У Дзень Перамогі ў Лепелі ў цэнтральным гарадскім парку была арганізавана выстава дванаццаці партрэтаў знакамітых людзей, створаных у рамках праекта “Жыць, каб памятаць”

IMG_1317 У Дзень Перамогі ў Лепелі ў цэнтральным гарадскім парку была арганізавана выстава дванаццаці партрэтаў знакамітых людзей, створаных у рамках праекта “Жыць, каб памятаць”. Пераважная большасць з’яўляецца ўраджэнцамі Лепельшчыны. Гэта Героі Савецкага Саюза Іван Міхайлавіч Ерашоў, Вячаслаў Антонавіч Квіцінскі, Мікалай Мікалаевіч Тамашэвіч, Павел Уладзіміравіч Ялугін, а таксама Героі Сацыялістычнай Працы Ганна Васільеўна Мазала і Аляксандра Фёдараўна Занько.
Каб задаволіць узніклы павышаны інтарэс да людзей, выявы якіх адлюстраваны ў партрэтах, коратка аб іх біяграфіях, по-дзвігах распавялі выхаванцы дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Лепельскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”.
Наш зямляк, лётчык-герой Іван Міхайлавіч Ерашоў у Вялікую Айчынную вайну камандаваў авіяпалком штурмавікоў Іл-2, асабіста збіў некалькі самалётаў праціўніка. Звычайны вясковы хлапчук з вёскі Антавільна (Зялёны Востраў) Вячаслаў Антонавіч Квіцінскі стаў у перыяд ваеннага ліхалецця партызанскім камандзірам, узначальваў брыгаду лясных салдатаў імя Клемента Готвальда, якая актыўна дзейнічала, знішчала жывую сілу і тэхніку гітлераўцаў у замежжы — на тэрыторыі Чэхаславакіі. Пахаваны ў 1990 годзе на сваёй малой радзіме ў вёсцы Суша Павел Уладзіміравіч Ялугін быў у вайну начальнікам штаба батальёна, камандаваў у 1943 — 1944 гадах вайсковым падраздзяленнем, якое захапіла плацдарм на правым беразе Дняпра каля горада Днепрапятроўска і гэтым забяспечыла “ўзлом” моцнай, шматэшалаванай абароны нямецка-фашысцкіх войскаў на ўзбярэжжы гэтай шырокай воднай артэрыі — так званага “Дняпроўскага вала”, разгортванне паспяховага наступлення Чырвонай арміі ў заходнім накірунку. Пры прарыве блакады Ленінграда здзейсніў свой воінскі подзвіг, які забяспечыў канчатковы поспех гэтай складанай ваеннай аперацыі, жыхар вёскі Новыя Валосавічы Мікалай Мікалаевіч Тамашэвіч, за што ён быў пазней уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Аўтар дванаццаці партрэтаў нашых знакамітых суайчыннікаў, малады лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў падзякаваў раённаму выканаўчаму камітэту і раённай газеце “Лепельскі край” за падтрымку яго ініцыятывы па рэалізацыі праекта “Жыць, каб памятаць”, падарыў роднаму гораду творчыя работы.
Старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў выказаў задаволенасць паспяховым ажыццяўленнем праекта “Жыць, каб памятаць”, пажадаў Аляксею Ляшчову далейшых творчых поспехаў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: на выставе ў цэнтральным гарадскім парку Аляксей Ляшчоў распавядае аб сваёй працы над творчым праектам “Жыць, каб памятаць”, далейшых творчых задумах.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.