Творчество лепельчанки Лизы Клавович

 

liza-klavovichЛіза Клавовіч, вучаніца сярэдняй школы №1, з’яўляецца ўдзельніцай узорнага тэатральнага калектыву «Трыяда» раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а выкладае дзецям майстэрства слова педагог Алёна Добрыднева. Дзяўчынка з V Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Творчасць без межаў» прывезла дыплом першай ступені. У намінацыі «Мастацкае слова» прыняло ўдзел 46 канкурсантаў, дзе і паказвала сваё майстэрства маладая лепяльчанка. У чарговы раз хочацца сказаць, што на лепельскай зямлі шмат таленавітай моладзі.

 

Працягваем наш расповед пра маладых лепяльчан, якія праслаўляюць Лепельшчыну. Даведваючыся аб выніках абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, заўсёды хочацца сказаць, што ў нашым раёне шмат здольных і таленавітых дзяцей. Ну і, канечне, не магу абысці ўвагай тых, дзякуючы каму сучасная моладзь паказвае сваё майстэрства на розных узроўнях — гэта педагогі.

На гэты раз спяшаюся ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі, каб пагутарыць з Лізаветай Клавовіч і яе педагогам Алёнай Дабрыдневай.

Ліза навучаецца ва ўзорным тэатральным калектыве «Трыяда», а вучыць іх там майстэрству слова педагог Алёна Добрыднева. Нагодай майго жадання пагутарыць з гэтымі людзьмі паслужыла перамога дзяўчынкі ў V Міжнародным фестывалі-конкурсе «Творчасць без межаў».

Адразу забягу наперад і скажу, што конкурс вельмі сур’ёзны, аб чым загадзя даведалася ў інтэрнэце.

Звярнула ўвагу на членаў журы і зразумела, што яны вельмі кампетэнтныя і паважаныя людзі ў нашай краіне, судзілі ўдзельнікаў конкурсу па шматлікіх крытэрыях.

Назаву некалькіх. Так, напрыклад, Дзіна Тыцюк — дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пастаянны член журы міжнародных конкурсаў-фэстаў сучаснага мастацтва. Павел Лазовік — тэлевядучы, радыёвядучы, акцёр, журналіст, вядучы праграм «Навіны рэгіёну», «Навіны. Цэнтральны рэгіён» і іншых. Дзмітрый Скачкоў — старшы выкладчык кафедры рэжысуры эстрады, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, акцёр тэатра «ІнЖэст».

Праводзіўся фестываль-конкурс у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі – прыгожае месца, якое ўражвае сваёй веліччу і прыгажосцю.

Мэтай такога маштабнага мерапрыемства арганізатары лічаць стварэнне для дзяцей і моладзі магчымасці творчых зносін, а таксама выяўленне новых талентаў. Акрамя гэтага, была магчымасць азнаямлення з узорамі нацыянальнай культуры і мастацтва розных краін.

Задалася пытаннем, чаму дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з нацыянальнай культурай іншых краін. Аказалася, у фестывалі-конкурсе прымалі ўдзел індывідуальныя выканаўцы і творчыя калектывы з Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Малдова, Рэспублікі Казахстан, Азербайджанскай Рэспублікі, а таксама нашай краіны.

Канкурсанты з замежжа з задавальненнем прыязджаюць у Беларусь, каб паказаць сваё майстэрства і пазнаёміцца з беларускай культурай.

Фестываль-конкурс праводзіўся па пяці намінацыях: «Харэаграфія», «Вакальны жанр», «Інструментальны жанр», «Мастацкае слова» і «Тэатр моды».

Праводзіўся ў два туры. Вось тут хочацца крыху назваць лічбаў. У першым завочным туры прынялі ўдзел 903 творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, больш за 5000 тысяч чалавек. Згадзіцеся, колькасць уражвае. Па выніках першага туру ў другі, вочны, прайшло 339 творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў, што складае больш за 3000 тысячы канкурсантаў.

У намінацыі «Мастацкае слова» прыняло ўдзел 46 канкурсантаў, дзе і паказвала сваё майстэрства маладая лепяльчанка.

Ліза Клавовіч расказвала маналог пра вайну ад імя Жэні Бялькевіч, якая была зусім маленькай у жахлівы час. Шасцігадовае дзіця вайны пранесла ў памяці тыя ўспаміны на ўсё жыццё. Ёй запомнілася развітанне з бацькам, які ішоў на фронт. А крыху пазней на яе вачах салдаты закапалі маці, загорнутую ў плашч-палатку.

Ліза, прапусціўшы боль маленькай дзяўчынкі праз сваё сэрца, расказала маналог, як быццам сама бачыла гэтую карціну. На вачах лепяльчанкі ў час выступлення былі слёзы, што проста не магло пакінуць раўнадушным журы.

Тут адразу мне ўзгадалася, як выхаванцы Алёны Сяргееўны на сцэне малой залы раённага Дома культуры паказвалі “Сола для дзіцячага голасу з расстрэлам”. Без перабольшвання скажу, плакалі ў зале ўсе. Сама спрабавала стрымаць слёзы, але не атрымалася.

На той момант для сябе адзначыла, што гэтую вялікую творчую работу педагога і выхаванцаў павінны прагледзець усе школьнікі Лепеля, каб ведаць кошт мірнага часу, шанаваць сваіх дзядоў і бабуль. Гэта вывучэнне гісторыі на расказах сведкаў тых падзей. І сама цікава, што аповеды застаюцца ў памяці надоўга, бо яны пазнаны на эмацыйным узроўні.

Заўсёды здзіўляла, як Алёна Сяргееўна так зацікаўлівае сваіх выхаванцаў. Яны вучаць тэксты на некалькі старонак і робяць гэта з задавальненнем.

Ведаю гэтую жанчыну даўно, і ніколі не бачыла яе ў дрэнным настроі. Яна заўсёды з усмешкай на вуснах сустракае дзяцей, якія наведваюць калектыў. А калі хтосьці прыйдзе ў сумным настроі, педагог заўсёды яго ўзніме.

Жанчына з аптымізмам глядзіць на жыццё і сваіх выхаванцаў вучыць бачыць толькі добрае, а на негатыўныя з’явы не звяртаць увагу.

Ліза наведвае ўзорны тэатральны калектыў “Трыяда” восем гадоў. За гэты час ад свайго педагога даведалася пра шматлікія “правілы” пры выступленні на сцэне. Так, напрыклад, сама заўсёды заўважала, што некаторыя акцёры глядзяць кудысьці ўдалечыню, а некаторыя – у вочы гледачу. Ліза прытрымліваецца другога варыянту, і ад гэтага эмоцыі гледачоў становяцца ў разы большыя. Яна не баяцца тых, хто сядзіць у зале. Яна імкнецца да іх данесці не толькі завучаны тэкст, а і кіруе іх эмоцыямі і настроем.

liza-klavovich1 У размове ўзгадалі і першае выступленні дзяўчынкі, калі яна ў калектыўным спектаклі адвярнулася ад гледача і так адбыла да заканчэння дзеі. Хаця была падрыхтавана лепш за многіх. Цяпер гэта гісторыя выклікае ўсмех у педагога і пераможцы конкурсу. За восем гадоў якіх толькі роляў не грала з іншымі ўдзельнікамі “Трыяды”…

Хтосьці ў такім выпадку пасля першай жа няўдачы здаўся б і больш на сцэну не выйшаў. Ліза не з тых, хто проста так здаецца. А яшчэ яна вельмі адказная. Як кажа Алёна Сяргееўна, ніколі не спрачаецца. Якую ролю дадуць, тую і сыграе на выдатна – ці то галоўную, ці то амаль не бачную для гледача.

Напэўна, менавіта такія дзеці, якія давяраюць свайму педагогу і выконваюць усе яго парады, і скараюць у будучым вяршыні.

Перамога ў гэтым конкурсе крыху і змяніла планы на будучыню. Ліза вучыцца ў дзясятым класе сярэдняй школы №1 горада Лепеля. Гэта якраз той час, калі трэба выбіраць прафесію. Спачатку збіралася ісці ў гуманітарыі, а вось цяпер на раздарожжы, бо ў любімай справе атрымала такі поспех. Упэўніліся ў гэтым і яе бацькі, якія таксама глядзелі выступленні сваёй дачкі і іншых канкурсантаў.

Як пазней даведалася, Ліза яшчэ і добрая скрыпачка. Скончыла дзіцячую школу мастацтваў, што таксама можа спатрэбіцца пры выбары справы жыцця. Яшчэ ёсць час паразважаць і вызначыць, чым займацца ў будучым.

Калі ехалі ў сталіцу, ведалі, што Ліза падрыхтавана вельмі добра, але не настройваліся на перамогу, бо ўсялякае можа быць. Для дзяўчынкі гэта першы конкурс такога ўзроўню. Як кажа сама пераможца, ехала паглядзець аб’ектыўна на выступленні іншых канкурсантаў і параўнаць сябе з імі. Калі даведалася, што будзе выступаць пад нумарам “36”, крыху занервавалася. Аднак побач быў вопытны педагог і бацькі, якія хутка хваляванне спынілі.

За дзесяць хвілін да выступлення не магла перамагчы пэўны мандраж, але калі выйшла на сцэну, усё кудысьці знікла. Як кажуць, сцэна робіць сапраўдны цуд, акцёр на ёй забывае пра ўсе праблемы і хваляванні і акунаецца ў дзею.

Пры абвяшчэнні вынікаў крыху засмуціліся, калі іх не назвалі пераможцамі трэцяй і другой ступені, бо на першае месца не разлічвалі. А вось калі назвалі пераможцу першай ступені, ні бацькі, ні педагог не здолелі стрымаць слёз.

Як кажа Ліза, трэба спрабаваць сябе ў многіх справах, каб вызначыць, чым займацца ў будучым.

Яшчэ раз упэўніваемся, калі штосьці робіш з адкрытым сэрцам, задавальненнем і ўкладваючы шмат сіл, то вынік абавязкова будзе добры.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

На здымках: Ліза расказвае маналог пра Лепель, Ліза Клавовіч са сваім педагогам Алёнай Дабрыдневай.

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.