Тысяча, две! Продолжаем работать…

img_8056Не так даўно маладзёжны экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Калбасава з сельгасфіліяла «Заазер’е» інтэграванай структуры ААТ «Віцебскі мясакамбінат» першым ва ўсёй вобласці (а ўсяго на палетках Віцебшчыны сёлета шчыруе 1367 камбайнаў) адолеў планку ў дзве тысячы тон намалочанага збожжа. Экіпаж зараз шчыруе на землях Валосавіцкага сельсавета. Сюды мы і прыехалі, каб павіншаваць механізатараў.
Магутны высокапрадукцыйны камбайн New Holland CR 9.90 рухаўся па хлебным масіве, зжынаў паласу за паласой. Вось ён прыпыніўся, гутарым з камбайнерамі. На пытанне пра ўраджайнасць Леанід адказвае:
– Бартавы камп’ютар камбайна паказвае сярэднюю ўраджайнасць каля 60-65 цэнтнераў з гектара, месцамі падымаецца да 80 ц/га. Так што бункеры насыпаюцца літаральна адзін за адным. На такіх палетках працаваць – адно задавальненне.
Так, высокапрадукцыйная тэхніка і ўраджайныя палеткі – немалаважныя складнікі поспеху і вялікіх намалотаў. Аднак вялікае значэнне мае і асабісты адказны падыход да даручанай справы. Леанід і Сяргей выязджаюць на працу а сёмай гадзіне раніцы, а то і раней, бо дарога да поля складае амаль 50 кіламетраў. Затым вядуцца тэхнічнае абслугоўванне камбайна, запраўка палівам, змазкай і толькі потым, калі канчаткова высахне раса, можна пачынаць жніво. Сырое, вільготнае збожжа дрэнна абмалочваецца, страты значна павялічваюцца, таму вельмі важна не спяшацца. Аднак і спазняцца таксама нельга. Калі ўпусціь час, мо­гуць абагнаць іншыя экіпажы. А канкурэнтаў у Леаніда і Сяргея – 1366, як было сказана раней. На абед і падвячорак, якія, дарэчы, прывозяцца на поле, хлопцы адводзяць лічаныя хвіліны. Працоўная змена заканчваецца амаль ноччу, калі раса зноў густа пакрые збажыну. Дахаты мужчыны вяртаюцца апоўначы, каб на наступны дзень з новымі сіламі прадоўжыць жніво.
Яшчэ адзін важны складнік працоўнага поспеху – аптымальная арганізацыя працоўнага працэсу, і ў прыватнасці – адвозка намалоту ад камбайна. На гэтай справе занятыя зноў жа лепшыя аўтамабілі, бо недапушчальна, каб камбайны прастойвалі з-за банальнай адсутнасці свабоднага транспарту. На адвозцы збожжа ад экіпажа Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Калбасава працуюць кіроўцы Сяргей Чуес, ужо добра вядомы чытачам па ранейшых рэпартажах, і яго калега Міхаіл Еўтушэўскі, кіроўца з ААТ «Лепельскае аўтатранспартнае прадпрыемства №14». СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» кожны год з аўтатранспартным прадпрыемствам заключае дамову, прыцягвае яго работнікаў да перавозкі грузаў у гарачую пару жніва. Асабліва гэта важна, калі трэба адвозіць намалот з валосавіцкага боку.
Праходжу па палях. Там, дзе зараз шчыруюць камбайнеры, вырасла добрае жыта. Побач – палеткі, дзе каласіцца-даспявае ячмень. Літаральна два-тры дні – і на іх загудзе збожжаўборачная тэхніка. Узгадваюцца восеньскія і веснавыя дні, калі гэтыя ж механізатары і кіроўцы шчыравалі падчас пасяўной кампаніі на гэтых жа палях. Успомнілася, як мінулай восенню лілі дажджы, і даводзілася чакаць не толькі пагодлівых дзён, а пагодлівых гадзін, каб тэхніка магла прайсці па пераўвільготненай глебе. Вясной жа па прычыне адсутнасці снегу пасяўная пачалася таксама рана. Узгадваецца, якія клубы пылу каціліся за трактарамі з сеялкамі.
Чарговы земляробчы сезон завяршаецца. Яго вянчае жніво. Яно сведчыць пра тое, наколькі правільна былі прадуманы і прыняты рашэнні, наколькі шчыра і самааддана працаваў кожны работнік.
Для таго, каб павіншаваць перадавікоў на полі, прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Мончык, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ярома, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч і дырэктар СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакабінат» Аляксандр Быкаў. Цёпла вітаючы працаўнікоў жніва, Таццяна Анатольеўна зазначыла:
– Леанід Леанідавіч і Сяргей Дзмітрыевіч! Дазвольце шчыра павіншаваць вас з высокімі дасягненнямі і шчыра падзякаваць за цяжкую, але вельмі патрэбную для нас, усёй краіны працу. Жадаю вам, вядома ж, здароўя, такога ж бадзёрага, аптымістычнага настрою і, што вельмі важна ў такую гарачую пару, – спрыяльнага сонечнага надвор’я.
– Так, сонейка нам зараз не зашкодзіць. Няхай бы было добрае надвор’е, каб мы паспелі абмалаціць асноўны масіў, – выказалі пажаданне камбайнеры.
Некалькі хвілін – і тэхніка зноў рушыла ў хлебны масіў. Работа на жніве патрабуе поўнай самааддачы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.