У 1812 годзе, калі ўжо некалькі месяцаў цягнулася расійска-французская вайна, Лепельшчына апынулася ў віхуры тагачасных падзей

116526_or У 1812 годзе, калі ўжо некалькі месяцаў цягнулася расійска-французская вайна, Лепельшчына апынулася ў віхуры тагачасных падзей. У сувязі з чым наша мясцовасць неаднаразова згадваецца ў данясеннях двух варагуючых бакоў. Да сённяшняга некаторыя звесткі пра тую вайну застаюцца мала вядомымі шырокаму колу чытачоў. І гэта не толькі звесткі пра баявыя дзеянні.
Ёсць таксама апісанні ўзаемаадносін паміж мясцовым насельніцтвам і акупацыйнай французскай адміністрацыяй, становішча ў той ці іншай мясцовасці. У дакументах згадваюцца Лепель, вёскі Камень, Свяда, Паташня, Пышна, Сергуцкі канал.
У жніўні 1812 года Лепельская павятовая адміністрацыя звярнулася да Барысаўскай павятовай камісіі з просьбай аб выдачы харчавання рускім палонным “былой Рускай службы”, якія знаходзіліся на Сергуцкім канале. Згадваюцца даглядчык канала калежскі саветнік Якаў Фассэ, служмайстар Генрых Дэрбен, тры служвахцёры, пятнаццаць салдат і дзевяць салдацкіх дзяцей.
Чарговы раз Сергуцкі канал згадваецца ў данясенні ад 25 жніўня 1812 года, калі на шосты і сёмы шлюзы напала каманда французскіх салдат. Яны атачылі дом даглядчыка. Збілі замок і пячатку са склада, з якога забралі рэквізіт канальны.
У верасні 1812 года камісар Жозэф Грымовіч з абозам спыніўся ў вёсцы Роспаш, якая адносілася да свядскага маёнтка Яна і Цыцыліі Жабаў. Адтуль ён даносіў у цывільную адміністрацыю Барысаўскага павета аб становішчы спраў у дадзенай мясцовасці. Трэба адзначыць, што Свяда неаднаразова згадвалася ў данясеннях. І гэта не выпадкова, бо праз вёску праходзіў самы прамы шлях з Лепеля на Барысаў, па якім адбываўся пастаянны рух французскіх войскаў. Нягледзячы на гэта, некаторыя з сялян адважыліся на рабаванне.
Такім чынам, на дарозе за Аношкамі сялянамі пад кіраўніцтвам Лявона Прыскага быў пераняты падарожнік Вінцэнт Мілуховіч, якога “абадралі поўнасцю і амаль на смерць не адправілі”. Незадавальненне сялян было выклікана тым, што іх запісалі выконваць падвойную павіннасць, на якую згадзіліся толькі Антоній Гатоўскі, Марцін Пшонка, Юрка Дзёмка, Саўка Івашкевіч. Іншыя, сярод якіх былі Аляксандр Грыдзюшка, Лявон Сарока, Цімафей Сарока, Лявон Прускі і Сцяпан Горбач, палічылі за лепшае заняцца разбоем. Некалькі скупых радкоў дакумента даюць нам уяўленне пра тое, што і ў нашым краі сяляне выступалі супраць французаў. Фактычна сялян свядскага маёнтка можна лічыць партызанамі. Іх прозвішчы вартыя памяці і ўвагі з боку тых, каму неабыякавая наша гісторыя.
Французы спыняліся на начлег у вёсках. Аднойчы каля двухсот салдат з 50 фурманкамі заначавалі ў вёсцы Паташня, якая налічвала сем хат. Пасля сябе яны пакінулі паселішча поўнасцю разрабаваным. На карысць арміі таксама з навакольных вёсак былі рэквізаваны ўсе коні. Тое, што рабілася ў наваколлі, Грымовіч бачыў сам. Гэта знайшло месца і ў данясенні, што маёнтак Свяды знаходзіцца ў жахлівым становішчы і не можа выконваць прадпісанні адміністрацыі. З гэтай нагоды Грымовіч прапануе апісаць маёнтак і паставіць там кіраўніка.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.