Таварыства сельскіх гаспадароў

Адмена прыгоннага права стала пераломным момантам у  развіцці  капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі і асабліва Беларусі. Царскі ўрад правёў шэраг мерапрыемстваў, якія аблегчылі ўмовы рэформы 1861 г. Першага сакавіка і другога лістапада 1863 г. часоваабавязаны стан сялян, у тым ліку і Віцебскай  губерні разам з Лепельшчынай, спыняўся. Нашы землякі прылічваліся да разраду сялян-уласнікаў. Надзельныя землі былі павялі­чаны на 17 працэнтаў.

 Паводле архіўных дакументаў, у  1874 г. віцебскі  губернатар  звярнуўся  да  міністра  дзяржаўнай  маёмасці з просьбай утварыць па  прыкладзе  іншых  гарадоў Расійскай імперыі  таварыства мясцовых  сельскіх  гаспадароў. Падрыхтаваны  праект  статута быў  разасланы  губернскаму  і  павятовым кіраўнікам дваранства для зацвярджэння на сходах землеўладальнікаў.

Якія ж мэты ставіла перад сабой таварыства? Патрабавалася арганізаваць супольнасць усіх, хто  займаецца  і  цікавіцца  сельскай  гаспадаркай, садзейнічаць развіццю земляробскай прамысловасці, аблягчаць збыт прадукцыі і  наём рабочай сілы. Праект дакумента атрымаў  адабрэнне памешчыкаў. 28 ліпеня 1876 г. міністр дзяржмаёмасці  зацвердзіў  статут таварыства  “Віцебскіх сельскіх гаспадароў”. Такім чынам, пачалася яго дзейнасць 23  сту­дзеня 1877 г.

У  80-90-я  гады  адбывалі­ся значныя змены  ў  эканамічнай і тэхнічнай аснашчанасці  сельскагаспадарчай вытворчасці. Укараняліся шматпольныя севазвароты, новыя  прылады  і  машыны, мінеральныя  і  арга­нічныя ўгнаенні. У 1906 г.  і  ў  нашым  павеце  быў  адкрыты Лепельскі аддзел  сельскіх гаспадароў, які  ў  сваёй  паўся­дзённай  дзейнасці  кіраваўся  статутам Віцебскага таварыства.

Лепельскае  павятовае  таварыства складалася з  сапраўдных членаў, ганаровых  і  членаў-карэспандэнтаў. У сапраўдныя  члены  выбіраліся пераважна землеўладальнікі не маладзей за 21  год. Ганаровымі станавіліся асобы, якія  вызначыліся  асобымі  заслугамі  ў  галіне  сельскай  гаспадаркі  або  зрабілі  значныя ахвяраванні на  карысць грамадства. У члены-карэспандэнты ўваходзілі землеўладальнікі, вядомыя сваёй  навуковай  ці  гаспадарчай  дзейнасцю.

Склікаліся сходы — звычайныя, надзвычайныя і  гадавыя. Першыя праводзіліся не радзей за два разы  на год, на  якіх  вырашаліся бягучыя справы. На  гадавых  разглядаліся  і  зацвярджаліся  гадавыя  справаздачы  і  бюджэт таварыства  на  наступны  год, выбіраліся  пасадныя асобы. Надзвычайныя сходы склікаліся  старшынёй  для  ўнясення  змяненняў  у статут, выключэння членаў і для  вырашэння  асабліва  важных  спраў, якія  не  цярпелі адкладу. На сходах  заслухоўваліся пытанні выключна па сельскай  гаспадарцы і сельскай  прамысловасці.

Ключавым звяном у  Лепельскім аддзеле быў  савет, які выбіраўся на  гадавых сходах з ганаровых  і  сапраўдных  членаў  і  кіраваў  бягучымі  справамі. Яго склад быў абмежаваны. Сюды ўваходзілі старшыня таварыства, намеснік, тры  члены, сакратар і казначэй. Кіраўніцтва  выбіралі  на  два  гады. Пры  гэтым  сам кіраўнік павінен быў старшынстваваць  як  на  сходах, так і  на  пася­джэннях  савета. Сакратар вёў пратаколы нарадаў  і  сходаў, складаў  гадавую справаздачу  і  займаўся  перапіскай  таварыства. Казначэй  прымаў  усе  грашовыя паступленні і  выдаваў  грошы  на  расходы.

Не менш цікавы для нашых чытачоў і такі немалаважны для разумення ролі таварыства факт. Згаданае  таварыства  займалася  набыццём сельскагаспадарчых і земляробскіх  прылад, элітнага насення, племянной жывёлы. Прымаліся важныя  для  земляробаў  меры  па  рэгуляцыі цэн на прадукты  і  аплату  працы. Аказвалася садзейнічанне  працуючым  пры  куплі-продажы маёмасці і сельскагаспадарчай прадукцыі. Падбіраліся надзейныя арандатары, ствараліся ўзорныя доследныя фермы, арганізоўваліся выставы, наладжвалася чытанне лекцый і  г.д.

У пачатку дваццатага стагоддзя ў памешчыцкіх  гаспадарках пашырыўся  наём рабочай сілы, вырасла  вытворчасць  збожжа. Важным вытворчым таварам Лепельшчыны  стаў  лён. Гандлёвы характар набыла жывёлагадоўля. Пачалі распаўсюджвацца масларобчыя арцелі і таварыствы. У той час заходнія раёны Еўрапейскай Расіі, куды ўваходзілі і  беларускія губерні, не адносіліся  да  ліку  адстаючых. Напрыклад, беларускі рэгіён па сельскагаспадарчых машынах займаў чацвертае месца  па  сеялках, трэцяе — па  жняярках, другое — па  конных малатарнях, уступаючы ў  першую чаргу прыбалтыйскаму  краю.

Радуе,  што  і  праз  сто  гадоў  Лепельскі  раён  па  многіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці знаходзіцца ў ліку  лепшых і размяшчаецца ў верхняй палове спісу  абласных справаздач.

Ілья   ЯНУШ,

 краязнавец.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.