Три веселых смены

img_7845У выпусках навін кожны дзень закранаецца тэма каранавіруса. У сувязі з гэтым многія масавыя мерапрыемствы, святкаванні, канцэрты, спектаклі перанесены ці ўвогуле адменены. Разам з тым трэба быць асабліва рашучым, каб у падобных умовах распачаць працу кругласутачнага дзіцячага школьнага лагера. Расказвае дырэктар лагера Дзіяна Мысіна:
– На працягу некалькіх гадоў у Бароўскай школе пас­пяхова дзейнічае летні кругласутачны лагер. У гэтым накірунку напрацаваны багаты вопыт і традыцыі. З іншага боку, нельга не ўлічваць патрабаванні рэалій, павышаныя нормы санітарнай бяспекі. Аднак мы вырашылі арганіза­ваць работу лагера і сёлета. Разам з тым прынялі шэраг мер па абароне дзяцей. У першую чаргу, удвая скарацілі коль­касць выхаванцаў летніка. Калі ў мінулым годзе мы прымалі па 125-140 чалавек за змену, то на сёлетнюю першую змену да нс былі толькі 85 адпачывальнікаў. Дзякуючы гэтаму, зменшылася колькасць дзяцей, якія жывуць у адным пакоі. Калі ў мінулыя гады ў адной спальні маглі размяшчацца да дзесяці ложкаў, то цяпер – толькі да пяці. Па-другое, строга абмежаваны кантакты выхаванцаў з пабочнымі асобамі. Забаронены выхад за тэрыторыю школы і ўваход сюды пабочных асоб.
– Аднак дзецям захочацца наведаць бліжэйшую краму, каб набыць у ёй чыпсы, арэшкі ці іншыя прысмакі…
– Мы заключылі дамову з Лепельскім філіялам абласнога спажывецкага таварыства, і на тэрыторыі лагера працуе гандлёвая кропка.
Значная работа праведзена і па добраўпарадкаванні: абнавілася сантэхнічнае абсталяванне, закуплены і зманціраваны новыя бойлеры. З кранаў цяпер ліецца гарачая і халодная вада, усе, дарослыя і дзеці, могуць у любы час памыць рукі з мылам або пры­няць душ. У многіх памяшканнях праведзены касметычны рамонт. Набыты бескантактныя тэрмометры, бактэрыцыдныя лямпы, на кожным паверсе размешчаны кулеры з вадой.
– Аднак на набыццё гэтых рэчаў патрэбна нямала фінансавых сродкаў…
– Істотную дапамогу мы атрымалі з раённага бюджэту. Так, дзесяць тысяч рублёў былі выдзелены са сродкаў, зароб­леных на раённым суботніку, яшчэ дзве тысячы накіраваны ў якасці прамой дапамогі з бюджэту. Імкнёмся і самі зараб­ляць.
– Колькі каштуе пуцёўка ў ваш летнік?
– На першую змену ўстаноўлены наступныя расцэнкі. У залежнасці ад узросту дзяцей пуцёўкі дзеляцца на тры катэгорыі. Пуцёўка першай катэгорыі каштуе 378 рублёў, куды ўваходзіць дзяржаўная датацыя і 173 рублі аплаты бацькоў. Пуцёўкі другой катэгорыі, адпаведна, каштуюць 390 і 185 рублёў, трэцяй – 399 і 194 рублі. Частку другой сумы, дак­ладней – да 90 працэнтаў, могуць аплаціць прадпрыемства, дзе працуе адзін з бацькоў, ці прафсаюзная арганізацыя. Такім чынам, непасрэдна баць­кі за пуцёўку дзіцяці могуць заплаціць каля 20 рублёў.
На першую змену ў кругласутачны лагер прыбылі дзеці з Лепельскага, Бешанковіцкага, Чашніцкага і Аршанскага раёнаў. Вельмі шмат выхаванцаў з дзіцячых дамоў, прыёмных сем’яў. Шмат дзяцей адпачывалі ў лагеры «Бароўка» ў ранейшыя гады. Сярод іх – Дзіяна Баравік і Анастасія Шынкевіч з Лепеля.
– Выдатна адпачываецца! – кажа Насця. – Зноў убачыла шмат сяброў і знаёмых, з якімі сустракаліся ў мінулым і пазамінулым годзе.
Дарослыя таксама працуюць у лагеры не першы год, нават склаліся дынастыі. Так, Анатоль Дывак працуе разам з сынам Іванам, студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А Сяргей Новікаў – ра­зам з дачкой Анастасіяй.
Для дзяцей падрыхтавана змястоўная, насычаная праг­рама. Распарадак дня распрацаваны так, каб у выхаванцаў не заставалася ніводнай свабоднай хвіліны для суму і ляноты. Мерапрыемствы чаргуюцца адно за другім: канцэрты, конкурсы малюнкаў, спаборніцтвы, віктарыны… Застаецца толькі здзіўляцца, які вялікі запас сіл у дзяцей, як ім хапае на ўсё энергіі і задору!
– Калі першая змена пройдзе добра, то на другую і трэцюю плануем набраць да 150 дзяцей, – адзначыла Дзіяна Анатольеўна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.