны суб’ект гаспадарання адчыняе сваю часовую зону мытнага кантролю. Там і размяшчаецца транспарт, які прыбыў. Да нас дасылаюць толькі дакументы анлайн, і мы іх афармляем. Суб’ект нясе адказнасць за дадзеныя звесткі. Грузаадпраўнік і грузаатрымальнік афармляюць дакументы на прадпрыемстве.
— А як жа без праверкі?
— У мае абавязкі не ўваходзіць праверка транспартных сродкаў міжнароднай перавозкі. Існуе спецыяльная сістэма кіравання рызыкамі, якую выкарыстоўваюць мытныя органы. Яна дазволіла значна скараціць кантрольную нагрузку на суб’ектаў гаспадарання і прыкметна павысіць якасць і эфектыўнасць мытнага кантролю. Калі спрацоўвае гэта сістэма, нам паведамляюць, што будуць праводзіцца аперацыі мытнага кантролю.
— Ці назіраецца чарга?
— Чаргі апошнім часам няма. Імкнуся скласці дакументы хутка, без затрымкі і якасна. За дзень даводзіцца афармляць да чатырнаццаці дэкларацый.
— На вашу думку, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які працуе мытным прадстаўніком?
— У першую чаргу, быць вельмі ўважлівым, бо заўсёды праца ажыццяўляецца з дакументамі. Да кожнага кліента важна мець індывідуальны падыход, а таксама трымаць у галаве шмат інфармацыі. Напрыклад, кожнаму тавару трэба надаць код па таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці, іншымі словамі закадаваць, у залежнасці ад яго характарыстык.
— А веданне замежнай мовы не патрабуецца?
— У нашай арганізацыі ёсць перакладчык. Да яго ў Мінск можна даслаць паперы, і ён перакладзе. На маёй практыцы здаралася сітуацыя, калі прыбылі імпартныя тавары, а з імі дакументы ўсе на замежнай мове.
— Ці бываюць складанасці ў працы?
— Толькі калі адбываюцца збоі ў Нацыянальнай аўтаматызаванай сістэме мытнага дэкларавання і інтэрнэце. Не хочацца затрымліваць людзей перад доўгай дарогай.
— І апошняе пытанне: ці маеце льготы пры выездзе за межы Рэспублікі Беларусь?
— Не, усё толькі згодна з заканадаўствам і ніяк іначай, — з усмешкай кажа мая суразмоўца.
Інтэрв’ю правяла
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымку: Маргарыта Філіповіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.