Тынэйджары з Лепеля выбіраюць журналістыку

523 Зірнуў на загаловак і прыгадаў некалі вельмі вядомыя радкі: «Паэтам можаш ты не быць, грамадзянінам — абавязаны». Тым не менш хачу расказаць пра вашых равеснікаў, якія хочуць быць не проста грамадзянамі, яны мараць стаць паэтамі… Можа, не зусім дакладна паэтамі, але абавязкова людзьмі творчай прафесіі, напрыклад, журналістамі. І хто сказаў, што творчымі людзьмі немагчыма стаць, імі нараджаюцца? Як вядома, талент — гэта дзевяноста дзевяць працэнтаў поту і толькі адзін — «іскры Божай». Без сумневу, пра гэта ведае Наталля Драздовіч, кіраўнік творчага гуртка «Тынэйджар», які другі год дзейнічае ў гімназіі. Трэба зазначыць, што аднайменны гурток даўно працуе ў ЦДМ, і вось зараз з’яві­лася яго адгалінаванне ў гімназіі.

А нядаўна «Тынэйджар» завітаў да нас у рэдакцыю. Візіт маладых людзей, якія цікавяцца журналістыкай, аказаўся вельмі сімвалічным акурат у тыя дні, калі газета адзначае свой чарговы юбілей. Калегі расказалі дзецям пра гісторыю друку на Лепельшчыне і будні сённяшняй «раёнкі». Тынэйджары пабачылі, як робіцца газета, як яна вярстаецца, пазнаёміліся з калектывам рэдакцыі, дамовіліся аб супрацоўніцтве, сфатаграфаваліся на памяць.

А цяпер час пазнаёміць чытача з нашымі, магчыма, будучымі калегамі. Гурток адкрыты для ўсіх, хто пажадае, калектыў невялікі. Найбольш актыўныя ў «Тынэйджары» Кацярына Драздовіч, Павел Адахоўскі, Сяргей Мархотка, Вадзім Раоаханах.

Каця — чалавек грамадска актыўны, нездарма ж яе абралі сакратаром пярвічкі БРСМ у гімназіі, і разам з тым — настойлівы. Наталля Сяргееўна з усмешкаю распавядае, як дачка цэлы год настойвала, каб купілі фотаапарат, і свайго дамаглася. Дзяўчынка піша вершы і нататкі. Адна з іх — «Лес і лёс нашых бацькоў» друкавалася ў «раёнцы» і ў «Лясной газеце».

У Пашы ёсць галоўныя якасці журналісцкай прафесіі — ён адкрыты для кантакту, надзвычай камунікабельны. Светлай душой і прыязнай усмешкаю хлопец, як магнітам, прыцягвае людзей. А гэта вельмі важна для журналіста. З яго гумарам не засумуеш.

— Думаеце, так заўсёды было? — усміхаецца Пашка, — я вельмі хваляваўся. Зараз хоць камера ў руках не трасецца. Навучыўся маляваць мульцікі, прыдумваць сцэнар для відэа.

Спробаю пяра Пашы можна лічыць віншаванне Дар’і Домрачавай, якое было размешчана ў інтэрнэце.

У гуртку пачаў раскрывацца Сяргей. Піша замалёўкі, спрабуе браць інтэрв’ю. Калі ўдзельнічаў у аднаўленні яўрэйскіх могілак, спрабаваў узяць інтэрв’ю ў чалавека, які кіраваў работамі. Марыць паступаць на факультэт журналістыкі, а калі нават і не ўдасца, то ўсё роўна ў рэшце рэшт працаваць журналістам.

Артуру гурток дапамагае знайсці сябе. Хлопец даволі сістэмна займаецца спортам, ходзіць на дзюдо. Магчыма, выбар зробіць і на карысць нейкай іншай прафесіі. Напрыклад, яму падабаецца банкаўская справа. А тут, у гуртку, навучыцца кантактаваць з людзьмі, ацэньваць, аналізаваць.

Пакуль што гурток працуе «на заказ», актыўна ўдзельнічаючы ў розных маладзёжных акцыях і конкурсах, такіх як «Моладзь — за здаровы лад жыцця», «Будучыня вачыма дзяцей» і інш. Бралі ўдзел у конкурсе відэаролікаў «На абароне будучага пакалення». Некалькі сацыяльных відэаролікаў даслалі на абласны конкурс, дзе яны занялі другое і трэцяе месцы. Летась ролікі манціраваў выпускнік гімназіі Ягор Пузанаў, а на гукавое суправаджэнне запрашалі першакласніка Арцёма Сільвановіча.

Акрамя ўсяго, тынэйджары вельмі паважаюць і цягнуцца да свайго кіраўніка. Наталля Сяргееўна ў гімназіі працуе педагогам сацыяльным і мае ў сваім педагагічным арсенале тыя неабходныя рысы псіхолага, якія прывабліваюць падлеткаў. Яны ідуць у гурток па добрае слова, па карысную і своечасовую параду, па свежую ідэю. Тут яны працуюць у ахвоту, а душою адпачываюць.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: «Тынэйджар» у гасцях у рэдакцыі «Лепельскага краю».

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.