У гасцях у Цмока Лепельскага

IMG_7258 Што змагло аб’яднаць такіх розных людзей, як барды Зміцер Вайцюшкевіч і Алеся Сівохіна, гурты “Стары Ольса”, “Нака”, “Рокаш”, “Вурай”, народныя майстры-рамеснікі, кухары з віленскага рэстарана Marceliukes Kletis, кітайскія артысты? Гэтых, на першы погляд, зусім розных людзей аб’яднала свята-фэст беларускай міфалогіі “У госці да Цмока Лепельскага”.

Новай традыцыі зусім няшмат часу. У 2013 годзе ў парку на беразе возера Лепельскае была ўстаноўлена скульптура Цмока Лепельскага — героя народных казак, паданняў і песень. У наступным годзе адбыўся першы фэст беларускай міфалогіі, дзе прысутнічала шмат гасцей, нала­джваліся выставы, канцэрты. Сёлета ж фестываль выйшаў на новы, міжнародны, узровень. У госці да Цмока Лепельскага прыехалі з розных, далёкіх і блізкіх, куткоў і краёў: Расіі, Літвы, Славакіі, Кітая. Кожны хацеў убачыць гэтую міфічную істоту, пасябраваць з ёй, паўдзельнічаць у далейшым працягу легенды.

Госці пачалі збірацца ў цэнтральным лепельскім парку каля восьмай гадзіны раніцы. Некаторыя, як кухары-віленчукі, прыбылі яшчэ напярэдадні. Пры ўваходзе ў парк усіх сустракалі жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя строі. Увогуле, нацыянальная вопратка стала галоўным хітом святочнага дня. У вышыванках, падперазаныя паясамі, хадзілі па алеях парку цэлымі сем’ямі. Многія хацелі набыць вопратку на месцы, у Лепелі. Для іх майстрыхі з цэнтра рамёстваў “Скарбонка” наладзілі выставу-продаж.

Вялікую выставу падрыхтавалі майстры, якія прыехалі са Звон-Гары — паселішча радавых маёнткаў, што ў Віцебскім раёне. Хлеб, прыгатаваны ва ўласных печах, мёд розных гатункаў, зборы лекавых траў, а таксама вопратка, вышытая ў беларускіх народных традыцыях, — усё гэта і шмат чаго іншага можна было знайсці на іх прылаўках.

А побач разгарнулі паходную кузню майстры з прыватнага прадпрыемства “БешанковічыМеталСэрвіс”. Каваль Андрэй Трубецкі расклаў гатовыя паляўнічыя нажы і загатоўкі для іх вырабу, каваныя званочкі, прылады, упрыгажэнні. На месцы, перад вачыма здзіўленых гледачоў за некалькі хвілін выкоўвалі сувеніры-абярэгі ў дом ад ліха, для прыцягнення дабрабыту і здароўя.

Не адставалі і іншыя рамеснікі. Разьбяр па дрэве Святаслаў Няхайчык з Мінска прывёз свае вырабы і тут жа, ў сваім намёце, даваў майстар-клас. Не кожны адважваўся адразу ўзяць у рукі востры разец. Аднак Назар Роўда, хлопчык з Домжарыцаў, з ахвотай узяў інструмент, які называецца скобля або струг (у розных мясцінах Беларусі свае назвы) — і праз пяць хвілін з бярозавай плашкі атрымалася лапатачка для пераварочвання мучных бліноў і дранікаў.

Амаль усе аграсядзібы Лепельшчыны прыбылі на свята, многія парэкамендавалі наведаць яго сваім пастаяльцам. Госці з Мінска, Санкт-Пецярбурга, Масквы былі ў захапленні. Да іх увагі — традыцыйныя беларускія прысмакі: дранікі, мучныя бліны, пірагі, запяканкі і напоі.

І ўсё ж такі ў гастранамічным плане па-за любой канкурэнцыяй была Карчма Віленская — так называлі пункт грамадскага харчавання, арганізаваны работнікамі рэстарана Marceliukes Kletis з Вільнюса. Да ўвагі гасцей і лепяльчан былі каўбаскі курыныя і свіныя з гарнірам з таўчонай бульбы і тушонай капусты, шашлыкі, дранікі. Аўтар жа пакаштаваў літоўскую нацыянальную страву ведэрай — таўчоная бульба са шкваркамі, запечаная ў свіной кішцы. Смачна, арыгінальна, нядорага — галоўныя складнікі поспеху такога бізнэсу. Прычым заўважу, што чаргі амаль не было, прадаўцы наладзілі такую сістэму працы, што паспявалі абслугоўваць вельмі хутка шмат пакупнікоў. Там жа прадаваліся літоўскія піва і квас.

IMG_7316 З-за спёкі самымі папулярнымі былі разнастайныя напоі. І тут прадаўцы стараліся хто як мог. Прывядзём невялікі пералік таго, што было заўважана пры хуткіх абыходах: піва літоўскае двух сартоў, піва беларускае, каля пяці сартоў квасу, медавухі — не менш за сем. Акрамя таго, у гандлёвык кропках і падворках аграсядзіб частавалі кампотамі, сокамі, морсамі. Санаторый “Лётцы” прывёз аднайменную ваду, якой да абеду ўжо не засталося.

На афіцыйным адкрыцці свята выступалі старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў, дырэктар нацыянальнага агенцтва па турызме Рыгор Памяранцаў, саветнік амбасады Славакіі ў Беларусі Эрык Літак, віцэ-консул Латвіі Інгас Вейцыс і шмат іншых. А кіраўнік тур­аператара “Райда-Тур” Віялета Груцкая вітала гасцей фэсту песняй, якую падхапіў амфітэатр.

Галоўны арганізатар фэсту гаспадыня аграсядзібы Вольга Маханенка расказвала:

— Сённяшняе свята арганізую ў першую чаргу як адзін з важных спосабаў прадстаўлення Лепеля як турыстычнай мекі. Наша мэтавая аўдыторыя — турысты, якія сёння на свяце, і патэнцыйныя, што толькі задумваюцца, куды паехаць у бліжэйшы водпуск.

Разлікова-касавы цэнтр ААТ “Белаграпрамбанк” у рамках свята віншаваў дзяцей — імяніннікаў жніўня. Іх бацькі зрабілі на імя дзетак уклады лініі “Расці вялікі”, адзін з бонусаў — персанальнае віншаванне на дзень нараджэння і падарунак ад банка. Такім чынам, 13 дзетак атрымалі віншаванні і падарункі ад банка.

А потым адзін за адным пайшлі канцэрты і выступленні. Лепяльчане і госці горада дружна апладзіравалі Зміцеру Вайцюшкевічу, падпявалі артыстам “Старога Ольсы”, танцавалі разам з “Накай, “Рокашам”, “Вураем”. Палачане, гамяльчане, магіляўчане разам з лепяльчанамі зладзілі вялікі карагод пад акорды “Старога Ольсы”. Артысты некалькі разоў пажартавалі наконт спёкі, што панавала, маўляў, “варта залазіць у ваду па вушы, як гіпапатамы, і адтуль, з возера, будзе выдатна чуваць канцэрт”. На другое аддзяленне праграмы, пасля 17 гадзін, народу падыходзіла ўсё больш і больш.

Не засталося без увагі і возера Лепельскае, увазе ўдзельні­каў свята быў прадстаўлены прагулачны катар, цана дарослага білета — 40 тысяч рублёў, дзіцячага — 20 тысяч. Аднак найбольшай папулярнасцю карысталася катанне на ладдзі. Рэканструяваны карабель старажытных варагаў спецыяльна да свята прывезлі ў Лепель з Паставаў, цана білета — 20 тысяч рублёў.

Увесь дзень сонца прыгравала за +300с, і толькі дзіву даваўся, адкуль у людзей ставала сіл і імпэту! А ўначы з ня­дзелі на панядзелак набеглі хмаркі, зямлю паліў лёгкі дожджык, прыбіў пыл, злёгку астудзіў паветра. Падумалася, можа гэта Цмок Лепельскі даў такую міласць…

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: эпізоды свята.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.