Трудовое долголетие Николая Лукуши из Лепеля

img_3112Мікалай Лукуша лічыць, што ў яго вельмі кароткая біяграфія. Біяграфія, магчыма, і невялікая, затое ж якое доўгае і плённае яго працоўнае жыццё! Звычайна мы, журналісты, вобразна называем гэта працоўным даўгалеццем.
Цяжка нават прыгадаць той час, калі Мікалай прыйшоў у дарожна-будаўнічую арганізацыю, дзе працуе і зараз. З таго часу арганізацыя некалькі разоў мяняла назву. Зараз яна называецца філіял “ДЭУ-37 г. Лепеля” РУП “Віцебскаўтадар”. Назва мянялася, а сутнасць заставалася ўсё той жа. Самае ж галоўнае тое, што Мікалай Лукуша, справу, якой прысвяціў не адзін дзясятак гадоў, ведае дасканала.
Прыйшоў жа хлопец працаваць сюды яшчэ да службы ў арміі. Нарадзіўся ён у вёсцы Усавікі і першыя пяць класаў скончыў у Бароўскай сярэдняй школе. Пасля ж сям’я пераехала ў Лепель, хлопец працягваў вучобу ў сярэдняй школе №4, больш вядомай у горадзе, як “чыгуначная школа”, альбо васьмігодка. А калі яна закрылася, ён ужо закончыў восьмы клас. Падаўся на курсы трактарыстаў у райсельгасхімію. Прайшоўшы навучанне, затрымаўся яшчэ на паўгода. Тым часам працягваў адукацыю ў вячэрняй школе. Атрымаў прапанову працаваць у ДЭУ. Тады гэта было ДЭУ № 736, якое належала “Аўтамагістралі”.
У 1975 годзе Мікалая ваенкамат адправіў вучыцца на кіроўцу. І з гэтага часу жыццё яго “на колах коціцца”. У войска пайшоў кіроўцам. Вучэбка прайшла ў горадзе Астрагорст, што ў Варонежскай вобласці. Паўгода вучыўся на кіроўцу шматвосных цягачоў. Затым быў накіраваны на службу ў ГДР. Месца на цягачы не знайшлося, сеў за руль ЗІЛ-131. Служба праходзіла лёгка і цікава. Ніякай “дзедаўшчыны”, што ў той час была нетыповаю з’яваю. Аднак служба праходзіла ў невялікім ракетным дывізіёне на 130 чалавек. Як кажуць, усе адзін аднаго ведалі, і ўсё было навідавоку. Якія там нестатутныя ўзаемаадносіны!
Дадому вярнуўся сяржантам. Зноў уладкаваўся ў тую ж самую дарожна-будаўнічую арганізацыю і з таго часу ўжо месца сваёй працы не мяняў. У свой час вазіў кіраўніка на “Волзе”, затым працаваў на самазвале, на “пескачы” — так завуць між сабою кіроўцы пескараскідвальнік. Пасля перасеў на МАЗ, а зараз вось шчыруе на экскаватары “Грэйдола”. Чацвёрты год, дарэчы, як Мікалай на пенсіі, але пакідаць працу пакуль не збіраецца.
Так і катае яго на колах жыццё… Мікалай Іосіфавіч мае ў горадзе свой катэдж. Атрымаў ад арганізацыі, а затым, яшчэ ў час перабудовы, выкупіў. Праўда, жыць у катэджы, на ўчастку з пяці сотак у горадзе — амаль тое ж самае, што і ў гарадской кватэры. Бо зямлі для агароду няма. Аднак пабудаваў гаспадар лазеньку і гараж.
Жыць у катэджы “па-гарадскому”, як на мой погляд, дык і сумнавата. А можа, проста сам я прывык да зямлі… Ну, ды гэта на мой погляд, а як сябе пачувае ў горадзе колішні вясковец Мікалай Лукуша? Дзеці пасталелі і знайшлі свае жыццёвыя дарогі. У іх свае сем’і, дзеці. У Вольгі, якая засталася ў родным горадзе і працуе ў дзіцячым садзе, ужо дванаццацігадовы сын і дачка дашкольнага ўзросту. Сын Аляксандр жыве ў сталіцы. У яго таксама двое дзяцей. Сын вучыцца ў школе, дачка таксама наведвае дзіцячы сад.
Сумнавата ў катэджы бацькам. Добра, што абодва працуюць: Мікалай — кіроўцам, а жонка ўвесь час — бухгалтарам. Зараз — у “Піцэрыі”. Улетку Мікалая цягне ў лес, па грыбы. А яшчэ часам выбіраецца з жонкаю на яе радзіму, ва ўшацкую вёсачку Восна, дзе да гэтага часу яшчэ ёсць бацькоўская хата. Там і агарод, дзе можна штосьці пасадзіць.
Аднак катэдж ажывае і напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі, калі прыязджаюць да дзядулі і бабулі на іх гасцінны агеньчык унукі — Улад, Паліна, Ярык і Арына. І маладзеюць, падаецца, у гэты час і сцены, і душы. У жыцці абавязкова павінен быць працяг. І свой жыццёвы працяг шчаслівая сям’я адчувае, калі разносіцца вясёлы смех унукаў.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.