Творчы почырк лепяльчанкі

526 У раённай бібліятэцы працуе галерэя “АРТ-Лепель” — пастаянна дзеючая выстава карцін выяўленчага мастацтва. Чытачы бібліятэкі, якія наведваюць гэтую ўстанову культуры, заўсёды з задавальненнем знаёмяцца і з творчасцю мясцовых мастакоў, асабліва маладых талентаў — выпускнікоў мастацкага аддзялення Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. На гэты раз на суд гледачоў была прадстаўлена персанальная выстава карцін адзінаццацікласніцы Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы Веранікі Маляўка пад інтрыгуючай назвай “Свет маіх фантазій”.

Шматлікія аматары выяўленчага мастацтва былі вельмі ўражаны разнастайнасцю сродкаў мастацкага ўвасаблення творчых задум аўтара. З-пад пэндзля юнай мастачкі выдатна выхо­дзяць, уражваюць сваім глыбокім зместам, своеасаблі­вым поглядам на навакольны свет, адметнасцямі адлюстравання ўбачанага па-сутнасці любыя карціны, не залежна ад таго, у якой тэхніцы яны выкананы, — графіка, алей ці акрыл.

Няўжо могуць кагосьці пакінуць раўнадушным, напрыклад, тры карці­ны-партрэты маладых дзяўчат, больш падобныя на спецыяльна створаныя палотны-параў­нанні пад назвамі “Дачка самурая”, “Дачка правадыра (ін­дзейскага племені)” і “Беларусачка”, якія ўсе прыгожыя і выдатна намаляваныя?!

Падоўгу спыняліся аматары выяўленчага мастацтва і каля шматпланавых па сюжэтным напісанні, мастацкім адлюстраванні і вельмі цікавых па ўспрыняцці карцін “Старая Еўропа”, “Праз стагоддзі”, “Адамаў сон”, “Вячэрняе танга”, “Маё цуда”, “Аліса”, “Кыш”, “Марыянеткі”, “Лета” і іншых, якія нясуць у сябе глыбокі змест нашага быцця, наво­дзяць на роздум, зараджаюць аптымізмам, вучаць успрымаць наша цяперашняе жыццё як вялікі падарунак лёсу.

Такой жа духоўна глыбокай, усмешлі­вай і жыццярадаснай, як і яе мастацкія творы, паўстала перад удзельнікамі адкрыцця выставы і сама аўтар. Вераніка Маляўка расказала аб асаблівасцях свайго творчага бачання свету, узнікненні пэўных ідэй па стварэнні асобных карцін, што яна хацела выказаць іх маляваннем, сваёй цяперашняй грунтоўнай працай у выяўленчым мастацтве.

З адкрыццём персанальнай выставы сардэчна павіншавалі юную творцу, пажадалі ёй далейшых здзяйсненняў на гэтай ніве выкладчыкі мастацкага аддзялення Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Марына і Аляксандр Саўчанкі, а таксама юныя мастакі-выхаванцы ад­дзялення, з якімі разам вучыцца Вераніка Маляўка.

IMG_9797 Шчыра паві­талі Вераніку з творчымі дасягненнямі і навучэнцы тэатральнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, паколькі ў свой час яна паспяхова закончыла тут вучобу. Ярка характарызуючы яе рознабаковыя інтарэсы і разнапланавую творчасць, вельмі трапна выказаўся ў адносінах Веранікі выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Віктар Джамі­лашвілі: “Калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім!”

Апладысментамі сустрэлі ўдзельнікі персанальнай выставы Веранікі Маляўка ў раённай бібліятэцы шчырыя выказванні бацькоў аб сваёй дачцэ і прагучаўшыя сардэчныя словы ўдзячнасці на іх адрас з боку наведвальнікаў выставы. Згадзіцеся, няпроста бацькам ужо на працягу многіх гадоў што­дзённа дастаўляць на сваёй легкавой аўтамашыне Верані­ку з аграгарадка Слабада, дзе жыве сям’я, у Лепель на заняткі. Аднак яны па-ранейшаму робяць усё магчымае, каб дачка вучылася, займалася любімай справай.

Да месца аказалася ў ходзе адкрыцця персанальнай выставы карцін Веранікі Маляўка ў раённай бібліятэцы і выкананне на гітары шэрага папулярных эстрадных мелодый выхаванцамі музычнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Данілам Бельскім і Іванам Гальцом, як сведчанне творчай разнастайнасці інтарэсаў і памкненняў у сучаснай моладзі.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: Вераніка Маляўка (справа) расказвае пра сваю творчасць, мастацкае бачанне навакольнага свету; у карціне “Лета” знайшла сваё яркае адлюстраванне гэта светлая і радасная пара года.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.