Турнір памяці воіна-інтэрнацыяналіста

152Стала ўжо традыцыйным штогадовае правядзенне раённага турніру па баскетболе сярод юнакоў, прысвечанага памяці воіна-інтэрнацыяналіста Ігара Салаўёва. Спартыўнае мерапрыемства садзейнічае папулярызацыі гэтага віду спорту, выхоўвае ў падрастаючага пакалення глыбокія пачуцці патрыятызму і любові да Ра­дзімы. Не стаў выключэннем і 2014 год.
На адкрыццё спаборніцтваў, якое адбылося ў спартыўнай зале аграрна-тэхнічнага каледжа, прыйшлі дзясяткі мясцовых “афганцаў” на чале са старшынёй раённага савета грамадскага ­аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сяргеем Крывялём. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Затым разгарнуліся спартыўныя баталіі. Барацьбу за перамогу павялі каманды Бароўскай, Заслонаўскай сярэдніх школ, СШ №1, гімназіі і Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы.
У першым паядынку сустрэліся спартыўныя дружыны Бароўскай СШ і гімназіі. Спачатку баскетбалісты з Бароўкі рашуча накіраваліся наперад, і адна з атак адразу прынесла ім заліковыя ачкі. Гімназісты вымушаны былі заняць абарону, пераходзілі ў контратакі, аддавалі мяч далёкімі перадачамі са сваёй пляцоўкі на нападаючых, якія адразу кідалі ў цэль. Адзін такі кідок з-за сяміметровай лініі быў вельмі трапны, прынёс тры ачкі. Пасля гэтага ініцыятыву перахапілі спартсмены гімназіі. Яны больш дакладна перадавалі мяч, удала пера­адольвалі абарону сапернікаў, адзін за другім забівалі мячы. Выніковы лік матча — 22:9 на карысць гімназістаў.
Далейшая спартыўная барацьба вызначыла паўфіналістаў спаборніцтваў. У першым паўфінале сустрэліся каманды гімназіі і Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы. Гімназісты перамаглі з лікам 24:7.
Другі паўфінал звёў паміж сабой баскетбалістаў СШ №1 і Бароўскай СШ. Мацнейшымі аказаліся бароўскія юнакі, якія выйгралі з лікам 6:2. Такім чынам, у фінале ў змаганні за першае месца зноў павялі барацьбу спартыўныя дружыны Бароўскай СШ і гімназіі. І на гэты раз перамаглі навучэнцы гімназіі (10:6). Яны былі ўзнагароджаны пераходным Кубкам, Дыпломам абласнога савета грамадскага ­аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і медалямі першай ступені. Другое месца занялі вучні Бароўскай СШ, трэцяе — СШ №1. Прызёры былі ўшанаваны дыпломамі і медалямі адпаведных ступеняў.
Лепшым іграком турніру быў прызнаны Ягор Калінін з каманды гімназіі. Ён быў адзначаны дыпломам і каштоўным прызам.
Спецыяльным прызам турніру адзначана каманда Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы.
Падчас турніру праводзіліся конкурсы па розных намінацыях з уручэннем пераможцам каштоўных прызоў. У выкананні штрафных кідкоў не аказалася роўнага Яўгену Касьянаву з Бароўскай СШ. Найбольш дакладна патрапляў у цэль з-за сяміметровай лініі Аляксандр Рагавенка з гімназіі. Найбольш карысным сярод спартсменаў, якія здольны зарабляць ачкі, кідаючы мяч амаль з цэнтра баскетбольнай пляцоўкі, аказаўся Мікіта Сівакоў са Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: пераможцы і прызёры спаборніцтваў сфатаграфаваліся на памяць разам з воінамі-інтэрнацыяналістамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.