У “Оптыцы” Лепеля — спецыяліст вопытны

Старадаўняя народная мудрасць вучыць: “Нішто не даецца нам так танна, як ветлівасць, аднак нішто не цэніцца людзьмі так дорага, як ветлівасць!” Гэта вельмі трапнае крылатае выказванне асабліва датычыць работнікаў сферы паслуг.
У мяне заўсёды быў выдатны 100-працэнтны зрок, абодва вокі пры праходжанні любой медыцынскай камісіі бачылі толькі на адзінку згодна з урачэбнай класіфікацыяй. Раней я мог нават у прыцемку чытаць кнігі, газеты і часопісы, хаця і не злоўжываў гэтым, разумеючы, што з цягам часу гэта можа адмоўна адбіцца на маім зроку. Аднак дзесьці ва ўзросце каля 50 гадоў у мяне ўзнікла так званая ўзроставая дальнабачнасць. На праверцы ва ўрача-акуліста не выяўлялася ніякіх адхіленняў, тым не менш я з усё большай цяжкасцю стаў чытаць тэксты навін у інтэрнэце, не кажучы ўжо пра магчымасці знаёмства са зместам перыёдыкі, якая надрукавана яшчэ больш дробным шрыфтам. Таму давялося падабраць і прыдбаць акуляры. Без гэтай рэчы мне ўжо стала ў паўсядзённым жыцці, як кажуць у такіх выпадках у народзе, “і не туды, і не сюды”. Аднак з-за пастаяннага выкарыстання акуляраў праз некалькі месяцаў не вытрымала напругі, паламалася адна з дужак на іх, якая закладваецца за правае вуха.
Звярнуўся па дапамогу да індывідуальнага прадпрымальніка Алены Рагавенка ў магазін “Оптыка”, які размешчаны на Базарнай плошчы нашага горада ў левым крыле будынка КУВП “Бароўка”, дзе раней месціўся раённы камбінат бытавога абслугоўвання. Не паспеў я пераступіць парог гэтай гандлёвай кропкі, як яе гаспадыня ветліва мяне сустрэла, усміхнулася, параіла не засмучацца і ўпэўнена сказала, што зможа вырашыць маю праблему. Толькі папярэдзіла, што трэба будзе пачакаць тыдзень-другі, пакуль у Віцебску спецыялісты спаяюць пашкоджанні дужкі акуляраў, як гэта яны робяць з ювелірнымі вырабамі, а таксама папрасіла мяне паведаміць свой нумар мабільнага, па якім адразу патэлефануе, як заказ будзе выкананы. Гэта жанчына і зрабіла дзён праз дзесяць, адзначыўшы, што я магу прыйсці за адрамантаванай рэччу ў любы зручны для мяне час.
На жаль, не абышлося і без іншых праблем, якія ўзніклі пры выкарыстанні акуляраў. Дзесьці праз паўгода выкруціўся і згубіўся невялікі шрубчык, які надзейна замацоўвае, утрымлівае ў нязменным становішчы левую дужку акуляраў. Я зноў накіраваўся за дапамогай у “Оптыку” да індывідуальнага прадпрымальніка Алены Рагавенка. І яна зноў дапамагла мне ў вырашэнні ўзніклай праблемы: знайшла і закруціла згублены шрубчык з прымяненнем клею, каб ён больш надзейна трымаўся, не выкручваўся з нагоды частага выкарыстання акуляраў на працы і ў час адпачынку, у паўсядзённым жыцці.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.