З блінамі, мёдам усім народам адзначылі ў лепельскім Баброве Масленіцу

image (1) У Баброве зноў адзначылі Масленіцу. Традыцыя адзначаць светлае веснавое свята ўжо трывала ўкаранілася ў вёсцы. Масленіцу тут сустракаюць не ўпершыню.
Была нядзелька, а таму ў мясцовай бібліятэцы-музеі Язэпа Мароза сабраліся не толькі свае, вясковыя, але і прыезджыя, з горада, шмат прыйшло дзяцей.
Сардэчна запрасіла гасцей у хату прыбраная ў нацыянальныя строі гаспадыня бібліятэкі Таццяна Пшанко. Расказала пра кожны дзень масленічнага тыдня — што ён абазначае ды аб чым сведчыць. І асабліва падрабязна распавяла пра апошні — Даравальную нядзелю.
А затым пайшлі ў клуб гуляць. Задушэўнымі народнымі песнямі сустрэлі народ работнікі СДК Таццяна Паранок, Кацярына Рымарава. Рулялі ў “Ручаёк”, у “Калечка-калечка” ды іншыя абрадавыя гульні, гукалі вясну, вучыліся танцаваць барыню, вальс. Актыўна ўдзельнічалі ў гуляннях як маленькія дзеткі, так і падлеткі Валодзя Галай, Вераніка і Славік Арловы, Юля Асіпёнак, Лена Пліско, Паліна Жлоба і іншыя.
Разгуляліся, што і не заўважылі, як хутка праляцеў час. А ў бібліятэцы ўжо чакалі гарачанькія бліны з мёдам і гарбатай. Масленічных пачастункаў хапіла ўсім.
Масленіцай у Баброве засталіся задаволеныя і дзеці, і дарослыя.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Масленіца ў Баброве.

image image (3) image (2)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.