Технику — на линейку готовности: как идут дела на мехдворе СПФ «Заозерье»?

На мехдвары сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” у вёсцы Юркоўшчына ў апошнія дні даволі ажыўлена. Механізатары, слесары, зваршчыкі актыўна займаюцца рамонтам тэхнікі, падрыхтоўкай яе да веснавых палявых работ. Сонечныя дні прыспешваюць людзей, зганяюць апошні снег з палеткаў, нібыта запрашаючы земляробаў на палі.

Каля магутнага энерганасычанага трактара завіхаюцца пяцёра чалавек. Адны паслабляюць гайкі на заднім коле, іншыя прыладжваюць дамкрат пад задні мост. Побач стаяць 2 заднія колы. Працэсам кіруе трактарыст Дзмітрый Арцюх.

— Што збіраецеся рабіць? — пытаюся.

— Ставім спараныя колы на задні мост. З адзінарнымі трактар не пацягне культыватар-глыбокахіліцель, буксаваць будзе. Са склада выдадзены колы з меншым зносам пратэктара, іх паставім на месца штатных, а іх адпарвім на спарку.

Хлопцам давялося нямала папрацаваць, каб адкруціць кола, якое адыходзіла з цяжкасцю. Звярнуў увагу, што яно даволі вялікае, вышэй дарослага мужчыны і, напэўна ж, нялёгкае:

— А калі яно ўпадзе на зямлю, як вы яго падымаць будзеце?

— Ужо падала. Упецярых ледзьве паднялі. Яно ж важыць 700 кілаграмаў. Пакуль кола знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, з ім можна працаваць — мы прылаўчыліся. А вось калі яно ўпадзе, будзе дрэнна! — з усмешкай кажа Дзмітрый.

За трактар зачэплены культыватар-глыбокахіліцель. Большая частка стоек на ім памяняна, праўда, на некаторых не хапае наканечнікаў. У бліжэйшы час іх павінны набыць і даставіць у гаспадарку.

Крыху далей, каля трактара К-744 завіхаецца Віталь Пярэдня, які таксама рыхтуе тэхніку пад абсталяванне спаранымі коламі. Яго культыватар-глыбокахіліцель Kockerling цалкам гатовы да працы. 27 стоек і наканечнікаў заменены.

— Як часта даводзіцца рамантаваць?

— За дзень ламаецца па 2-3 зубы з-за камянёў. Калі за дзень удаецца замяніць толькі адзін зуб, гэта вельмі добра. Штогод камяні з глебы ўбіраюцца, але яны зноў і зноў вылазяць.

Унізе каля майстэрні стаіць трактар К-744 з сеялкай Amazonia. Гэта асноўная сіла на пасяўной. За адзін праход агрэгат засявае паласу ў 12 метраў шырынёй, яе бункер змяшчае да 3 тон насення і да 1,5 тоны ўгнаенняў. Аднак такая тэхніка патрабуе і адпаведнага абслугоўвання. На ёй знаходзіцца 96 сашнікоў, палова з якіх патрабуе замены пасля заканчэння асенняй пасяўной кампаніі. І ўсё ж вялікія абёмы выкананай працы і камяні ствараюць нямала цяжкасцяў. Рухавік трактара таксама патрабуе рамонту. Механізатар Вадзім Пыхцін якраз у момант прыходу карэспандэнта адлучыўся на склад за запчасткамі.

У майстэрні сустрэў механізатара Пятра Духовіча. Пачалі з ім размову пра бліжэйшую пасяўную.

— Адна з асноўных праблем — недахоп запчастак, — кажа суразмоўца. — Раслумачу на прыкладзе. За мной замацаваны культыватар АКШ, які павінен рыхліць зямлю і прыкатваць яе каткамі. Пасля праходу трактара глеба мяккая і роўная, можна спакойна накіроўваць на поле сеялку. Культыватар складаецца з 3 секцый. На сённяшні дзень у нас ёсць зубы толькі для цэнтральнай секцыі, для бакавых няма. А трэба ж яшчэ перагледзець каткі, падварыць іх, пры патрэбе — замяніць падшыпнікі. Адным словам, спраў яшчэ шмат.

Заўважыў яшчэ адну важную патрэбу — недахоп пакрышак. За сезон-другі інтэнсіўнай працы пратэктары на шынах сціраюцца, гума трэскаецца ад нагрузак, можа адысці корд. Пры гэтым новая пакрышка каштуе дорага, цікаўны чытач можа сам убачыць інфармацыю на сайтах у інтэрнэце.

Напрыканцы прыезду пагутарыў з намеснікам дырэктара па ідіэалагічнай рабоце СВФ “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Сяргеем Маркаўцом. Ён расказаў:

— Усе нормы і расцэнкі на будучую пасяўную кампанію эканамістамі распрацаваны. Як заўсёды, перад пачаткам работ адбудзецца агульны сход, на якім калектыву будзе даведзена неабходная інфармацыя, расцэнкі будуць выдадзены на рукі. Абавязкова правядзём інструктажы па выкананні правілаў бяспекі. У дыспетчарскай будзе вывешаны экран, на якім у аператыўным парадку будзем адлюстроўваць вынікі працы кожнага механізатара, кіроўцы, каб кожны мог бачыць свае працоўныя паказчыкі і заробак.

Нягледзячы ні на якія цяжкасці, земляробы шчыруюць, рыхтуючы тэхніку да хуткага выезду. “Поле кліча!” — кажуць работнікі.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.