Товары к Пасхе и картошка с Египта: репортаж с лепельского рынка…

У бліжэйшыя дзве нядзелі мы будзем адзначаць вялікія святы — Вялікдзень па календары каталіцкай канфесіі (17 красавіка) і Вялікдзень па календары праваслаўнай канфесіі (24 красавіка). Таму вырашыў наведаць базарную плошчу ў апошнюю перадсвяточную нядзелю.

Галоўнай мэтай для мяне было паглядзець на наяўнасць традыцыйнага тавару для святкавання Вялікадня, незалежна ад канфесіі. Вядома, што важным атрыбутам гэтага свята зяўляюцца пафарбаваныя яйкі і смачныя булкі.

Яек ад мясцовых птушкаводаў на базары было шмат. Яны прадаваліся на крытых радах, у малочным павільёне, а таксама на сельгаспляцоўцы. Іх кошт усталяваўя на ўзроўні 3 рублі 50 капеек за дзясятак. З вопыту мінулых гадоў можна заўважыць, што напярэдадні Вялікадня можа назірацца кароткачасовы рост цаны на гэтую прадукцыю. Кошт у 3 рублі 50 капеек трымаецца больш за месяц. Аднак мы памятаем, што зімой дзясятак яек каштаваў і 4 рублі, таму можна чакаць вяртання гэтага кошту ў перадвелікодныя суботы. Яйкі на Вялікдзень многія гаспадыні фарбуюць па традыцыі шалупіннем ад цыбулі, але жадаючыя ў малочным павільёне могуць набыць спецыяльныя рознакаляровыя наклейкі на яйкі па 30 капеек за дзясятак.

У гэтым жа павільёне можна купіць і муку для выпечкі булак. 10-кілаграмовыя ўпакоўкі прадаюцца па 23 рублі. Можна набыць іх і на развес, мука з вялікага мяха прадаецца па 2,50 за кілаграм. Прадукцыя, як напісана на этыкетцы, пастаўляецца з Курскай вобласці Расіі. Папяровыя формы для выпечкі булак прапануюцца па цане 40, 50 і 55 капеек за штуку.

Праходзячы па шэрагах малочнага павільёна далей, звярнуў увагу на іншыя тавары. Традыцыйна прадаецца малочная прадукцыя. Цэны на яе не змяніліся. 3-літровы слоік малака можна было набыць за 6 рублёў. Прадаўцы мёду прапаноўвалі салодкую прадукцыю па 8 рублёў за паўлітра. Аднак можна крыху зэканоміць. Калі прынесці паўлітровы слоік з накрыўкай на абмен, то кошт зніжаецца на паўрубля.

Дзеля цікавасці звярнуў увагу на мандарыны, якія за апошнія дзесяцігоддзі для пакупнікоў ужо не зяўляюцца экзотыкай, іх можна набыць у любую пару года. Так, у нядзелю ў крытым павільёне іх прадавалі коштам ад 6,50 да 8,50 за 1 кілаграм. У асноўным мандарыны адрозніваліся велічынёй плода (буйныя — даражэй) і агульным выглядам.

У суседняй скрынцы на прылаўку была размешчана маладая бульба. Як напісана на этыкетцы, гэта прадукцыя 2022 года, прывезена з Егіпта. Драбнейшыя клубні прадаваліся па 2,50 за адзін кілаграм, буйнейшыя — па 4 рублі.

На сельгаспляцоўцы вялікую бульбу мясцовыя бульбаводы прадавалі па 10 рублёў за 10-літровае вядро, а прывазную — па 9 рублёў. Прывезена яе было даволі шмат.

Аднак большым попытам, на погляд аўтара, карысталася бульба насенная. У мінулую нядзелю такі тавар прадаваўся ў 3 кропках. Дзвюма аўтамабілямі, як было заяўлена на шыльдах каля іх, была прывезена суперэліта са спецыялізаваных насенняводчых гаспадарак, у прыватнасці з інстытута бульбаводства ў Самахвалавічах. Кілаграм насеннай бульбы у гэтай кропцы каштаваў 3 рублі. Былі названы такія сарты, як Палац, Юлія, Уладар, Маніфест, Каралева Ганна, Скарб, Рагнеда, Нара, Вектар і іншыя.

Разам з бульбай прадаўцы прапаноўвалі і насенную цыбулю па 5,90 і 11,90 за кілаграм, у залежнасці ад сорту.

На другім баку насенную бульбу са свайго ўчастка прадаваў вясковец. На сетках таксама была ўказана назва сартоў. Аднак пра суперэліту размова ўжо не ішла. Там бульба каштавала 2 рублі за кілаграм.

Зерня таксама было даволі шмат. Азімая пшаніца, ячмень, авёс прадаваліся па 6 рублёў за вядро.

Завяршаючы сельскагаспадарчую тэму, зверну ўвагу на яравы часнок. Галоўка часнаку ў кропках, дзе гандлююць насеннем, прадавалася па 30 капеек. Прадавец прапаноўваў:

— Бярыце часнок, насыпаны ў літровы слоік. Ён будзе каштаваць 10 рублёў, але ў выніку атрымліваецца больш танна.

Нарэшце, я падышоў да кропкі, дзе прадаваліся розныя былыя ў карыстанні інструменты і рэчы. Пацікавіўся цаной малаткоў. У залежнасці ад велічыні, іх кошт вагаўся ад 5 да 10 рублёў. Дзеля параўнання заўважу, што малаткі новыя ў краме будаўнічага інструменту прадаюцца прыблізна па такой жа цане — ад 4 да 10 рублёў, у залежнасці ад велічыні і матэрыялу, з якіх зроблена рукаятка (дрэва або пластык).

У цэлым жа апошні базар пакінуў неблагое ўражанне. Тавару было даволі шмат, разнастайнага, на любы кашалёк і густ.

Тэкст і фота: Б. САНЕЎ.

На здымках: пакупнікі цікавяцца насеннай цыбуляй і бульбай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.