Турыстычнымі сцежкамі

SAM_0890Кожны з нас па-рознаму бавіць свой вольны час. Нехта любіць ляжаць на канапе і глядзець у “блакітную скрынку”, хтосьці — “завісаць” у інтэрнэце альбо загараць на пляжы. Аднак існуе асобная “каста”, якая дакладна ведае, што рабіць кожныя выхадныя. Людзі збіраюць
рукзак, бяруць з сабою
тэрмас, “зсабойку”,
палатку…
Цудоўнае “люстэркавае” возера Люсінец у чарговы раз прымала ўдзельнікаў раённага турыстычнага злёту працоўнай моладзі, які быў прысвечаны 70-годдзю Перамогі і Году моладзі.
На старт выйшлі прадстаўнікі каманд КУВП “Бароўка”, аграрна-тэхнічнага каледжа, малочнакансервавага камбіната, электрамеханічнага завода, аддзела адукацыі, спорту і турызму.
“Турысты — авантурысты”, — мільгануў міжволі ў думках радок з песні беларускага гурта “Крамбамбуля”, калі назіраў за конкурсам “Кантрольна-турыстычны маршрут.” З першымі этапамі яшчэ туды-сюды, а вось на навясную пераправу нават са страхоўкай лезці не рызыкнуў бы. Аднак аматары экстрэмальнага адпачынку не пабаяліся перашкод і ўпэўнена перакідвалі страхоўку з вяроўкі на вяроўку.
А які адрэналін быў на этапе “Маятнік”! Трэба пракруціцца вакол дрэва на вяроўцы. Гэта вам не ў камп’ютарных гульнях сядзець! У англічан ёсць прымаўка: “Прасцей, чым з бервяна ўпасці”. Адчуў метафарычнасць выразу, як кажуць, на ўласнай скуры, калі спрабаваў паўтарыць трук.
Перамога на маршруце — за аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Другімі былі спартсмены з малочнакансервавага камбіната. Трэцімі — КУВП “Бароўка”.
SAM_0927“Вароты”, “Васьмёрка”, “Змейка” — гэта тэрміны з конкурсу веласіпедыстаў. Бытуе меркаванне, што калі аднойчы навучыўся катацца на ровары, не забудзеш. Яно так, але проста круціць педалі і рабіць гэта з майстэрствам — розныя рэчы. Вось і тут трэба было прадэмастраваць валоданне “двухколавым транспартам”. Лепей за ўсіх гэта атрымалася ў веласіпедыстаў аграрна-тэхнічнага каледжа. Спартсмены аддзела адукацыі, спорту і турызму былі другімі. На трэцім месцы — прадстаўнікі малочнакансервавага камбіната.
Звычайна трыатлон уключае ў сябе велакрос, бег і плаванне. Аднак апошні этап замянілі стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі. Таксама няпростае выпрабаванне — ездзіць на ровары, бегаць, страляць. Асабліва ў сонечнае надвор’е. Стойка перанеслі ўсе цяжкасці і перамаглі турысты аграрна-тэхнічнага каледжа.
Жартоўная паласа перашкод — свайго роду “ноу-хау”.
Забіць цвік намаганнямі чатырох чалавек, прычым у кожнага адзін удар; дакладна “стрэліць” у бутэлькі з вадой гумавым ботам; скочыць праз фітбол (мячык для фітнэсу)… — незвычайныя і не такія простыя на першы погляд заданні. Паласа хоць і жартоўная, аднак змагацца трэба было па-сапраўднаму. “Не на жарты” разышліся і перамаглі прадстаўнікі каледжа. У прызавую тройку таксама ўвайшлі спартсмены малочнакансервавага камбіната і аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Безумоўна, трэба было прадэманстраваць не толькі добрую фізічную загартоўку, але і творчыя навыкі. Вядома, што з гумарам прасцей пераносіць усе складанасці турыста-вандроўніка. На конкурсе мастацкай самадзейнасці “Незвычайная гісторыя турызму” за першае месца спрачаліся “гумарысты” аддзела адукацыі, спорту і турызму і каледжа. Яны і падзялілі “пальму першынства”.
Асілкі з электрамеханічнага завода атрымалі перамогу ў перацягванні каната. Аддзел адукацыі, спорту і турызму — другія. Трэція — малочнакансервавы камбінат.
Па выніках конкурснай праграмы трэцяе месца занялі турысты з малочнакансервавага камбіната. Другое — за аграрна-тэхнічным каледжам. Першае — аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Яўген Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.