Тэхніка — ва ўмелых руках

385На зернетаку КУВСГП “Баброва” стаяла аўтамашына “КамАЗ” з нарошчанымі бартамі, якая належыць вядомай Віцебскай птушкафабрыцы “Ганна”. У яе вялася пагрузка азімай пшаніцы з вялікага бурта зерня, размешчанага непадалёк. Гэту работу выконваў на пагрузчыку “Амкадор-320” вадзіцель Аляксандр Патоцкі. Уразіла акуратная і дакладная работа Аляксандра Валер’евіча. У спрытных, умелых руках хлопца магутная тэх­ніка выглядала паслухмянай і рахманай. Пагрузчык пад’язджаў да бурта зерня, няспешна зачэрпваў у коўш азімую пшаніцу, затым рухаўся да аўтамашыны “КамАЗ”, уздымаў над яе высокімі бартамі коўш і так асцярожна, выверана высыпаў азімую пшаніцу ў кузаў транспарту, што на цвёрдае асфальтаванае пакрыццё зернетаку не трапляла ніводнага зярняці.
— Аляксандр Патоцкі працуе ў КУВСГП “Баброва” са жніўня 2010 года, — адзначыла інспектар аддзела кадраў гаспадаркі Анастасія Карсацкая. — Добрасумленна адносіцца да выканання сваіх абавязкаў. Хаця на пастаяннай аснове ён “круціць баранку” замацаванай за ім аўтамашыны МАЗ, аднак валодае неабходнымі тэарэтычнымі ведамі, практычнымі навыкамі кіравання і іншай разнастайнай тэхнікі. Таму яму і была даручана пагрузка азімай пшаніцы.
— Гэты хлопец — мясцовы, ураджэнец вёскі Несіна, — паведаміла кіраўнік справамі Баброўскага сельвыканкама Галіна Гумоўская. — Ён закончыў Матырынскую сярэднюю школу, адслужыў тэрміновую службу ў арміі. У 2012 годзе Аляксандр Валер’­евіч стварыў сям’ю. Яго жонка Кацярына зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. У Патоцкіх падрастае сын Дзяніс. Няхай ла­дзяцца ўсе справы ў гэтай маладой сям’і, заўсёды пануе ў ёй згода і ўсталёўваецца дабрабыт.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Аляксандр Патоцкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.