Тэхнічныя навінкі ўкаранёны на прадпрыемствах Лепеля

На Лепельшчыне працягваецца мадэрнізацыя вытворчых магутнасцей прадпрыемстваў і арганізацый. Прыкладаў таму багата. У прыватнасці, на РДУП «Лепельскі электрамеханічны завод» удасканалены станок з лічбавым праграмным кіраваннем, тэхналагічныя працэсы апрацоўкі і кансервацыі дэталяў і зборачных вузлоў.
Якасць хлебабулачнай прадукцыі паляпшаецца. Гэта заўважылі лепяльчане. І таму ёсць відавочнае тлумачэнне. Тэхналогія вырабаў удасканальваецца. На хлебазаводзе РУВП «Віцебск­хлебпрам» набыты электрапомпа для паляпшэння якасці выпускаемай прадукцыі і захавання тэхналагічных працэсаў, цестапа­дзяляльная машына, цестаакругляльнік, халадзільны агрэгат, аўтамабіль ГАЗ 33-02, хлебны фургон.
Навінкамі малочнай прадукцыі радуе «Лепелька». ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» распрацаваў інвестыцыйны бізнэс-план будаўніцтва цэха па вытворчасці сухога суцэльнага малака з рэканструкцыяй дапаможных вытворчасцей. Праект уключаны ў пералік найважнейшых (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2013/04/24 №310). Зараз вядуцца перамовы для закупкі неабходнага абсталявання. Актыўна мадэрнізуецца энергетычная гаспадарка: узводзіцца новая кацельня на прыродным газе з перспектывай пераўтварэння ў міні-ЦЭЦ. Важны энергазберагальны аб’ект мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю ў першым квартале 2014 года.
Філіялу «Лепельскі» ЗАТ «Віцебск­аграпрадукт» запатрабавалася ўдасканаліць тэхналогію на элеватары. Тэхнічная задума актыўна рэалізуецца. Словы не разыходзяцца са справай. Набыта абсталяванне, выкананы вызначаныя будаўніча-мантажныя работы.
Пра многае гавораць і такія лічбы. Хоць іх і называюць “сухімі”, але без статыстычных высноў нельга ўбачыць маштабнасць тэхнічнага пераўзбраення розных суб’ектаў гаспадарання. Прамысловымі прадпрыемствамі толькі летась на мадэрнізацыю інвеставана 52,6 млрд рублёў, што складае 93,3 працэнта ад гадавога аб’ёму. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі накіравана на гэтыя перспектыўныя мэты звыш 140 млрд рублёў.
Працэс аб’ектыўны. Іншага шляху няма. Толькі канкурэнтназдольная прадукцыя можа прабіцца на рынак Садружнасці Незалежных Дзяржаў, на мытную прастору, а тым больш — трапіць спажыўцам з далёкага замежжа.
В. ВАЛОДЗІН.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.